Вы тут

Верхнюю палату наведалі прадстаўнікі Чавускага маладзёжнага парламента


Па словах Уладзіміра ПАНЦЮХОВА, старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, у Чавускім раёне ідэя ладзіць сустрэчы для актыву мясцовага самакіравання існуе даўно. Гэтым разам моладзь па запрашэнні старшыні камісіі наведала верхнюю палату беларускага парламента, дзе пабывала на экскурсіі, сустрэлася з парламентарыямі ад свайго раёна і нават атрымала магчымасць адчуць сябе сенатарамі, націснуўшы на кнопку ў авальнай зале Савета Рэспублікі.


Алег МАЦЮЛІН, старшыня Чавускага раённага Савета дэпутатаў, расказаў, што ў маладзёжны парламент пры Чавускім раёне ўваходзіць 30 дэлегатаў ад 14 да 31 года. У ім — прадстаўнікі прадпрыемстваў, аграгарадкоў і школ, у якіх не менш за 15 членаў БРСМ. Не радзей чым раз на два гады збіраецца сесія такога парламента, рашэнні якой носяць рэкамендацыйны характар. Затым іх даводзяць да ведама грамадзян, навучэнцаў, моладзі і дэпутатаў раённага Савета. Акрамя таго, маладыя людзі бяруць удзел у сесіях сваіх дарослых калег і таксама сустракаюцца з выбаршчыкамі. Сённяшні склад маладзёжнага парламента зусім «свежы» — у Чавускім раёне яго абралі сёлета ў студзені. На думку старшыні райсавета, такія дэпутаты могуць лепш бачыць праблемы на месцах і дапамагаць іх вырашаць на больш высокім узроўні. У чым, у прынцыпе, і заключаецца сутнасць мясцовага самакіравання.

Увогуле маладзёжны парламент — добрая школа для тых, хто збіраецца ўзяць
удзел у наступных выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў і не спыняцца на дасягнутым. «Наша задача — рыхтаваць маладых людзей для таго, каб яны працавалі надалей. Мы супрацоўнічаем з імі як з будучымі кандыдатамі ў Саветы дэпутатаў розных узроўняў. Гэта робіцца ў тым ліку для таго, каб падтрымаць іх аўтарытэт, — кажа Алег Мацюлін. — На жаль, наша моладзь часта бывае пасіўная, праяўляць сябе не кожны хоча. Таму мы на мясцовым узроўні імкнёмся заахвочваць любыя іх імкненні і ініцыятывы».

У сваю чаргу дэпутат Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Анатоль ХІШЧАНКА лічыць, што маладзёжны парламент рыхтуе будучых прафесіяналаў-заканадаўцаў: «У любой акрузе парламент — гэта першая ступень рэспубліканскага парламентарызму, а найвышэйшая ступень — гэта непасрэдна парламент».

Удзельнікі маладзёжнага парламента сустрэліся са старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзімірам Панцюховым, які расказаў, як стаў сенатарам, пра што ў дзяцінстве нават марыць не мог. «Стаўце перад сабой мэты і дасягайце іх, невялікімі крокамі штодзённа ідзіце па вызначаным шляху. Не спыняйцеся, рызыкуйце! Які сэнс мае наша жыццё, калі гэта не вечнае імкненне да лепшага?..», — звярнуўся парламентарый да моладзі.

Уладзімір Панцюхоў расказаў гасцям пра галоўны заканадаўчы орган нашай краіны, яго структуру і задачы, якія стаяць перад сенатарамі. Так, за пятае скліканне (з 2012 па 2016 год) Саветам Рэспублікі было адобрана 414 законапраектаў, з іх 3 кодэксы, і прынята да ведама 23 Дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Члены Савета Рэспублікі пры іх прыняцці робяць усё магчымае, каб законы былі справядлівымі і іх прызнавалі такімі людзі.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Дэпутатаў рыхтуюць... са школы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?