Вы тут

Купалаўскі маршрут


Купалаўскі маршрут

Здаецца, усе купалаўскія мясціны мы ведаем. Але калі паставіцца да тэмы больш грунтоўна, трэба канстатаваць, што ведаць можна нашмат больш. Гэты «даведнік у часопісе» створаны не з мэтай крытыкі ці выкрывання, а з іншай: каб проста ведаць.

Прапаную восем пунктаў маршруту і раю падзяліць яго на два дні: у першы наведаць Вязынку, Радашковічы і Яхімаўшчыну, у другі — Акопы, Карпілаўку, Селішча, Мінск і Малыя Бясяды. Бо пажадана не «бегчы», а ўсё аглядаць «з расстаноўкай».

Вязынка — кропка адліку

Гэта лагічна: Купала тут нарадзіўся. Дамінік і Бянігна Луцэвічы, ледзь толькі абвянчаўшыся, адразу ж аддзяліліся ад сям’і, што з’яўляецца паказчыкам іх упэўненасці і самастойнасці. Спачатку жылі ў фальварку ў Паморшчыне, а пасля перасяліліся ў фальварак Станіслава Замбжыцкага — Вязынку. Усё, што тут можна бачыць сёння з будынкаў, — узноўленае. Экспазіцыі музея — камфортныя для прагляду, то бок, не перанасычаныя. Аднак трэба разумець, што бацькі Купалы жылі тут не год. Што памятае Купалу немаўляткам? Дубы (відаць, што ім за дзвесце) і сажалка з вербамі (яны пастаянна самааднаўляюцца).

Радашковічы — месца хрышчэння

Яно адбылося ў Траецкім касцёле 12 чэрвеня 1882 года. Пры хрышчэнні хлопчыка запісалі шляхціцам. Хаця б тут ды перамог дзед Ануфрый, бо яго, чый род вядомы з XVII стагоддзя, са шляхціцаў разжалавалі і перавялі ў арандатары, і як ён з гэтым ні змагаўся… Хоць тут перамог.

У 1903 годзе, у дваццацігадовым узросце, Купала зноў апынуўся ў Радашковічах — працаваў пісарам у судовага следчага. І ў 1913-м тут жа, у памяшканні пажарнай аховы, паказвалі яго «Паўлінку». Плошча гэтага памяшкання дазваляе арганізаваць у ім і сцэну, і глядзельную залу. Будынак, праўда, перароблены. Але, магчыма, фундамент яшчэ той. І пасля перабудовы памяшканне зноў функцыянавала як «пажарка».

Ля Дома быту, у не вельмі ўдалым месцы, стаіць бюст Купалы. Вуліца, якая носіць яго імя, кароткая, але вельмі чыстая, утульная, акуратная.

Яхімаўшчына — сядзіба Любанскіх

Ад размешчанай тут некалі сядзібы, якой валодалі адна за адной не менш як дзесяць фамілій, захаваліся афіцына, сажалкі, свірны і дом для рабочых. У ім Купала жыў у 1906—1907 гадах, працаваў у Любанскага, у бровары. Тут цяпер працуе філіял купалаўскага музея, экспазіцыя якога распавядае пра Віленскі і Пецярбургскі перыяды, а таксама пра творчую дзейнасць паэта ў Яхімаўшчыне. У гэтым месцы напісаныя «А хто там ідзе…», «Ворагам бацькаўшчыны», «Дайце мне волю» і іншыя, што ўвайшлі ў «Жалейку».

Чаму Палачаны?

Таму што менавіта праз Палачаны Купала ішоў у Яхімаўшчыну. Дарогай, якая вядзе паўз старыя могілкі і царкву. А яшчэ, паколькі творчасць Купалы звязана з фальклорам і ўсялякімі такімі гісторыямі, хіба не цікавіў яго крыж, што быў тады ўжо падняты з балота і пастаўлены пры дарозе? Гэта ідал, перароблены ў крыж. Мясцовыя пераконваюць, што ён лечыць. Звычайна абкручаны ручнікамі, абсыпаны цукеркамі і грашыма, ён толькі для фотасесіі ўсяго такога пазбаўлены — каб паказаць свае знакі, якімі спярэшчаны ўздоўж і ўпоперак.

Лагойскі напрамак. Акопы і Харужынцы

Пачынаць трэба з Акопаў. Фальварак арандавала маці паэта з яго сёстрамі Ганнай, Марыяй і Леакадзіяй у 1909—1929 гадах. Важна, што ў Акопах захаваліся фундаменты пабудоў, планіроўка і ваколіца. Пагоркі, камень, дубы — таксама сведкі яго жыцця там. Менавіта на гэтым месцы трэба было ставіць музей, а не ў Харужынцах, адметных хіба толькі тым, што туды сястра Купалы пайшла замуж.

Першы раз Купала трапіў у Акопы ў 1911-м. Тут было напісана больш за сто паэтычных твораў, паэмы «Бандароўна», «Яна і я», «Магіла льва», а таксама «Паўлінка», «Раскіданае гняздо», «Тутэйшыя».

Селішча і Малыя Бясяды

Калі з Вялікіх Бясядаў ехаць у бок Малых Бясядаў, у раёне старога закінутага пясчанага кар’ера трапляеш у Селішча. Сёння тут знаходзяцца толькі два курганы. Адзін з іх — з фундаментнымі камянямі. Тэрыторыя абнесена лесам. Фальварак арандаваўся з 1895 да 1904 года. Тут у 1902 годзе памёр бацька Купалы, пасля брат і дзве сястры. Тут жа быў напісаны верш на дзень нараджэння сястры Леакадзіі. І менавіта ў Селішчы Купала пазнаёміўся з суседам Чаховічам, якому праз поле насіў малако і сыр. А гэта ж дзякуючы Чаховічу, старому рэвалюцыянеру, удзельніку паўстання 1863—1864 гадоў, з’явіўся Янка Купала! Менавіта той Купала, якога мы ведаем, а не нейкі іншы. Бо ён пісаў вершы па-польску, а Чаховіч і Ядвігін Ш. пераарыентавалі яго на беларускую мову. Але галоўнае: у сядзібе Зыгмунда Чаховіча была вялізная бібліятэка, якой Купала не мог не карыстацца. Усе кнігі для чытання падлетку Луцэвічу падбіраліся гаспадаром бібліятэкі, нязломным чалавекам, які вярнуўся да сябе ў сядзібу пасля трынаццаці гадоў катаргі. Гэтыя кнігі мелі два накірункі: гісторыя ВКЛ і гісторыя згаданага паўстання. Канечне, адбываліся тут і размовы. Хоць нічога матэрыяльнага не захавалася.

Карпілаўка — сядзіба Антона Лявіцкага

Недалёка ад Селішча — сядзіба Антона Лявіцкага, вядомага як Ядвігін Ш. Дарога да Карпілаўкі тут адна, яна магла звязваць Карпілаўку з Акопамі. Тут ёсць дуб, пад якім, магчыма, чыталіся вершы. У сядзібе Лявіцкага ладзіліся творчыя вечары беларускай інтэлігенцыі. Так Купала знаёміўся з гэтым колам грамадства. У 1912 годзе тут ён чытаў «Паўлінку». Пасля стаў хросным дзяцей Лявіцкага. Гэта запаведныя мясціны. Больш запаведныя, чым тыя, дзе зладжаны музейныя прасторы. 

Уладзімір Цвірка

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».