Вы тут

Чвэрць стагоддзя дыпламатычным адносінам з Расіяй


25 чэрвеня 2017 года споўнілася дваццаць пяць гадоў з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь. Гэтай даце была прысвечана сумесная заява міністраў замежных спраў Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. У ёй ацэньваецца гісторыя супрацоўніцтва дзвюх усходнеславянскіх краін і разглядаецца шырокі спектр сумесных падыходаў да найважнейшай міжнароднай праблематыкі.


Беларуска-расійскія адносіны расцэньваюцца як адносіны стратэгічнага саюзніцтва, якія адпавядаюць чаканням народаў нашых краін. І гэта сапраўды так. Гатоўнасць да збліжэння і цеснага супрацоўніцтва стала першараднай у рэалізацыі мноства пагадненняў, якія скарацілі дыстанцыю паміж двума братэрскімі народамі да ўзроўню, які больш звыклы ў параўнанні з сітуацыяй канца 1991 года, калі беларусы і расіяне аказаліся па розныя бакі новай граніцы. На гэты момант граніца мае больш сімвалічны характар, чым рэальны, што адпавядае чаканням беларусаў, сярод якіх да 80 працэнтаў маюць сваякоў на расійскай тэрыторыі.

Асаблівы акцэнт у заяве зроблены на рэгіянальную спецыфіку. Як адзначаецца, «усё больш значным складнікам расійска-беларускіх сувязяў становіцца ўзаемадзеянне паміж суб'ектамі Расійскай Федэрацыі і адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі ўтварэннямі Рэспублікі Беларусь. Наглядным сведчаннем агульнай зацікаўленасці ў нарошчванні такіх кантактаў з'яўляецца рэгулярнае правядзенне Форумаў рэгіёнаў Беларусі і Расіі». Сапраўды, і па гэтым аспекце лідарства, несумненна, належыць беларускаму боку. Менавіта беларускі Прэзідэнт з 1994 года зрабіў адной з самых галоўных сваіх задач паездкі па рэгіёнах Расіі, тым самым дапамагаючы беларускім прадпрыемствам захаваць рынкі збыту і размяшчаючы заказы на расійскіх прадпрыемствах, якія пастаўляюць камплектуючыя ў Беларусь. Расія толькі ў апошнія гады робіць акцэнт на індустрыялізацыі эканомікі і шкадуе пра страчаныя ў 1990-х гадах прамысловыя
прадпрыемствы. Але калі б гэтых паездак у 1990-я не было, а інтэграцыя Беларусі і Расіі не адбылася, шкадаваць давялося б пра значна большы аб'ём страчанага прамысловага патэнцыялу.

Значнае месца ў заяве нададзена рэалізацыі ініцыятывы «інтэграцыі інтэграцый». Менавіта ў ёй кіраўніцтву абедзвюх дзяржаў бачыцца эканамічная перспектыва пераадолення штучных бар'ераў і жалезных заслон, якія падзяляюць дзве часткі Еўропы. На жаль, падзеі на ўкраінскай тэрыторыі істотна знізілі магчымасці абмяркоўваць і дамаўляцца аб стварэнні ў будучыні адзінай эканомікі ад французскага Брэста да расійскага Уладзівастока. Але і Масква, і Мінск не страчваюць надзею на тое, што аднойчы ўсё ж атрымаецца прыйсці да рэалізацыі лагічнай мэты — звязаць у адной эканамічнай прасторы тэхналогіі ЕС і рэсурсы ЕАЭС, што надасць абодвум бакам новыя магчымасці для развіцця.

Як адзначаецца ў заяве, «нашы краіны арыентаваны на ўмацаванне цэнтральнай каардынуючай ролі ААН у забеспячэнні міру, бяспекі і ўстойлівага развіцця, далейшае павышэнне эфектыўнасці яе дзейнасці». Сапраўды, адной з сучасных праблем ва ўрэгуляванні канфліктаў на сусветнай сцэне з'яўляецца відавочная супярэчнасць паміж дэклараванай цэнтральнай роляй ААН і міжнароднага права і аднабаковымі дзеяннямі асобных магутных краін, якія адкрыта грэбуюць і тым, і іншым. Аднабаковыя санкцыі ў абыход інструментаў ААН з'яўляюцца адным з найбольш непрыемных момантаў і для Беларусі, і для Расіі, наносячы шкоду нашым эканомікам.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца ў заяве імкненню да вырашэння ўсяго комплексу задач саюзнай інтэграцыі і двухбаковага ўзаемадзеяння ў мэтах садзейнічання ўстойліваму развіццю абедзвюх дзяржаў і росту іх аўтарытэту на міжнароднай арэне. Сапраўды, тое, што стала інтэграцыйным трэндам у пачатку ХХІ стагоддзя на прасторах былога СССР, упершыню на практыцы пачало фарміравацца ў сярэдзіне 1990-х паміж Расіяй і Беларуссю. У той час, калі ніхто не задумваўся аб практычных кроках па цесным збліжэнні Расіі і Казахстана, Расіі і Арменіі, Расіі і Кыргызстана, Масква і Мінск пачалі крок за крокам набліжацца адно да аднаго, прымаць усё новыя найважнейшыя дакументы, якія вырашаюць практычныя інтэграцыйныя задачы паміж дзвюма краінамі. Калі палітыкі дзвюх краін кажуць, што пры стварэнні ЕАЭС вялікая ўвага ўдзялялася вопыту стварэння і функцыянавання Саюзнай дзяржавы, тым самым яны падкрэсліваюць важнасць шляху, пачатага ў 1996 годзе з моманту станаўлення Саюзнай дзяржавы.

Сяргей Кізіма,

доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.