Вы тут

Уладзімір Андрэевіч. Валодзя...


Жывым — жывое. Мёртвым... Мёртвым — памяць. Толькі часам мы, жывыя, забываем пра тых, хто адышоў у вечнасць. Не, з памяці не выкрэсліваем, але нярэдка, калі з’яўляецца нагода, своечасова не кажам пра іх добрае слова. Так сталася і ў мяне з Уладзімірам Круком, з дня нараджэння якога 24 чэрвеня споўнілася 90 гадоў.


Уладзімір Крук, 1978 г.

Паўтаруся: 90 гадоў з дня нараджэння. А 65 гадоў таму ў газеце «Літаратура і мастацтва» быў змешчаны ягоны першы фотаздымак. У канцы 1957 года Крук стаў фотакарэспандэнтам «ЛіМа». Значыць, 60 гадоў назад. Праўда, у штат рэдакцыі «Літаратура і мастацтва» быў прыняты яшчэ ў канцы сакавіка 1951 года. Пасля таго, як дэмабілізаваўся з арміі, аддаўшы ёй сем гадоў. У «ЛіМ» жа быў узяты шафёрам. Як прыгадвае адзін з галоўных рэдактараў штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» Мікола Гіль, «тады ў “ЛіМе” была, дайце веры, і свая машына, і адзінка шафёра, вазіў супрацоўнікаў на карычневым, гарбатым яшчэ “Масквічыку” ў камандзіроўкі, на дзяжурствы ў друкарню і з дзяжурстваў дадому, і. г. д.» А потым... Зноў слова М. Гілю: «Набыў Уладзімір фотаапарат, а гэта была “палучка” чырвонага байца за сем гадоў службы, і пачаў паціху, патроху здымаць. Вось так пакрысе, выконваючы сваю шафёрскую работу, авалодаў фотарамяством. Фотакарства за “баранкай” праз пэўны час стала прафесіяй, ён цалкам аддаваўся любімай справе, і яна стала мэтай ягонага жыцця».

Увогуле ж, стаж фотарэпарцёрскай работы ва Уладзіміра Андрэевіча быў большы за 45 гадоў. У верасні 1992 года (яшчэ адна «юбілейная» дата) стаў фотакарэспандэнтам часопіса «Тэатральная Беларусь», які пазней называўся «Тэатральная творчасць». Канчаткова на заслужаны адпачынак пайшоў толькі ў кастрычніку 1999 года. Дарэчы, некаторы час у гэтай рэдакцыі па сумяшчальніцтве працаваў і я, трымаючы гэта ў такім сакрэце, што ў «ЛіМе» ніхто і не здагадваўся. Не ў апошнюю чаргу таму, што ўмеў трымаць язык за зубамі Крук, з якім мы на гэты час ужо даўно сябравалі. Нягледзячы на вялікую розніцу ў гадах: ажно 19.

Дакладна і прыгадаць не магу, як мы зблізіліся. Бадай, ці не праз тое, што некаторыя тагачасныя супрацоўнікі штотыднёвіка маё з’яўленне ў рэдакцыі ўспрынялі прыходам правінцыяла. «Раёншчык», — сёй-той казаў, надта не хаваючыся. Ды каб жа самі гэтыя «сталічныя эстэты» штосьці значнае напісалі! А вось менавіта Уладзімір Андрэевіч аказаўся адным з нямногіх, хто ўспрымаў усё прыязна. Таму паступова і пачалі складвацца паміж намі добрыя стасункі.

Асабліва прыязнымі сталі пасля таго, як Крук набыў «Волгу». У самога Івана Мележа купіў! Нярэдка на гэтай «Волзе» некалькі чалавек, сярод якіх абавязкова быў і я, выбіралі ў горадзе якуюнебудзь сталоўку і ехалі абедаць. Яшчэ ж праз некаторы час пачалі ездзіць з Уладзімірам Андрэевічам у камандзіроўкі, часцей — на ягонай жа «Волзе». Паколькі ж тады камандзіроўкі давалі на некалькі дзён, а мы спраўляліся за адзін, то грошай на бензін ставала, хоць і выбіраліся далёка ад сталіцы…

Тыя сумесныя паездкі з Уладзімірам Андрэевічам былі карысныя тым, што дазвалялі лепш спазнаць жыццё. Адна справа, калі едзеш аўтобусам: «прывязаны» да пэўнага раскладу. Калі хто і аказваўся пры такіх паездках у нявыгадным становішчы, дык сам Крук. Збіралася шмат цікавых тэм, фактаў, я пісаў вялікія матэрыялы, і ў выніку ў газеце заставалася мала месца для фотаздымкаў. Так было і тады, калі мы наведаліся ў Гудзевіцкую сярэднюю школу, дзе працаваў выдатны педагог Алесь Белакоз, які вельмі шмат зрабіў для беларускай культуры. Нават музей стварыў. Музеем стала і старая сялянская хата. Без экспанатаў, бо сама па сабе з’яўлялася экспанатам. У якасці ілюстрацыі да гэтага матэрыялу ў «ЛіМе» быў змешчаны толькі яе здымак. І ініцыятарам гэтай паездкі быў Уладзімір Андрэевіч. Дарэчы, мы з Круком першымі так шырока расказалі пра Белакоза.

