Вы тут

Як у Віцебску справілі Дзень горада


Чатыры дні ў Віцебску праводзілі мерапрыемствы, прысвечаныя Дню горада. Сёлета святкавалі 1043-ю гадавіну заснавання. Чарговыя імяніны, бадай, у першую чаргу запомняцца тым, што былі ўсталяваныя скульптуры казачных персанажаў.


У прыватнасці, на постсавецкай прасторы ўсе ведаюць Старога Хатабыча. Чалавек, які яго прыдумаў, — пісьменнік і паэт Лазар Гінзбург (псеўданім Лагін), — у 1903 годзе нарадзіўся ў Віцебску. У беднай яўрэйскай сям'і ён быў старэйшым з пяцярых дзяцей. Яго бацька займаўся перагонам плытоў па Заходняй Дзвіне.

Цяпер Хатабыча вышынёй каля 1,8 метра, якога выканаў вядомы віцебскі скульптар Сяргей Сотнікаў, можна ўбачыць насупраць Беларускага тэатра «Лялька». Артысты на цырымоніі прэзентацыі скульптуры пастараліся, каб казка стала явай. Вельмі хочацца спадзявацца, што будзе адноўлены і дом, дзе нарадзіўся «бацька» Старога Хатабыча. Ён знаходзіўся непадалёку ад таго месца, дзе ўсталявалі скульптуру, на былой Падзвінскай вуліцы (цяпер — Талстога). На сёння на месцы дома капітальных забудоў няма.

Журналіст «Звязды» ідэю аднаўлення дома Гінзбурга агучыў кіраўніку «Газпрама». І Аляксей Мілер канстатаваў, што яна цікавая. Упэўнены, калі ў гарвыканкаме падрыхтуюць афіцыйную прапанову з разлікам сумы фінансавання, знойдуцца ахвотныя інвеставаць.

Яшчэ адна новая скульптура, падораная Віцебску мясцовай уладай на імяніны, — «Рыбка». Усталявалі яе ў раёне ўпадзення ракі Віцьба ў Заходнюю Дзвіну. Аўтары ідэі згадалі, што Пушкін, які напісаў казку пра залатую рыбку, двойчы праязджаў горад. Плюс рыбалоўства — традыцыйны промысел тутэйшых. Цяпер у горадзе з'явілася яшчэ адно месца, дзе можна фатаграфавацца, куды будуць прыходзіць турысты. У роце рыбкі ключ з надпісам «Віцебск» і выявай герба горада. Скульптуру з матэрыялу «пад бронзу» вышынёй 2,3 метра зрабіў мясцовы творца Іван Казак.

Прыемным падарункам гараджанам стаў і новы тралейбусны маршрут №11. Дзякуючы яму можна ад чыгуначнага вакзала даехаць да новага «спальнага» мікрараёна «Медцэнтр» і наадварот.

Падчас святкавання ў горадзе прайшлі дзясяткі мерапрыемстваў. Можна было ўбачыць выстаўку «130 гадоў — 130 шэдэўраў» — рэтраспектыву творчасці Марка Шагала са збору музея. Другі раз прайшоў «ФотаКРОК» — конкурс фатаграфіі імя Сігізмунда Юркоўскага. Правялі акцыю да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і літаратурна-музычнае свята «Барадулінкі». Шмат гледачоў пабывалі на «Аўтарэтра» — выстаўцы аўтамабіляў, канцэрце-імправізацыі аўтарскай песні «Музыка віцебскіх вуліц». Традыцыйна папулярнымі сталі выстаўка-кірмаш работ мастакоў, народных майстроў, навучэнцаў.

На канцэртнай праграме «З Днём нараджэння, любімы горад!» губернатар Віцебшчыны Мікалай Шарснёў паведаміў: горад у 2020 годзе прыме абласныя «Дажынкі». І па добрай традыцыі напярэдадні будзе многае зроблена: рамонт і рэканструкцыя вуліц, паркаў, будынкаў і іншае.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Як у Віцебску справілі імяніны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».