Вы тут

Шматдзетная балерына Ірына Яромкіна: Я заўсёды марыла быць мамай


Пра дзяцей, анёла-ахоўніка і свабоду выбару сваёй будучыні.

Балерына — шматдзетная мама — выпадак, напэўна, унікальны. Асабліва для беларускага балета. Сёння Ірына ЯРОМКІНА — заслужаная артыстка Беларусі, выканаўца галоўных партый у сусветна вядомых спектаклях, сярод якіх «Спартак», «Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера», клапатлівая маці Максіма, Ксюшы і Каці і ўважлівая дачка. Глядзіш на яе — і не разумееш: як такая вытанчаная (але пры гэтым моцная) жанчына ўсё паспявае: сумяшчаць жыццё на сцэне і ў сям'і? А яна потым прызнаецца ў размове, што ніколі не марыла пра славу і заўсёды ведала: «Калі Бог даў дзіця, значыць, так трэба...»


«Ніколі не думала пра аборт»

— У свеце балерын — шматдзетных мам адзінкі, — расказвае Ірына. — Вельмі часта жанчыны балета не рашаюцца нават на адно дзіця і адкладаюць асабістае жыццё «на потым». Узнікае страх прапусціць вялікі тэрмін, выйсці з формы. І наогул балет вельмі моцна зацягвае, ад яго складана адарвацца. Асабліва ў той час, калі кар'ера ідзе ў рост. У гэты перыяд пакінуць усе свае мары і амбіцыі і пераключыцца на нараджэнне дзіцяці вельмі складана.

У нас тут ужо прывыклі да маёй гісторыі (усміхаецца). Але калі знаёмлюся з кімсьці, то, вядома, заўважаю некаторае здзіўленне. Іншым і з адным дзіцем цяжка, а тут тры...

Так, бывае складана. Але трэба пацярпець, пачакаць. Калі дзеткі маленькія, то, вядома, і па начах недасыпаеш, і перад спектаклем не дадуць табе адпачыць, але яны растуць, і з часам з імі можна дамовіцца.

Аднойчы я зразумела: не змагу зрабіць аборт, мне нават думаць пра гэта страшна. Калі жанчыне далася магчымасць стаць маці, то значыць, так трэба. І нават калі яна не планавала гэтае дзіця, ёй складана і страшна, усё адно не мае права яго забіць. Я падыходжу да гэтага па-філасофску і лічу, што ў кожнага, хто нараджаецца на свет, ёсць свая місія.

«Матуля — мой анёл-ахоўнік»

— Мая мама — настаўнік пачатковых класаў і наогул актывістка па жыцці. Яна заўсёды хацела, каб мы з братам паспрабавалі сябе ў розных сферах. Калі мне было 10 гадоў, мама выпадкова наткнулася на аб'яву ў газеце аб наборы ў харэаграфічны каледж. Хоць я не займалася танцамі тады наогул і балет бачыла толькі па тэлевізары, мы вырашылі паспрабаваць. І я паступіла.

Потым была вучоба — вельмі складаная маральна. Для мяне з'ехаць ад бацькоў, адарвацца ад мамы ўжо было цяжка. Але яна заўсёды мяне падтрымлівала: прыязджала да мяне, дапамагала з вучобай, начавала са мной у інтэрнаце. Мама побач і цяпер. Яе падтрымку я адчуваю ўсё сваё жыццё і разумею: мамам трэба давяраць, яны дрэннага не параяць.

Не думала, што кар'ера складзецца так удала. Калі вучылася, у нас былі свае лідары — таленавітыя дзяўчаткі, якім усё давалася проста. Я займалася і не добра, і не дрэнна. Але ў мяне не было той вялікай мары стаць вядомай балерынай. А менавіта гэта і дапамагае ўпарта працаваць. Напэўна, я была больш жанчынай, чым балерынай. Ужо ў 15—16 гадоў я думала пра тое, што аднойчы ў мяне будзе свой дом і шмат дзяцей. Але потым, пасля нараджэння сына, мяне сталі заўважаць у тэатры. Я адчула сваю сілу і пачала думаць, што, магчыма, змагла б больш. Тады з'явілася мара станцаваць «Жызэль», у «Шчаўкунку». Увесь гэты час, нават калі я ў сабе сумнявалася, у мяне верыла мая мама. Яна казала: «Ты паспрабуй, а раптам атрымаецца». Матуля — мой анёл-ахоўнік.

«У тэатры не ведалі, што я цяжарная трэці раз»

— Калі была цяжарная трэці раз, дачкой Кацяй, у тэатры не ведалі аж да пятага месяца, — успамінае Ірына. — Пры гэтым я працягвала танцаваць. Заўсёды была пад наглядам урача, які казаў, што для дзіцяці мае фізічныя нагрузкі нават карысныя. Дрэнна я магу зрабіць толькі сабе, так як звязкі становяцца слабымі.

Найбольш марудна я прыходзіла ў форму пасля першых родаў. Тады з Максімам прапусціла каля дзевяці месяцаў. А з Ксюшай усё было інакш: я займалася ўжо праз паўтара месяца пасля нараджэння дачкі, а праз тры — выступала на сцэне.

Было складана, у сваю ранейшую форму я яшчэ не прыйшла. Я карміла грудзямі, і калі разумела, што падчас спектакля з'яўляецца малако, становіцца цяжка танцаваць, сцэджвала яго за сцэнай.

Балетны век вельмі кароткі, каля 20 гадоў працы. І калі праседзець з кожны дзіцем па тры гады, то няма сэнсу ісці ў гэтую прафесію.

