Вы тут

Шырэй за адну геаграфію і адну нацыю


Сёлета шмат гаворыцца пра гісторыю беларускага кнігадрукавання. З’яўляюцца акадэмічныя даследаванні, з якіх вынікае: вывучэнне гісторыі айчыннай кнігі — працэс бясконцы. Сімвалічна, што ў год святкавання 500-годдзя скарынаўскай Бібліі і 950-годдзя Мінска мы маем грунтоўнае навуковае выданне «Кніжная справа ў Мінску (канец XVIII — пачатак XX стагоддзя)». Бачаннем перспектыў вывучэння кніжнай справы з чытачамі «ЛіМа» падзялілася аўтар манаграфіі — прафесар кафедры тэорыі і гісторыі інфармацыйна-дакументных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ларыса Доўнар.


Кніжны сусвет

Мая кніга — гэта спроба асвятлення ў цэлым комплексе з’яў кніжнай справы: кнігавыдання, кнігараспаўсюджвання, кнігазбірання ў адным лакальным цэнтры, Мінску, які адначасова быў звязаны з цэлым кніжным сусветам. І не толькі мінскія кнігагандляры мелі цесныя стасункі з такімі найважнейшымі кніжнымі цэнтрамі, як Вільня, Варшава, Кракаў, Пецярбург, але і звычайныя чытачы, якія афармлялі падпіску на тыя ці іншыя выданні, а таксама і мінскія выдаўцы, якія шукалі лепшыя на той час паліграфічныя магчымасці друку. Напрыклад, шэраг мінскіх нотных выданняў пачатку 1860-х гг., у большасці якіх аўтарамі і кампазітарамі выступалі ўраджэнцы Міншчыны, друкавалася ў Лейпцыгу на сродкі вядомага мінскага кнігара Аляксандра Валіцкага. Такім чынам, паняцце мінскага кнігавыдання шырэйшае за паняцце мінскага кнігадрукавання.

Першая мінская кніга

На сёння ў якасці пачатку мінскага кнігавыдання мы можам вылучыць 1790 год, але ёсць і яшчэ адна, хаця ў пэўным сэнсе і спрэчная, дата — 1622 год. Гаворка пра «Казанне на смерць Аляксандра Фёдаравіча Шаптыцкага», надрукаванае мінскім ігуменам Паўлам Дамжывам Лютковічам. Лютковіч быў звязаны з кнігавыдавецкай дзейнасцю праваслаўных брацтваў найперш у Вільні, але найболей — ва Украіне. На тытульным лісце «Казання…», якое захоўваецца ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве, няма дакладнай пазнакі аб тым, дзе яно было надрукавана, але адзначана, што «...през отца Павла Домжива Лютковича игумена менского отправованое месяца декабря 20 дня в року 1622». Лютковіч — адзін з заснавальнікаў Петрапаўлаўскага манастыра ў Мінску, узначальваў праваслаўнае брацтва і школу пры ім. Магчыма, ужо ў 1618 годзе ён займеў уласны друкарскі варштат, з якім і выпраўляўся ў свае «друкарскія вандроўкі». «Казанне…» ж сведчыць пра тое, што друкарская справа была запатрабавана ў Мінску ўжо ў пачатку XVII стагоддзя. Ёсць і іншыя факты, якія ўскосна пацвярджаюць такія высновы. У горадзе дзейнічалі не толькі праваслаўныя брацтвы і школы, сваю асвету і адукацыю разгортвалі таксама базыльяне, а ўсім былі патрэбныя кнігі, якія або завозіліся, або друкаваліся тут… Так, з таго часу амаль нічога не захавалася, па сутнасці, «Казанне…» — адзіная вядомая на сёння друкаваная кніга таго часу, звязаная з Мінскам. Трэба мець на ўвазе таксама, што першая палова XVII стагоддзя вельмі насычаная рознымі ваеннымі падзеямі, таму вынікі друкарскай дзейнасці маглі быць папросту знішчаныя...

Аднак калі весці гаворку пра дакладную і пацверджаную ўласна мінскай друкаванай прадукцыяй дату, то гэта, безумоўна, 1790 год: адно з першых, а можа, і ўвогуле першае выданне, пазначанае гэтым годам, — «Праблема, прапанаваная для вырашэння, ці Чым бывае душа больш усхвалявана, радасцю ці смуткам?» («Kwestya podana do rozwiązania, czyli Dusza bardziey bywa wzruszona przez roskosz; czyli też przez smutek»), ажыццёўленае знакамітым аўтарам Ігнацыем Быкоўскім у друкарні мінскіх базыльян. У «Квестыі…», апроч дакладаных выходных дадзеных, прыведзена інфармацыя і пра тое, якія творы гэтага аўтара рыхтуюцца да друку. Рэпрадукцыю «Квестыі…» мае ў сваіх фондах Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа НАН Беларусі. Астатнія бызыльянскія выданні 1790 — 1794 гг., хутчэй за ўсё, знаходзяцца за межамі Беларусі, нейкая частка з іх адшуканая, а нешта застаецца пакуль невядомым і існуе толькі ў выглядзе бібліяграфічных апісанняў.

Вільня, Варшава, Пецярбург

Праз сувязі з іншымі кнігавыдавецкімі цэнтрамі мы бачым жыццё кнігі не столькі ў статыцы, колькі ў дынаміцы. Вільня доўгі час заставалася гісторыкакультурным, а таксама кніжным цэнтрам Беларусі. Гэта відаць нават і з пераліку тых выданняў, якія замаўляліся мінскімі кнігагандлярамі і на якія падпісваліся чытачы. Безумоўна, вельмі моцнай была польская культурная традыцыя, але адметная «вялікакняская» краёвасць таксама прысутнічала. На «Кур’ер віленскі», напрыклад, падпісваліся болей, чым на «Кур’ер варшаўскі». Супрацоўніца філіі кнігарні Вацлава Макоўскага ў Мінску, якая адсочвала попыт чытачоў, лічыла мінскую публіку даволі кансерватыўнай, бо найбольш запатрабаванай нязменна заставалася мастацкая і духоўная, рэлігійная літаратура.

Вывучэнне кніжных сувязяў важна яшчэ і для таго, каб паказаць, што Мінск, якім бы правінцыйным ні быў, адкрываўся як мог новаму кніжнаму свету, ствараў прастору кнігі і кніжнай справы. Свая друкаваная прадукцыя з’явілася тут напрыканцы XVIII стагоддзя, але да гэтага часу кніга, безумоўна, прыходзіла ў Мінск рознымі шляхамі: дзякуючы «мабільным» ці рухомым (вандроўным) кнігарням, праз падпіску на друкаваныя выданні з Вільні, Пецярбурга, Варшавы, а таксама праз прыватныя сувязі паміж калекцыянерамі.

Неправінцыйныя густы правінцыі

Галоўным каналам распаўсюду кніг у Мінску ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзя з’яўляліся кантрактавыя кірмашы, якія арганізоўваліся два разы на год: у сакавіку і на дзясяты дзень пасля Вялікадня (пасля 1830 года — адзін раз, з 25 мая па 25 чэрвеня). Самыя славутыя літоўскія кантрактавыя кірмашы ладзіліся ў Мінску і Навагрудку, куды з’язджалася шляхта, каб абмеркаваць важныя дзяржаўныя пытанні.

У віленскім і варшаўскім перыядычным друку загадзя змяшчаліся аб’явы пра час і месца правядзення «кантрактавых кірмашоў». Што цікава: да гэтай падзеі адмыслова выдаваліся кнігагандлёвыя каталогі, якія сведчаць пра тое, што кнігі на польскай, лацінскай, французскай, нямецкай мовах мелі сталае распаўсюджанне на тэрыторыі Беларусі. Яскравым прыкладам служыць дзейнасць у гэтым кірунку вядомага варшаўскага кнігагандляра і выдаўца Міхала Гроля, друкаваныя каталогі якога пацвярджаюць, што асартымент кніжнай прадукцыі для сталіцы (Варшавы) і правінцыі (Мінска) у XVIII стагоддзі нічым не адрозніваўся. Наўрад ці паспяховы кнігагандляр стаў бы выдаткоўваць сродкі на выданне асобных каталогаў для кірмашоў у Мінску і Навагрудку, калі б кніжны гандаль у гэтых гарадах не прыносіў прыбытку.

Віленскі выдавец і кнігар Юзаф Завадскі, а потым і яго сыны ў першай палове XIX ст. бралі ўдзел у кантрактавых кірмашах у Мінску, разгарнулі цэлую сетку кніжнага гандлю па ўсёй Беларусі, вялі шырокую перапіску з заказчыкамі, дасылаючы кнігі кожнаму ахвотнаму, у любыя мястэчкі, а гэта яшчэ болей падмацоўвае думку, што і ў Мінску было нямала зацікаўленай у кніжнай прадукцыі публікі.

Рэінкарнацыя горада і кнігі

Так, безумоўна, жыццё Мінска было няпростым у розныя перыяды, часта складаліся сітуацыі, неспрыяльныя для развіцця кніжнай справы. Але горад аднаўляўся і ў тым ліку дзякуючы кнізе, якая была запатрабаваная рознымі асяродкамі, найперш рэлігійнымі і адукацыйнымі. Так, сорак гадоў жорсткай русіфікацыі (пасля падаўлення паўстання К. Каліноўскага) практычна выціснулі разнамоўныя кніжныя выданні. У 1864 — 1880 гадах Мінск знаходзіўся на ваенным становішчы, і ў гарадскім кнігадрукаванні гэта знайшло адлюстраванне: нібыта запанавала ціша ў горадзе, адбыўся рэзкі спад выпуску кніжнай прадукцыі, асабліва што датычыць прыватных друкарняў, хаця і губернская друкарня таксама выдавала значна менш кніг.

Але разам з тым Мінск паступова ўключаецца ў прамысловыя праекты: з развіццём чыгункі — Лібава-Роменскай і Маскоўска-Брэсцкай — з’яўляюцца і новыя камунікацыйныя магчымасці для кнігі, друк ажыўляецца.

У 1880 — 90-я гады актыўную кніжную дзейнасць разгарнула Соф’я Валіцкая — сястра вядомага кнігара Аляксандра Валіцкага. Пасля вяртання з высылкі ў 1867 г. Мінск быў для яго забаронены, ён жыў у Варшаве, Кракаве, працаваў у Нясвіжскім замку Радзівілаў. Ліставанне паміж братам і сястрой вельмі паказальнае для характарыстыкі развіцця кніжнай культуры ў Мінску. У гэты час працавалі таксама і некалькі прыватных сямейных друкарняў, сярод іх вылучаецца прадпрыемства Дворжацаў, нашчадкаў Ёкеля Дворца, які разам з кнігарамі братамі Бейлінымі ажыццявіў выданне ў Мінску беларускамоўных твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча («Гапон» (1855)), таксама накладам Дворца выйшлі і іншыя — «Вечарніцы і Апантаны» (1855), «Цікавішся? — Прачытай!» (1856), «Друкар беларускі» (1857).

Ускосная цэнзура

Творы Дуніна-Марцінкевіча — гэта адзіныя беларускамоўныя выданні. Дагэтуль кнігі на беларускай мове ў Мінску не выходзілі. Распаўсюджана думка, што беларуская мова ў Расійскай імперыі была забароненая. Так і не так. Калі пачнём шукаць дакумент (як рабіў гэта Аляксандр Шлюбскі), у якім было б пазначана, што выкарыстанне ў друку беларускай мовы з пэўнага месяца пэўнага года забаронена, то пошукі будуць марнымі. Мы можам казаць, што забарона была ўскоснай. Афіцыйна агучыць забарону мовы азначала і прызнаць яе існаванне. Больш выгадна было прызнаваць за беларускай мовай статус дыялекту (альбо говора, наречия) і не дазваляць выкарыстоўваць для перадачы на пісьме ці ў друку польскі шрыфт, што, адпаведна, як і польская мова, было забаронена ў 1864 г.

Скарбы, якія мы не адшукалі

Важныя крыніцы для вывучэння кніжнай справы — разнастайная бібліяграфічная прадукцыя, асабліва — каталогі бібліятэк, выдавецтваў і кнігарняў, якія друкаваліся асобнымі выданнямі або змяшчаліся непасрэдна ў выданнях. З аднаго боку, гэта была масавая прадукцыя, разлічаная на рэкламу, распаўсюд інфармацыі для патэнцыйных пакупнікоў. А з другога — гэта тое, што прызнавалася з цягам часу непатрэбным, некаштоўным і знішчалася. Да прыкладу, у спісах па рэквізацыі (1919 г.) вядомай прыватнай бібліятэкі філолага, настаўніка мінскай гімназіі Сяргея Зубакіна, якая налічвала не менш за 10 тысяч тамоў, пазначана, што каталогі кнігарняў з кнігазбору «за ненадобностью» былі знішчаныя.

Вельмі шмат недаследаваных крыніц знаходзіцца ў Пецярбургскім гістарычным архіве. Асабліва каштоўныя матэрыялы, у якіх адлюстраваны пытанні захоўвання і перамяшчэння прыватных кнігазбораў і манастырскіх бібліятэк. Пачынаючы з 1832 года закрываліся каталіцкія кляштары, вельмі інтэнсіўна ішоў гэты працэс пасля разгрому паўстання 1863 года. Масава вывозілі бібліятэкі — прыватныя, манастырскія, ведамасныя. Вывозілася ўсё, што лічылася польскай кнігай, якая трапіла пад забарону ў Расійскай імперыі, — у Вільню, Пецярбург, Маскву. Таму даследчыкам варта звярнуцца найперш у гэтыя архівы.

Лёсы рэквізаваных прыватных кнігарняў і кнігазбораў дапамагаюць раскрыць дакументы з Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці. Яны разгортваюць карціну вялікіх страт, разбурэнняў і не толькі матэрыяльных. Вядома, шмат было знішчана падчас Вялікай Айчыннай вайны (пра гэта пісала Таццяна Рошчына). Але не трэба забывацца на тое, што было страчана і паміж 1917 — 1939 гг. Гэты перыяд утрымлівае шмат белых плям па гісторыі кнігі Беларусі і асабліва патрабуе даследаванняў. Вядома, цяжка ці нават немагчыма знайсці адказы на ўсе пытанні: як склаўся лёс такіх кніжных рарытэтаў, што захоўваліся ў мінскіх кнігазборах, як Біблія Скарыны і Статуты ВКЛ, ці, напрыклад, карта Хрыстафора Калумба? Безумоўна, добра было б даведацца, што нашыя кніжныя скарбы не толькі былі, ёсць, а і адпаведна захоўваюцца хоць недзе ў свеце.

Ствараць — значыць быць свабодным

Нашыя славутыя літаратуразнаўцы, якія аднымі з першых браліся за даследаванне беларускага кнігадрукавання, вядома, зрабілі вялікую працу. Але арыентацыя менавіта на беларускамоўныя выданні ці тыя, якія з’явіліся на тэрыторыі Беларусі, не заўсёды дазваляла ўбачыць поўную карціну. Трэба ўлічваць усе аспекты кніжнай справы, якая шырэйшая за геаграфію, за адну нацыянальнасць, адну мову. Вядома, і ў нас, і ў нашых суседзяў — палякаў, літоўцаў — могуць быць розныя падыходы да вывучэння гэтай тэмы. Але ў дадзеным выпадку ёсць сэнс не дзяліць спадчыну, а весці гаворку пра міжкультурную разнастайнасць, міжнацыянальнае ўзаемадзеянне, што дапаможа разгледзець і разнастайнасць кніжнага свету, узнаўленне гісторыі якога патрабуе быць свабодным у думках і дзеяннях.

Падрыхтавала Жана КАПУСТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.