Анатоль Вярцінскі. Фота У. Крука

Уладзімір Андрэевіч умеў знаходзіць цікавых людзей. Найперш тых, хто плённа працаваў на ніве беларускасці. Ён пазнаёміў мяне і з Уладзімірам Пузынем — выдатным майстрам беларускіх народных музычных інструментаў, які, на жаль, колькі гадоў таму заўчасна пайшоў з жыцця. Некаторыя народныя інструменты У. Пузыня вярнуў з небыцця, сам вырабляў жалейкі, дудкі, трубы, а ў адным з пакояў інтэрната цяперашняга Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў стварыў музей беларускіх старажытных музычных інструментаў «Беларуская хатка». І пра Пузыню даводзілася пісаць, і пра гэтую «хатку».

Уладзімір Крук першым выказаў ідэю расказаць пра харэаграфічны ансамбль «Харошкі», які на той час рабіў нясмелыя крокі. У гэтага матэрыяла, дарэчы, быў цікавы працяг. Пры сустрэчы Валянціна Гаявая шмат расказвала пра свой калектыў, а Мікалай Дудчанка быў нешматслоўны. Таму частку яе слоў я «ўпісаў» у ягоныя вусны. Як жа здзівіўся, калі падобны матэрыял пра «Харошкі» зрабіла і адна карэспандэнтка БелТА. Наўрад ці сустракалася яна з кіраўнікамі калектыву, бо ў вусны Дудчанкі былі ўкладзены тыя ж словы, што і ў маім матэрыяле.

Працаздольнасць Уладзіміра Андрэевіча здзіўляла. Ён хадзіў на ўсе тэатральныя прэм’еры (падкрэслю: на ўсе!) і ўжо назаўтра прапаноўваў здымкі ў нумар. Без ягонага ўдзелу не абыходзілася ніводнае літаратурнае свята. Не кажучы пра з’езды пісьменнікаў, пленумы, вечары ў Доме літаратара. І нават з пасяджэнняў творчых секцый даваў здымкі. У яго была ўнікальная фотатэка: дзясяткі, сотні фотаработ, велізарная колькасць праяўленых негатываў… Да яго звярталіся супрацоўнікі многіх рэдакцый, калі патрэбна было фота якога-небудзь пісьменніка-юбіляра. Нікому не адмаўляў, кожнаму даваў неабходны здымак. Ягонымі паслугамі карысталіся і супрацоўнікі энцыклапедый, складальнікі розных анталогій, калектыўных зборнікаў. Звярталіся па дапамогу нават з Масквы, Ленінграда, са сталіц саюзных рэспублік.

Здавалася б, за такую тытанічную працу павінна была б быць і належная пашана. Многія яе, вядома, выказвалі, але далей за словы справа не ішла. Ніякіх узнагарод Уладзімір Андрэевіч так і не дачакаўся.

Сам жа Крук за сябе не ўмеў прасіць. Дый не хацеў. Хоць я неяк і намякнуў яму пра гэта. Тым больш і нагода з’явілася. Уладзімір Андрэевіч якраз зрабіў вялізны фотаальбом тагачаснаму сакратару ЦК КПБ Аляксандру Кузьміну. Дзясяткі здымкаў. Прыстойны альбом. Аляксандр Трыфанавіч, як вядома, адказваў за пытанні ідэалогіі, таму пытанне з узнагародай можна было вырашыць...

Кожны рабочы дзень ранкам я ўспамінаю яго. Дый як не ўспомніць, калі, ідучы ў свой кабінет, міжволі спыняюся каля суседняга. Цяпер у ім знаходзіцца аддзел вытворчасці Рэдакцыйна-выдавецкай установы «Звязда». Раней у гэтым кабінеце была фоталабараторыя. Ужо і не памятаю, ці была на ёй шыльда. Бадай, і не: рэдка ў лабараторыю, апроч яе гаспадара, хто і заходзіў. Я ж наведваўся рэгулярна. Надта добра было пры святле чырвонага ліхтара — пры такім святле, як вядома, некалі праяўляліся плёнкі, рабіліся здымкі — нетаропка пагаварыць…

Мікола Аўрамчык, Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў. Фота У. Крука.

Міжволі прыгадваю Крука і тады, калі праходжу па рэдакцыйным калідоры. Ледзь не ля самай столі вісяць партрэты Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага. Гэтыя вялікія здымкі рабіў Уладзімір Андрэевіч. Абяцалі заплаціць. Атрымалася, што бясплатна. Ды грошай у рэдакцыі не знайшлося. Працаваць бясплатна яму было не прывыкаць. Каму толькі ні дарыў ён здымкі! Бралі як штосьці звычайнае, забываючы, што за імі — фотаматэрыялы: плёнка, папера, праяўляльнікі. І час.

Знайшліся ахвотныя папракнуць Крука і з іншай прычыны. Маўляў, выконвае розныя заказы, карыстаючыся фотаматэрыяламі, якія вылучае яму рэдакцыя. Было гэта яшчэ на пачатку маёй працы ў «ЛіМе». Моцна пакрыўдзіўся тады Уладзімір Андрэевіч. Так пакрыўдзіўся, што прозвішча таго галоўнага рэдактара, пры якім усё гэта адбылося, і чуць не хацеў.

Успомніў Уладзіміра Крука, і адразу лягчэй стала на сэрцы. Як бы там ні было, а ён чалавек з маёй біяграфіі. Уладзімір Андрэевіч, ці проста Валодзя.

Алесь МАРЦІНОВІЧ.

Фота з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

Каментары

Дзякуй вялікае за памяць, цеплыню і добрыя словы аб маім бацьку.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.