«Сын павінен быў выбраць свой шлях сам»

— Калі ў мяне быў толькі Максім, ён хадзіў у школу і было, вядома ж, цяжка. Тэатр забіраў вельмі шмат часу, але праца была цікавая, мяне зацягвала. Я нарадзіла сына ў 20, таму, зразумела, мне хацелася працаваць. І я дамаўлялася з Максімам, што ён павінен быць самастойным. Ён прывык вучыць вершы толькі са мной, гісторыю — таксама са мной. У яго слыхавая памяць: я чытаю, і ён запамінае. Мы рабілі гэтыя ўрокі з ім позна ўвечары, калі я вярталася дамоў пасля спектакляў.

Я заўсёды магла здацца на сына. І не толькі ў вучобе. Перад выхадам з дому ён заўсёды правяраў, ці ўсё выключана, закрыта. Ён разумеў, што мама зарабляе грошы, што трэба некаторыя рэчы рабіць самому. Так, у мяне былі згрызоты сумлення, што я не сяджу з ім цэлымі вечарамі над урокамі, што ён не выдатнік. Але потым зразумела, што так нават лепш. Максім — мужчына, ён павінен быць самастойным і адказным. Сёння я дакладна ведаю: ён не прападзе ў жыцці.

Ці думала я пра тое, каб мае дзеці таксама звязалі сваё жыццё з балетам? Так. За сынам я назірала з 3—4 гадоў: як ён скача, як гнецца, ці можа сесці на шпагат. Але ў яго, на жаль, не было даных. А ламаць дзіця і ўнушаць яму, што ты ўсё роўна павінен гэтым займацца, бо ў цябе мама балерына, я не хацела.

Максім павінен быў выбраць свой шлях сам. Зараз ён студэнт Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Ксюшы, ёй на днях споўнілася 6 гадоў, усё даецца лёгка. Фізічна яна створана для балета. Але я таксама даю дачцэ права выбару: яна займаецца маляваннем, танцуе, спявае. Быў калісьці перыяд, калі яна праводзіла ў тэатры разам са мной шмат часу. Пераглядзела амаль увесь рэпертуар, добра ведае балетныя спектаклі. Нават зараз, калі пачуе музыку, можа з ходу вызначыць, з якой яна пастаноўкі. Да таго, каб зразумець оперу і балет, трэба ісці паступова. Пачынаць з лёгкага для ўспрымання спектакля і рухацца далей. Я вельмі хвалявалася, ці зразумее Ксюша оперу. Ёй вельмі спадабаўся «Турандот», бо ён як казка, а вось больш філасофскія пастаноўкі пакуль не прыцягваюць.

Старэйшы сын таксама часта бываў у мяне на працы. Памятаю, ён вельмі любіў усіх смяшыць. Быў выпадак, Максіму тады споўнілася 4 гады, ён сядзеў у нас на рэпетыцыі, якую вёў Юрый Траян. Раптам устаў, падышоў да яго і спытаў: «А можна я да вас на каленкі сяду?» Юрый Антонавіч сказаў: «Ну, сядай». Максім сядзеў, сачыў за рэпетыцыяй і заўважыў, што канцэртмайстар уступае пасля кожнага «І-і-і», якому папярэднічаюць заўвагі кіраўніка балетнай трупы. Сын дачакаўся, пакуль Юрый Антонавіч зноў скажа сваё слова, і сам закрычаў: «І-і-і». Мы вельмі смяяліся...

«Калі мы разам, нам ніколі не бывае сумна»

— Як толькі з'яўляецца вольны час, я праводжу яго з дзецьмі. Нядаўна з дочкамі адпачывалі ў аквапарку — вельмі спадабалася. З Ксюшай зімой хадзілі на каток, часам бываем у цырку. Кожны вечар перад сном катаемся на веласіпедах. Стане цёпла — будзем купацца ў возеры. А яшчэ мы можам проста праваляцца ўвесь вечар дома. Уключаем мульцікі, бяром смачную ежу, забаўляемся. Калі мы ўсе разам, нам ніколі не бывае сумна.

Нам вельмі пашанцавала: у нас прыватны дом і свой участак. Для дзяцей ёсць вялікая пляцоўка. Я магу быць дома, займацца справамі, а дзеці будуць гуляць на дварэ, але я за іх спакойная. Яны побач, іх заўсёды можна бачыць у акно. Вось сёння ўсталюем батут — падарунак Ксюшы на дзень нараджэння. Будзе весела!

Безумоўна, я вельмі сумую па іх, калі з'язджаю на гастролі. Але цяпер гэта не праблема: заўсёды быць на сувязі. Дзеці застаюцца з маёй маці, і я за іх спакойная.


Сакрэт добрай формы ад балерыны Ірыны Яромкінай:

— У балерын, як і сярод усіх жанчын, ёсць тыя, хто схільны да паўнаты. І мне здаецца, што тое, што я зараз скажу, адносіцца да нас усіх. Калі ў мяне будзе сядзячая праца, я буду сытна есці тры разы на дзень, злоўжываць салодкім і мучным, арганізм, вядома, пачне набіраць вагу. Зніжаецца каларыйнасць ежы — ты худнееш. Але да гэтага трэба дадаць і фізічную нагрузку. У балерын яе шмат. Таму ў свой рацыён мы дадаём бялок, агародніну, складаныя вугляводы. Але ва ўсім патрэбна мера.

Цяпер я проста імкнуся слухаць свой арганізм. І дзецям сваім кажу: «Не хочаш — не еш». Часам мы, напрыклад, купляем марозіва толькі таму, што цяпер горача, а яно халоднае. А калі прыслухацца да арганізма, то, магчыма, вам яго і не хочацца.

Ганна БАГІНО

bаhіnо@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».