Вы тут

Як навучыць падлетка арыентавацца ў моры інфармацыі?


Уся­го не­каль­кі дзя­сят­каў га­доў та­му па­ток ме­ды­я­ін­фар­ма­цыі быў аб­ме­жа­ва­ны тры­ма-ча­тыр­ма тэ­ле­ка­на­ла­мі, цэнт­раль­ны­мі га­зе­та­мі і не­каль­кі­мі ча­со­пі­са­мі. А сён­ня ўсе мы зна­хо­дзіц­ца ў ме­ды­я­па­ло­не амаль круг­лыя су­ткі. Ін­тэр­нэт, са­цы­яль­ныя сет­кі, рэ­кла­ма, ка­мер­цый­ныя аб’­явы, тэ­ле­на­ві­ны, кі­на­філь­мы, му­зы­ка, мност­ва ра­дыё­стан­цый… Аў­та­ма­тыч­ныя сэр­ві­сы пад­каз­ва­юць нам, што ку­піць і дзе, у якую тур­фір­му звяр­нуц­ца, з кім па­зна­ё­міц­ца, што па­чы­таць… Медыя інтэграваныя ў наша жыццё настолькі, што большасць паведамленняў мы атрымліваем у фонавым рэжыме, не звяртаючы на іх увагі.


Але інфармацыя самага рознага кшталту не проста льецца патокам, а ненадакучліва вучыць маладое пакаленне, выхоўвае яго, пакідаючы далёка ззаду бацькоў і педагогаў з іх патрабаваннямі, муштраваннем і маралізатарствам. Сёння казаць пра ўплыў інтэрнэту на дзяцей і падлеткаў у прынцыпе няправільна, бо ён стаў для іх асяроддзем пражывання. І калі раней пры вяртанні дзяцей са школы бацькі ў іх пыталіся: "Як прайшоў дзень у школе?", то цяпер трэба цікавіцца: "Як прайшоў дзень у інтэрнэце?" Межы паміж віртуальным і рэальным жыццём пступова сціраюцца...

Як жа абараніць падрастаючае пакаленне ад непраўдзівай і негатыўнай інфармацыі, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэце з хуткасцю свету? Як выхаваць адукаваную асобу, здольную арыентавацца ў сучаснай інфармацыйнай прасторы? Ці можна "пасябраваць" з медыя? Усе гэтыя пытаннi абмеркавалi ўдзельнiкi "круглага стала" ў газеце "Звязда".

Да дыскусіі мы запрасілі начальніка Цэнтра прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі Алену РАДЗЕВІЧ,  метадыста аддзела сацыякультурнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Алену ПАЛЕЙКА, метадыста Цэнтра праблем развіцця адукацыі БДУ Дзмітрыя ГУБАРЭВІЧА,  дацэнта кафедры менеджменту і адукацыйных тэхналогій Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ Міхаіла КУДЗЕЙКУ,  намеснiка старшынi Таварыства беларускай школы, кiраўнiка iнтэрнэт-партала nastaunik.info Тамару МАЦКЕВIЧ, настаўніка фізікі жодзінскай гімназіі № 1 Элу ЯКУБОЎСКУЮ,  настаўніка англійскай мовы з Нясвіжскай гімназіі Наталлю КАТЧАНКА і дырэктара сярэдняй школы № 2 горада Століна, настаўніцу рускай мовы і літаратуры Алу ЛАЗІЦКУЮ (усе трое маюць найвышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю "настаўнік—метадыст"). 

Фільтры для медыя

«ЗВЯЗДА»: Перш чым распачаць дыскусію, хацелася б разабрацца з паняццямі «медыяадукацыя», «медыяадукаванасць» і «крытычнае мысленне»...

Алена РАДЗЕВІЧ.

Алена РАДЗЕВІЧ:

— Медыяадукацыя — гэта працэс навучання тэорыі і авалодвання практычнымі ўменнямі для аналізу і выкарыстання сучасных масмедыя. А медыяадукаванасць — вынік гэтага працэсу і ўвогуле ключавы навык ХХІ стагоддзя. Сёння традыцыйнай адукаванасці вучню недастаткова, каб арыентавацца ў падзеях і быць канкурэнтаздольным на рынку працы, таму кожны вучань павінен развіваць навыкі мыслення больш высокага ўзроўню. Раней інфармацыю трэба было здабываць, і гэтаму дапамагала школа, а сёння інфармацыі занадта шмат, таму задача школы — навучыць адфільтроўваць патрэбнае, не дапускаць маніпулявання, адрозніваць факты ад меркаванняў, праўду ад дапушчэнняў. У гэтым дапамагае крытычнае мысленне.

Чалавек з развітым крытычным мысленнем успрымае інфармацыю з разумнай доляй скептыцызму, супастаўляе з процілеглымі пунктамі гледжання і разглядае яе магчымыя наступствы. Крытычнае мысленне не можа развіцца ў выніку перадачы парад, рэцэптаў, выканння пэўнага алгарытму. Гэта складаны разумовы працэс... З крытычным мысленнем цесна звязаны шэраг уменняў і навыкаў: гэта ўменне задаваць пытанні, фармуляваць праблему, даказваць свой пункт гледжання, аналізаваць здагадкі і прадузятасці, уменне пазбягаць эмацыянальных меркаванняў і спрашчэнняў, разглядаць усе наяўныя інтэрпрэтацыі і іншыя.

Алена ПАЛЕЙКА:

— На сённяшні дзень у нашых вучэбных праграмах медыяінфармацыйныя кампетэнцыі вучняў вызначаны разам з іншымі ключавымі кампетэнцыямі як запланаваныя метапрадметныя вынікі адукацыі. Напрыклад, вось як сфармуляваны агульныя патрабаванні да старшакласнікаў: умець атрымліваць з разнастайных крыніц і крытычна асэнсоўваць інфармацыю, сістэматызаваць, аналізаваць, інтэрпрэтаваць атрыманыя даныя; адрозніваць факты, аргументы, ацэначныя меркаванні, аддзяляць асноўную інфармацыю ад другараднай, перадаваць змест інфармацыі адэкватна пастаўленай мэце (сцісла, поўна, выбарачна); выкарыстоўваць сродкі інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій з захаваннем прававых і этычных нормаў, нормаў інфармацыйнай бяспекі.

Алена ПАЛЕЙКА.

Алена РАДЗЕВІЧ:

— Пытанне, якое я заўсёды задаю настаўнікам, што ўдзельнічаюць у трэнінгах і семінарах па крытычным мысленні: «А ці хочаце вы, каб у вашым класе былі вучні з крытычным мысленнем? Ці зручна вам будзе з імі працаваць?» І яны задумваюцца, бо такія вучні задаюць шмат пытанняў, з доляй скептыцызму ставяцца да любой пачутай на ўроку інфармацыі. У нейкай ступені ад гэтага церпіць і аўтарытэт настаўніка. У інтэрнэце вельмі шмат інфармацыі, якая можа супярэчыць таму, што кажа на ўроку педагог.

Я лічу, што медыяадукаванасць — гэта не прадмет, які можа выкладацца ў школе. У першую чаргу медыяадукаваным павінен быць настаўнік, у яго павінна быць добра развіта крытычнае мысленне, каб ужо ён у сваю чаргу мог развіваць крытычнае мысленне ў сваіх вучняў.

Міхаіл КУДЗЕЙКА:

— Крытычнае мысленне развіваецца, калі мы даём дзіцяці свабоду, даём яму магчымасць выказаць свой пункт гледжання, знайсці альтэрнатыўнае рашэнне. Але нашы настаўнікі першапачаткова накіраваныя на нейкі пэўны вынік. Настаўнік сказаў — вучань зрабіў, настаўнік прынёс веды — вучань іх узяў. А трэба вучыць таму, каб дзіця на аснове атрыманай інфармацыі сфарміравала сваё меркаванне, зрабіла сваю выснову, а не далучалася да высновы настаўніка.

Дзмітрый ГУБАРЭВІЧ:

— У мяне ёсць вялікае сумненне, што вынікам працэсу развіцця крытычнага мыслення можа быць толькі фарміраванне ўласнай пазіцыі. А што стаіць за гэтай пазіцыяй? Акрамя таго, што студэнт ці вучань менавіта так думае, ці ёсць там нейкі змест, ці ёсць аргументы? Крытычнае мысленне павінна базіравацца на добрым веданні прадмета гаворкі, бо калі ты не можаш даць змястоўную ацэнку нейкай з'яве, падзеі ці феномену, калі ты не маеш дакладнага разумення, пра што ідзе гаворка, пра якую ўласную пазіцыю можа ісці размова?

Крытычнае мысленне не ёсць проста крытычнае адмаўленне нейкай інфармацыі, як некаторыя памылкова думаюць. І медыяадукаванасць — гэта не толькі крытычнае мысленне. Крытычнае мысленне — праект, які цудоўна існуе і без медыяадукаванасці. А вось медыяадукаванасць без крытычнага мыслення немагчымая.

Дзмітрый ГУБАРЭВІЧ.

Эла ЯКУБОЎСКАЯ:

— Я заўважыла, што вучні часта на ўроку спрабуюць угадаць правільны адказ. І тады стала задаваць ім пытанні, якія не маюць адназначна правільных адказаў. Мы маем справу з новым пакаленнем. Нягледзячы на тое, што пакаленне Z літаральна жыве ў інтэрнэце, карыстаецца лічбавымі прыладамі лепш за бацькоў і настаўнікаў, яго прадстаўнікі не заўсёды разумеюць, якому кантэнту можна давяраць. Навукоўцы са Стэнфардскага ўніверсітэта даследавалі, ці могуць падлеткі адрозніць рэкламныя матэрыялы ў СМІ ад класічных навін, як яны ацэньваюць інфармацыю з вэб-сайтаў. Эксперты апыталі каля 8 тысяч навучэнцаў сярэдніх школ і каледжаў. Высветлілася, што 82% з іх не бачаць розніцы паміж аплачаным кантэнтам і звычайнымі тэкстамі. Як правіла, навучэнцы арыентаваліся на тое, ці былі да артыкула прымацаваныя вялікія яркія малюнкі, а не на крыніцу інфармацыі. Вось чаму дзяцей сёння трэба вучыць не толькі правілам дарожнага руху, але і таму, як арыентавацца ў інфармацыйных плынях. І тыя, і другія веды вельмі актуальныя для гарантавання бяспекі новага пакалення. Прызнаюся, што мой 13-гадовы сын мяне нядаўна вельмі парадаваў. Падчас прагляду сюжэта ў перадачы навін ён запытаўся: "А чаму ў таго, хто выступае, "адключылі" замежую мову? Гэта няправільна. Дзе арыгінал? Чаму мы чуем толькі пераклад?" Вось гэта, я лічу, і ёсць медыякампетэнцыя, якой ён ужо авалодаў.

Тамара МАЦКЕВІЧ:

— Ад сённяшняга спажыўца навін патрабуецца ўменне не толькі чытаць, але і аналізаваць іх, наяўнасць своеасаблівага ўнутранага фільтра, які дазваляе рабіць правільныя высновы наконт надзейнасці крыніцы інфармацыі. Усе СМІ працуюць на камерцыйнай арэне. Прычым даволі часта як крывое люстэрка. Але задача медыяадукацыі — не выпраўленне карцінкі, а разуменне таго, як працуе крывое люстэрка. Вельмі важна, каб чалавек мог распазнаць камерцыйныя пасылы, якія яму пастаянна навязваюцца. Навучэнцы павінны ведаць, што сацыяльныя сеткі поўняцца дэзынфармацыяй, прапануюць нам тэсты і віктарыны, каб даведацца пра нас больш. Мы часта думаем, што выкарыстоўваем інтэрнэт, каб адукавацца і атрымаць карысную інфармацыю, а на самай справе нас там разглядаюць і аналізуюць тыя, хто хоча прадаваць рэкламу. Дарослыя, якія думаюць, што з дапамогай устаноўленых на камп'ютары фільтраў яны могуць абараніць дзяцей ад непажаданай інфармацыі, моцна памыляюцца. Таму галоўным унутраным фільтрам і асновай медыяінфармацыйнай адукаванасці павінна стаць развіццё ў падрастаючага пакалення крытычнага мыслення плюс веданне стратэгій і інструментаў для выкрыцця махлярства ў інтэрнэце. Ну і, вядома, каштоўнасці. Чалавекам з каштоўнаснай базай цяжка маніпуляваць.

"ЗВЯЗДА": Расійскія навукоўцы б'юць трывогу: здольнасць разумець тэксты, крытычна ацэньваць дадзеную ім інфармацыю дэманструюць толькі 2% расійскіх навучэнцаў. Не лепшая сітуацыя назіраецца і ў іншых краінах, прычым не толькі сярод падрастаючага пакалення. Няздольнасць чытаць вялікія тэксты, аналізаваць і пераўтвараць інфармацыю — ужо не прагнозы фантастаў, а рэальнасць, у якой жывуць нашы дзеці.

Алена РАДЗЕВІЧ:

— 15-гадовыя расійскія падлеткі даўно ўдзельнічаюць у міжнародным даследаванні РІSА, якое правярае не толькі матэматычную і прыродазнаўчую, але і чытацкую адукаванасць. Таму ў Расіі ведаюць рэальную сітуацыю. Галоўная мэта маніторынгавага даследавання, якое праводзіцца раз на тры гады, — праверыць не столькі акадэмічныя дасягненні навучэнцаў, колькі іх уменне працаваць з інфармацыяй і рэальныя жыццёвыя кампетэнцыі. Правяраюцца здольнасць вучняў устанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі, іх уменне супастаўляць факты і аналізаваць, хутка прымаць рашэнні. Чытацкая адукаванасць — гэта здольнасць чалавека разумець і выкарыстоўваць пісьмовыя друкаваныя і электронныя тэксты, разважаць пра іх змест, займацца чытаннем для таго, каб дасягаць сваіх мэт, пашыраць свае веды і магчымасці ўдзелу у сацыяльным жыцці. Тэст РІSА, які вымярае чытацкую граматнасць навучэнцаў, якраз сфакусаваны на такіх чытацкіх уменнях, як пошук, выбар, інтэрпрэтацыя і ацэнка інфармацыі з тэкстаў, якія выкарыстоўваюцца ў пазашкольных сітуацыях. Напрыклад, падчас тэсціравання РІSА могуць прапаноўвацца тэксты, якія змяшчаюць два розныя пункты гледжання, але аб'яднаныя ў адно цэлае. Задача ўдзельнікаў — убачыць гэтыя супрацьлеглыя меркаванні. Мы вельмі чакаем вынікаў беларускіх школьнікаў, таму што Беларусь плануе далучыцца да гэтага даследавання ў наступным годзе...

Тамара МАЦКЕВІЧ:

— Ужо вядома, што ў 2018 годзе дадатковы акцэнт падчас РІSА будзе зроблены на глабальных кампетэнцыях, якія ўключаюць і медыякампетэнцыі, плюс будуць вывучацца кампетэнцыі, неабходныя для эфектыўнага ўзаемадзеяння з прадстаўнікамі розных краін і розных культур. Спадзяёмся, што ўдзел беларускіх школьнікаў у міжнародным даследаванні, якое ахоплівае ўжо каля 70 краін, дасць нам магчымасць убачыць сябе на фоне дасягненняў іншых сістэм адукацыі.

Ала ЛАЗІЦКАЯ:

— На маю думку, навучыць дзяцей арыентавацца ў імкліва нарастаючым інфармацыйным асяроддзі магчыма толькі пры ўмове дастаткова высокага ўзроўню сфарміраванасці ўзаемаабумоўленых чытацкіх і медыяінфармацыйных кампетэнцый. Усвядомленнае чытанне і ўменне працаваць з інфармацыяй — важныя метапрадметныя вынікі адукацыі, а ў перспектыве — асноўны рэсурс самаадукацыі. Імклівая інфарматызацыя сучаснага грамадства абумовіла існаванне чалавека ў неабсяжным інфармацыйным асяроддзі, што міжволі правакуе змяненне мадэляў паводзін людзей і іх каштоўнасных арыентацый. З аднаго боку, гэта стварае новыя адукацыйныя магчымасці, а з іншага, становіцца магутным адукацыйным выклікам.

Віртуальная свядомасць

«ЗВЯЗДА»: Сучасныя школьнікі большую частку інфармацыі атрымліваюць не з кніг, як гэта было раней, а ў інтэрнэце. Чым, на ваш погляд, чытанне кніг адрозніваецца ад чытання інфармацыйных інтэрнэт-матэрыялаў? І як чытанне з экрана ўплывае на ўспрыманне і разуменне інфармацыі?

Тамара МАЦКЕВІЧ:

— Інтэрнэт-прастора ўяўляе сабой своеасаблівую кашу, дзе можна знайсці ўсё: і сайты ўльтраправых арганізацый, і блогі, і забаўляльныя рэсурсы, і сур'ёзныя навуковыя работы. А па факце такі інфармацыйны «фаст-фуд» прыводзіць да стомленасці мозгу, які «аб'ядаецца» інфармацыяй. Вядомы піяршчык Джэк Траўт параўнаў мозг чалавека з губкай, перапоўненай вадой. У такой сітуацыі, каб палегчыць сваю долю, ён пачынае браць толькі самае лёгкае і яркае, а ўсё, што патрабуе разважанняў, ігнаруе. З экранаў мы атрымліваем толькі мноства слабазвязаных паміж сабой фактаў. Адсутнічае логіка, губляецца прычынна-выніковая сувязь... Французскія медыяпсіхолагі нават увялі такое паняцце, як віртуальная калектыўная свядомасць. Інтэрнэт-аўдыторыя з гатоўнасцю «праглынае» ананімныя фэйкавыя паведамленні.

Тамара МАЦКЕВІЧ.

Міхаіл КУДЗЕЙКА:

— Адкуль з'явілася кліпавае мысленне? Гэта рэакцыя чалавека на празмернасць інфармацыі. Прычым кліпавае мысленне ўласцівае не толькі дзецям, але і нам, дарослым. Як мы рэагуем на вялікую колькасць інфармацыі? Правільна, у нас выпрацоўваецца ахоўная рэакцыя: штосьці мы ігнаруем, за штосьці наша ўвага чапляецца, штосьці мы праглядаем толькі павярхоўна, чытаем па дыяганалі. Празмернасць інфармацыі не дазваляе нам пагрузіцца ў нешта адно. Канешне, у кожнага ёсць свае прыхільнасці ў інфармацыі, кожны сам размяжоўвае галоўнае і другаснае. А можа быць, гэта і нядрэнна — выхопліваць з патоку толькі самае галоўнае? Толькі трэба навучыць гэтаму і дзяцей... У адукацыйнай практыцы трэба ўлічваць, што кліпавасць мыслення задае новы дынамізм пазнавальнай дзейнасці, што для новага пакалення ўласцівы феномен дзіцячай шматзадачнасці, калі дзіця, седзячы за камп'ютарам, адначасова кантактуе ў чаце, займаецца пошукамі ў сеціве, спампоўвае музыку, спрабуе рабіць дамашняе заданне і пры гэтым п'е сок ці жуе бутэрброд. Ім трэба шмат убачыць, зрабіць, на многае адрэагаваць. Шматзадачнасць прымушае працаваць іх мозг у іншым рэжыме, павышаецца хуткасць псіхічных працэсаў. І ўсё гэта трэба ўлічваць пры іх навучанні і выхаванні.

Алена РАДЗЕВІЧ:

— Часта, калі мы не разумеем таго, што адбываецца, успрымаем гэта крытычна. Па-ранейшаму спрабуем усё вымяраць уяўленнямі ХХ стагоддзя, хоць жывём ужо ў іншую эпоху — інфармацыйнага грамадства. І раней былі дзеці, якія не чыталі. Можа быць, дзякуючы інтэрнэту, дзеці сталі нават больш чытаць, таму што там чытаюць нават тыя, хто ніколі не трымаў кнігу ў руках.

Тамара МАЦКЕВІЧ:

— Шмат дарослых спрабуюць выцягнуць дзяцей з інтэрнэту, даць ім альтэрнатыву ці ўвогуле забараніць. Але такія падыходы ў ХХІ стагоддзі не працуюць. Давайце прыгадаем, ці часта пішуць сачыненні сучасныя школьнікі? А ў сацыяльных сетках ім даводзіцца фармуляваць свае думкі хутка і лаканічна — гэта ўменне, якога раней у іх не было.

Эла ЯКУБОЎСКАЯ:

— Калі гаварыць пра сацыяльныя сеткі, то мы імі карыстаемся, а дзеці там жывуць. І яны проста не паспяваюць аналізаваць увесь той паток інфармацыі, што на іх навальваецца ў інтэрнэце. Большасць падлеткаў у першую чаргу рэагуюць на навіну, якая суправаджаецца прыгожай карцінкай. Давайце прызнаемся, што далёка не кожны дарослы ўмее ацэньваць інтэрнэт-сайты. А дзеці гэтай навуцы вучацца літаральна за некалькі заняткаў. Проста трэба паказаць маркеры, якія дзіця павінна бачыць, заходзячы на той ці іншы сайт. Праверка праўдзівасці інфармацыі — навык, які трэніруецца гэтаксама, як і матэматычны навык, як навык рашэння фізічных задач.

Я выкладаю ў фізіка-матэматычным класе, таму адна з самых папулярных прафесій у маіх вучняў, — "айцішнік". Калі яны прыйшлі да мяне з пытаннем, куды ім усё ж такі паступаць, я спачатку параіла звярнуцца да бацькоў. Але хутка зразумела, што бацькі ўжо не аўтарытэт (часцей за ўсё яны проста раяць выбіраць прафесію, якая добра аплачваецца). Парада паглядзець сайты факультэтаў, дзе ёсць ІТ-спецыяльнасці, таксама "не прайшла". Дзеці заявілі, што гэта рэклама. Тады мы сталі разам шукаць іншыя крыніцы інфармацыі і так выйшлі на блогераў, выкладчыкаў, на водгукі студэнтаў і выпускнікоў. Вучні сталі аналізаваць, дзе запатрабаваныя тыя ці іншыя спецыялісты, куды можна будзе працаўладкавацца, з якога курса можна знайсці працу і гэтак далей.

Наконт чытання скажу, што я працавала з рознымі вучнямі (і слабымі, і моцнымі) і мушу канстатаваць, што не чытаюць ні першыя, ні другія. Затое яны глядзяць (сёння на змену тэкставай інфармацыі прыйшла візуальная), таму я кажу бацькам: «Не пытайцеся ў іх, што яны прачыталі, а лепш запытайцеся, што яны апошняе паглядзелі?» Адназначна гэта будзе YоuTubе, можа быць, вы даведаецеся і пра папулярных у моладзі відэаблогераў, да меркавання якіх яны прыслухоўваюцца. Калі падлеткі вырашаюць, які фільм будуць глядзець, яны не вывучаюць кінарэйтынгі, не звяртаюцца да дарослых, а адштурхоўваюцца ад інфармацыі, якую пачулі ад відэаблогераў. Я была крыху здзіўлена, калі даведалася, што маіх дзесяцікласнікаў зачапіў фільм «Сусвет Стывена Хокінга». Гэта не забаўляльны фільм, тым не менш... І менавіта па парадзе сваіх вучняў я паглядзела брытанскі фантастычны серыял «Чорнае люстэрка», скразная тэма якога — уплыў інфармацыйных тэхналогій на чалавецтва і чалавечыя адносіны. Для мяне стала адкрыццём, што менавіта дзеці мне яго падказалі. Таму і бацькам я параіла б сесці з сынам ці дачкой разам і паглядзець тое, што цікавае не вам, а вашаму дзіцяці. Паверце, вы адкрыеце яго для сябе па-новаму. Калі дзіця чытае, яно застаецца са сваімі думкамі сам-насам, не разважае ўголас, а калі глядзіць, яму трэба абавязкова падзяліцца ўбачаным, з кімсьці гэта абмеркаваць...

Эла ЯКУБОЎСКАЯ.

Міхаіл КУДЗЕЙКА:

— Самыя папулярныя на сённяшні дзень, вядома, менавіта экранныя медыя. У іх прысутнічае эфект саўдзелу і суперажывання героям. Калі мы глядзім кіно, то раствараемся ў яго прасторы, усё прапускаем праз эмацыянальную сферу, нам падносяць жыццёвую гісторыю ў сціслым выглядзе, вось чаму кінамастацтва валодае велізарным выхаваўчым і развіццёвым патэнцыялам. Праўда, часта экранныя медыя ідуць на тое, каб даць гледачу самы лёгкі змест, таму сёння вельмі шмат нізкапробных кінаматэрыялаў. Дзяцей, ды, шчыра кажучы, і дарослых, трэба вучыць чытаць кінатэкст, а не бачыць толькі сюжэт, вучыць адчуваць, суперажываць, аналізаваць і ацэньваць. Спосабаў далучэння да кінамастацтва можа быць шмат: дыскусійны клуб, кіналекторый, стварэнне тэматычнага блогу, дзелавой гульні «Здымаем кіно», школьнага кінаклуба. Галоўнае — памятаць, што калі мы толькі сядзім і глядзім — гэта проста прагляд. А, напрыклад, у рамках школьнага кінаклуба яго ўдзельнікі маюць магчымасць пазнаёміцца з дасягненнямі сучаснага кінематографа і прааналізаваць вопыт мінулага, абмяняцца думкамі і ўражаннямі, пачуць меркаванні спецыялістаў, на тэарэтычным і практычным узроўні спазнаць сакрэты кінаіндустрыі, пашырыць свае ўяўленні пра навакольны свет — гэта працэс фарміравання медыяадукаванасці ў адносінах да кінамастацтва, праяўленне ўменняў чытаць і інтэрпрэтаваць кінатэкст.

Міхаіл КУДЗЕЙКА.

Магія сацыяльных сетак

«ЗВЯЗДА»: Больш як 90 працэнтаў з тых, хто нарадзіўся ў ХХІ стагоддзі, маюць акаўнты ў розных сацыяльных медыя. Між іншым, старэйшаму пакаленню ёсць над чым задумацца: 80 працэнтаў «жыхароў» сацсетак давяраюць меркаванню сваіх анлайн-сяброў больш, чым сябрам у рэальным жыцці. Якіх правілаў павінны прытрымлівацца падлеткі ў сацыяльных сетках? І ці можна зайдзейнічаць гэты інтэрнэт-рэсурс у навучанні?

Алена ПАЛЕЙКА:

— Вядома, што ў развітых краінах свету спажыванне медыяпрадуктаў падлеткамі займае да 10 гадзін штодня. Шмат часу маладыя людзі (як і іх бацькі) праводзяць у сацыяльных сетках. Але трэба адзначыць, што розныя пакаленні паралельна суіснуюць у розных сетках. Як трапна заўважыў шведскі медыяпедагог Ёран Андэрсан, «калі ў Фэйсбук прыйшлі бацькі, дзеці пайшлі ў Інстаграм». Гэта цікавае і вельмі важнае назіранне... Амерыканскі медыяэколаг Лэнс Стрэйт апісаў неадназначныя праявы інтэрнэт-экспансіі на ўзроўні асобы: «Мы ствараем праект саміх сябе праз інтэрнэт, ствараем сваё аltеr еgо, электронных двайнікоў, свае адлюстраванні. Мы павялічваем колькасць роляў, якія іграем, колькась «Я», якія прымяраем. Мы прыдумляем псеўданімы, ствараем аватаркі, што прыводзіць да дэфармацыі асобы. Мы пакідаем сляды нашай асобы, памнажаючы сваё «Я» да ўзроўню, беспрэцэдэнтнага ў сусветнай гісторыі».

Зразумела, што сёння ёсць нейкія базавыя правілы, якія трэба ведаць пра сацыяльныя сеткі. Па-першае, тое, што інфармацыя ў інтэрнэце захоўваецца намнога даўжэй, чым у памяці людзей: калі яна туды трапіла, то застаецца там вельмі надоўга. І нават пасля выдалення даных з сеткі ўсё роўна застаецца іх след, напрыклад, на серверах пошукавых сістэм. Усё, што можна знайсці пра асобу ў інтэрнэце, уплывае не толькі на яе медыяімідж (а ён, у сваю чаргу, можа змяняцца ў залежнасці ад таго, якой інфармацыяй чалавек падзяліўся з сябрамі ці на якой старонцы пакінуў «лайк»). Трэба разумець, што сучасныя наймальнікі прымаюць рашэнні аб прыёме на работу не столькі па выніках гутаркі ці конкурсу, але і ўважліва праглядаюць профілі прэтэндэнтаў у сацыяльных сетках.

Па-другое, у стасунках з іншымі карыстальнікамі сетак трэба сачыць за правіламі этыкету гэтаксама, як і ў рэальных стасунках з людзьмі. Ананімнасць не азначае, што можна парушаць нормы маралі, паколькі заўсёды за «нікам» і «аватарам» стаіць рэальны чалавек, якога можна пакрыўдзіць...

Па-трэцяе, педагогі павінны тлумачыць вучням, што кожны карыстальнік сацыяльных сетак таксама аўтаматычна становіцца крыніцай масмедыя. Шмат падлеткаў неабачліва выкладваюць у інтэрнэце інфармацыю, якую нельга там размяшчаць, і яны не разумеюць наступстваў сваіх бяздумных паводзін. Кожны, хто распаўсюджвае нейкую інфармацыю ў сацыяльных сетках або робіць перапост, павінен задумацца над тым, як яго дзеянні могуць паўплываць на іншых.

Эла ЯКУБОЎСКАЯ:

— Вельмі часта падлеткі, якія актыўна кантактуюць у сацыяльных сетках, адчуваюць сябе сацыяльна ізаляванымі ў рэальным свеце. Гэта новая форма сацыяльнага аўтызму. У некаторых краінах набывае ўсё большую папулярнасць ідэя «фэйсбук-залежнасці» — нястрымнай цягі да стасункаў у сацыяльных сетках за кошт астатніх аспектаў жыцця. Разам з тым сацыяльныя сеткі могуць быць і адным з самых магутных стымулаў для навучання. Вельмі важна, каб вучні ўмелі правільна сфарміраваць сваю стужку навін у сацыяльных медыя. