Вы тут

Асяроддзе для людзей з абмежаваннямі павінна быць паўсюль


Асяроддзе, даступнае для людзей з абмежаваннямі, — патрабаванне, з якім сёння сутыкаецца кожны сучасны населены пункт. У наш час яно становіцца амаль такім жа абавязковым, як вада, каналізацыя і электрычнасць. І, дарэчы, датычыцца яно не толькі людзей з інваліднасцю. Ніхто не застрахаваны ад таго, што ў нейкі перыяд жыцця можа страціць мабільнасць і здольнасць самастойна перасоўвацца. Прыступкі ў доме без ліфта могуць стаць непераадольнай перашкодай і для пажылога чалавека, і для маладой мамы з каляскай, і для таго, хто атрымаў траўму. Так што мерапрыемствы па стварэнні даступнага асяроддзя могуць аказацца патрэбнымі ўсім.


Фота БЕЛТА

— Фарміраванне безбар'ернага асяроддзя ў нашай краіне пачалося ў 2007 годзе, — адзначае начальнік упраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Анатоль Ражанец. — Цяпер сфарміраваны цэлы комплекс тэхнічных нарматыўных прававых актаў (тэхнічныя кодэксы, дзяржаўныя стандарты, тэхрэгламенты, тэхнічныя ўмовы), які дазваляе пры праектаванні будынкаў выконваць базавыя нормы па стварэнні безбар'ернага асяроддзя. Гэтыя патрабаванні абавязковыя для ўсіх арганізацый, якія ажыццяўляюць распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі.

У Дзяржаўнай праграме аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016—2020 гады маюцца падпраграмы «Папярэджанне інваліднасці і рэабілітацыя інвалідаў», «Безбар'ернае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб» і «Сацыяльная рэабілітацыя інвалідаў і пажылых грамадзян». Усе яны накіраваны на стварэнне ўмоў, якія забяспечваюць магчымасць бесперашкоднага перамяшчэння (пешшу, на транспарце, на калясцы і г. д.), доступу (у жылыя дамы, аб'екты адпачынку, медабслугоўвання і інш.) і атрымання поўнага комплексу паслуг.

— І калі раней галоўным было стварэнне безбар'ернага асяроддзя, то зараз мы гаворым пра любую даступнасць — інфармацыйную, адукацыйную і іншую, — сцвярджае член Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна Старынская. — Хачу сказаць, што мы даволі хутка рухаемся ў гэтым кірунку. Сёння забеспячэннем даступнасці займаецца шэраг міністэрстваў: і Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, і Міністэрства ЖКГ, і Мінінфармацыі, Мінкультуры, Мінадукацыі... І новы будынак не прымаецца, калі там не забяспечана безбар'ернае асяроддзе. Іншая справа, што ў нас праблема №1 — жыллё, якое было пабудавана раней, у першую чаргу хрушчоўкі. Там забяспечыць доступ вельмі складана. Складана прыбудаваць пандус, таму што тратуар невялікі, а вугал, які па норме не павінен перавышаць 15 градусаў — сыходзіць на праезную частку. Таму ў краіне практыкуецца перасяленне інвалідаў (вядома, па іх жаданні) на першыя паверхі. Але за ўвесь час маёй працы ў сацыяльнай службе Першамайскага раёна Віцебска (а гэта 10 гадоў) ні адзін чалавек з інваліднасцю не пагадзіўся перасяліцца на першы паверх. І я не чула пра такія выпадкі ў іншых раёнах.

Як выходзяць з сітуацыі? Ёсць дамы, дзе робяць адкідныя пандусы на працягу 3—4 паверхаў, але яны небяспечныя і замінаюць іншым людзям. У Віцебску, напрыклад, фарміраваліся атрады маладых людзей, будучых спартсменаў, якія дапамагалі перамяшчацца людзям у інваліднай калясцы. Але гэта не выйсце з сітуацыі, вядома...

Другі момант, на які звяртае ўвагу Таццяна Старынская, — псіхалагічны. На сённяшні дзень грамадства псіхалагічна прыняло людзей з інваліднасцю, і гэта вялікі крок наперад. Але не ўсе гэтыя людзі самі прымаюць сябе. «Спецыялісты сацыяльных службаў адзначаюць, што інваліды-калясачнікі — самая складаная катэгорыя, — кажа Таццяна Старынская. — З імі цяжка працаваць, іх цяжка выцягнуць кудысьці. У іх шмат прэтэнзій, шмат хто з іх лічаць сябе ахвярай... Таму нам трэба псіхалагічна працаваць з імі і з іх сваякамі, блізкім асяроддзем. Абавязкова трэба больш увагі ўдзяляць асяроддзю. Калі сярод блізкіх ёсць інвалід — сям'і трэба дапамагчы адаптавацца да гэтага».

— І не трэба забываць аб прынцыпе «калі хочаш, то можаш», — упэўнена дэпутат. — Мы ў Віцебску спрабавалі выцягнуць хлопцаў — інвалідаў-калясачнікаў са сваіх кватэр: выбудавалі маршруты, як можна перасоўвацца ад аднаго значнага аб'екта да другога. Прасачылі, наколькі рэальна іх выкарыстоўваць. Нам дапамагаў у гэтым інвалід-калясачнік, які працуе ў адным з тэрытарыяльных цэнтраў сацабслугоўвання. Мы сабралі невялікую групу, і гэты хлопец паказаў маршруты і дапамог асвоіць іх. Але другі раз група ўжо не сабралася: ахвотных не было... Хоць, напрыклад, у ТЦСАН Першамайскага раёна Віцебска працуе пара — абое інваліды-калясачнікі. Яны і вандруюць, і ўдзельнічаюць у розных спаборніцтвах і канцэртах (танцуюць на калясках). Таму, калі ёсць жаданне, — усё можа атрымацца. Але гэтага павінен захацець сам чалавек.

Дзяржава ставіць перад сабой шмат задач, адзначаюць эксперты. Яна пастаянна закладвае сродкі на прыстасаванне будынкаў, адкрыццё новых працоўных месцаў для інвалідаў, іх адаптацыю да працоўнай дзейнасці. Але, вядома, да ідэалу нам яшчэ далёка. Праблема даступнага асяроддзя вельмі маштабная, паколькі інфраструктура любога горада, населенага пункта ўключае ў сябе каласальную колькасць аб'ектаў самага рознага прызначэння, архітэктурна-планіровачных і канструкцыйных асаблівасцяў, розных формаў уласнасці і ведамаснай прыналежнасці...

Для тых, хто мае патрэбу ў даступным асяроддзі, няма дробязяў

А што кажуць аб праблеме самі людзі, якія маюць абмежаванні? «Мы прайшлі значны шлях па стварэнні нарматыўнай базы. Яна досыць добрая. Поўнае і няўхільнае выкананне ўсіх патрабаванняў у архітэктуры і будаўніцтве дазволіць закрыць пытанне», — упэўнены дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.

Але нядаўна, паводле яго слоў, у грамадскія арганізацыі прыйшоў для ўзгаднення новы праект Кодэкса ўстойлівых правілаў, якія выкарыстоўваюцца ў архітэктуры і будаўніцтве (па сутнасці, гэты кодэкс з'яўляецца зборнікам нормаў па даступнасці).

— У яго праекціроўшчыкі ўнеслі шэраг змяненняў, якія перакрэсліваюць практычна ўсе дасягненні апошніх гадоў і адкідаюць нас на 20 гадоў назад, — сцвярджае наш суразмоўца. — У прыватнасці, яны прапанавалі вызначыць месцы, дзе бываюць асобы з інваліднасцю. Гэта значыць, на іх думку, ёсць месцы, дзе такія людзі могуць бываць, і ёсць — дзе іх быць ніяк не можа. Але хто і як гэта будзе вызначаць? Любы забудоўшчык потым можа сказаць: тут не прадугледжваюцца такія людзі. Мы настойваем на тым, што ні ў кога няма права прымаць рашэнне, куды ісці інваліду, а куды не, акрамя яго самога.

На цяперашні момант усе грамадскія арганізацыі заявілі аб катэгарычным непрыманні гэтага праекта і прапанавалі сабрацца і абмеркаваць не гатовы праект, а яго канцэпцыю.

Другое вялікае пытанне, якое паднімаюць людзі з інваліднасцю, — гэта кантроль. Сяргей Драздоўскі сцвярджае, што ў краіне да гэтага часу ўводзяцца будынкі, якія не адпавядаюць прапісаным нормам. «Напрыклад, пабудавалі пандусы, якія кожны можа ўбачыць, паставілі ліфт — а далей пачынаюцца праблемы і цяжкасці, — тлумачыць ён. — Адсутнасць спецыяльнай прыбіральні ў офісным будынку, недаступнасць многіх месцаў... Нярэдка той, хто падняўся па пандусе, усё ж такі не ў стане папасці ў будынак: шырыня дзвярэй не адпавядае нарматывам, альбо знаходзяцца яшчэ прыступкі, падняцца па якіх чалавек ужо не можа. Таму я зараз вяду гаворку аб поўным і ўсямерным выкананні ўсіх нормаў і патрабаванняў».

— У цэлым па краіне сітуацыя мае пазітыўнае развіццё. Вулічная дарожная інфраструктура мяняецца ў лепшы бок. Але ўсё ж з даступнасцю яшчэ шмат праблем.

У маленькіх мястэчках сітуацыя, калі інвалід сядзіць у чатырох сценах, абумоўлена не тым, што ён такі лянівы, — упэўнены Сяргей Драздоўскі. — Проста куды яму выходзіць, калі ён ведае, што праз 20 метраў сутыкнецца з бардзюрам, які не зможа пераадолець? Ці калі невідушчы чалавек праз 50 метраў стукнецца аб галінку, якая не была зрэзана па патрэбных нарматывах, або натыкнецца на сметніцу, якая стаіць пасярод дарожкі... Здавалася б, дробязі. Але гэта для здаровых людзей. Для тых, хто мае патрэбу ў даступным асяроддзі, няма дробязяў. Можна пабудаваць тры кіламетры нармальнай дарогі, а потым на шляху з'явіцца бардзюр — і ўсё акажацца марным. Пакуль у нас не было ніводнага прэцэдэнту, каб мясцовыя ўлады (а яны абавязаны гэта рабіць па законе) дапамаглі ў рэканструкцыі прыватнага дома, каб зрабіць яго даступным.

— Наогул, калі з чалавекам, які пражывае дзесьці ў рэгіёне, нешта здарылася, і ён аказаўся маламабільным, у яго адразу з'яўляецца шмат праблем. Адна з галоўных — няма даступнага транспартнага забеспячэння, — тлумачыць дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю. — Каб з'ездзіць у райцэнтр, трэба заказваць машыну за свае сродкі. Мы ведаем сітуацыі, калі інваліды заказваюць машыну, каб з'ездзіць за 100 км у бальніцу і прайсці абследаванне.

Але ж чалавеку з інваліднасцю не проста пагуляць на вуліцы трэба, яму хочацца ўключыцца ў звычайнае жыццё. А гэта значыць, атрымаць адукацыю, знайсці працу. І без даступнага транспарту мы ніяк з гэтым не справімся. Калі чалавек з інваліднасцю ўладкуецца на працу, на яе трэба кожны дзень неяк дабірацца...

У Мінску ўжо 70% аўтобусаў з'яўляюцца даступнымі — нізкападлогавымі. Але гэтага недастаткова. Транспарт павінен яшчэ быць абсталяваны адкіднымі платформамі. Аўтобус не можа стаць ушчыльную да тратуара, і каб інвалід-калясачнік мог патрапіць унутр, для яго павінны спусціць сходы, па якіх ён зможа заехаць. Гэтага цяпер няма. У маленькіх мястэчках сітуацыя яшчэ больш сумная. Таму мы настойваем на ўнясенні ў закон пункта аб дыскрымінацыі. Мы кажам, што калі чалавек не змог скарыстацца транспартам з-за інваліднасці, то гэта дыскрымінацыя, і транспартнае прадпрыемства павінна несці адказнасць...

Трапіць у паліклініку чалавеку з сур'ёзнай формай інваліднасці можна ў асноўным толькі на таксі. У некаторых гарадах маюцца сацыяльныя таксі. Але кожны раз выклікаць яго, калі трэба прайсці серыю працэдур, не вельмі рэальна. Што датычыцца самой паліклінікі, то патрапіць на прыём да доктара яшчэ можна. Але возьмем, напрыклад, абавязковую для ўсіх флюараграфію: яе можна зрабіць толькі стоячы. І тут інваліду-калясачніку і медперсаналу трэба вельмі памудраваць... Калі ж флюараграфія не пройдзена, нельга атрымаць ні адной медыцынскай даведкі.

Што датычыцца даступнасці адукацыі, то, на думку Сяргея Драздоўскага, у нашай краіне ўсяго некалькі ВНУ, якія адпавядаюць крытэрыям даступнасці. Але пры гэтым яны не маюць даступнай інфраструктуры вакол сябе, не забяспечаны транспартам і г. д. Так, можна казаць аб дыстанцыйнай, завочнай адукацыі. Але ж атрыманне адукацыі — гэта яшчэ і пытанне сацыялізацыі. Для любога чалавека вельмі важныя зносіны. Таму нельга зводзіць усё да дыстанцыйных формаў навучання.

— У краіне павінен быць няўхільны кантроль за забеспячэннем даступнасці, — робіць выснову дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю. — І неабходны дакладныя прававыя нормы. Мы не хочам, каб нас рабавалі на вуліцы — таму стварылі крымінальнае права. І калі мы не створым закона аб дыскрымінацыі інвалідаў, мы не пераадолеем яе. Праз гэта прайшлі і Еўропа, і ЗША, у якіх таксама спачатку ўсё было дрэнна ў гэтай галіне...


Бліжэйшым часам

Як заяўляюць у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, сёлета будзе распрацавана 8 дзяржаўных стандартаў у галіне безбар'ернага асяроддзя. Работы па ўладкаванні пандусаў, пашырэнні дзвярных праёмаў на ўваходзе і ўнутры будынкаў, усталёўцы поручняў, кнопак выкліку правядуць на 656 аб'ектах сацыяльнай сферы. Для забеспячэння інфармацыйнай даступнасці для асоб з парушэннямі слыху будуць адаптаваны 637 гадзін
тэлевізійнага прадукту.

Прапануецца ўзмацніць адказнасць праекціроўшчыкаў і забудоўшчыкаў за невыкананне патрабаванняў па забеспячэнні безбар'ернага асяроддзя. У прыватнасці, ужо ўдасканалены парадак і ўмовы прыёму ў эксплуатацыю шматкватэрных жылых дамоў, а таксама метады кантролю якасці будаўніча-мантажных работ. Уведзены дадатковы крытэрый ацэнкі якасці аб'екта — стварэнне безбар'ернага асяроддзя. Як і норма, якая прадпісвае абавязковае правядзенне выпрабаванняў і кантрольных вымярэнняў аб'ектаў безбар'ернага асяроддзя і абавязвае забудоўшчыка і заказчыка няўхільна выконваць патрабаванні тэхнічных нарматыўных прававых актаў.

Кантроль і нагляд у галіне будаўнічай дзейнасці ўскладзены на органы дзяржаўнага будаўнічага нагляду. Ставіцца задача канкрэтызаваць адказнасць за парушэнні патрабаванняў безбар'ернага асяроддзя на ўсіх этапах, каб і заказчык, і падрадчык іх няўхільна выконвалі.

Для рэалізацыі правоў інвалідаў на інклюзіўную адукацыю будуць карэктавацца планы навучання студэнтаў з інваліднасцю з улікам іх індывідуальных магчымасцяў. Установы адукацыі абсталююць неабходнымі прыстасаваннямі і тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі для інвалідаў. Плануецца развіццё дыстанцыйных формаў навучання.

Што датычыцца рэалізацыі інвалідамі права на працу, то будзе вывучана магчымасць устанаўлення квот для арганізацый па прыёме на работу інвалідаў.

Плануецца, што да 2020 года колькасць даступных аб'ектаў у прыярытэтных сферах жыццядзейнасці павялічыцца да 3624.

Тактыльныя абазначэнні для невідушчых

Намеснік старшыні Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Міхаіл Антоненка:

— Для людзей з парушэннямі зроку адным з самых актуальных з'яўляецца пытанне самастойнага прасторавага арыентавання. Сёння ў гэтым кірунку зроблена мала, хоць першыя парасткі ўжо ёсць. На некаторых вуліцах і прыпыначных пунктах ужо ўкладваецца тактыльная тратуарная плітка. Прычым гэта адбываецца не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. Напрыклад, тактыльныя абазначэнні з'яўляюцца ў Брэсце, Гомелі, хоць да райцэнтраў пакуль такое новаўвядзенне не дайшло.

З 1 жніўня мінулага года ўступілі ў сілу два Тэхнічныя кодэксы ўсталяванай практыкі, якія апісваюць патрабаванні да камфортнага асяроддзя для невідушчых і прадугледжваюць у тым ліку стварэнне тактыльных элементаў. Адзіная праблема — гэта агаворана для новых аб'ектаў альбо для тых, якія рэканструююцца. На існуючыя цяпер аб'екты тактыльныя элементы прыйдуць невядома калі. Гэта праблема нумар адзін. Хацелася б, каб на такое важнае пытанне дзяржава паглядзела з іншага пункту гледжання.

Яшчэ адна сур'ёзная праблема — ідэнтыфікацыя грамадскіх будынкаў і збудаванняў, пунктаў прыпынку і транспартных сродкаў. Бо сляпому чалавеку складана самастойна вызначыць, дзе знаходзіцца патрэбны яму будынак альбо прыпынак, які нумар аўтобуса падышоў да прыпынку... Мы прапаноўваем на аб'ектах, якія невідушчаму трэба ідэнтыфікаваць, усталяваць інфарматары, якія актывуюцца з дапамогай пульта дыстанцыйнага кіравання, які мае інвалід па зроку. Альбо больш сучасны варыянт: можна актываваць такія інфарматары з дапамогай смартфона, да таго ж гэта танней.

Наша прапанова была адобрана і ўвайшла ў шэраг дакументаў, у тым ліку і ў Нацыянальны план дзеянняў па рэалізацыі Канвенцыі аб правах інвалідаў. Але пакуль атрымліваецца так, што ўсе згодныя, але дзеянняў ніякіх у гэтым кірунку не адбываецца. Рэгіёны тармозяць, спасылаючыся на адсутнасць сродкаў.

Яшчэ вельмі важна зрабіць даступнымі для сляпых і людзей са слабым зрокам розныя таблічкі — на ўваходзе ў памяшканне, інфармацыйныя стэнды і г. д. Для гэтага іх трэба адмыслова абазначыць. Для слабавідушчых пры гэтым выкарыстоўваецца павялічаны шрыфт і кантрасныя колеры. А для сляпых людзей трэба дубляваць інфармацыю з дапамогай шрыфту Брайля. Вельмі актуальна такое дубліраванне для паліклінік (нумары кабінетаў), для гасцініц і іншых грамадскіх будынкаў...

Святлана БУСЬКО

busko@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Каб жыццё не стала паласой перашкод...

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.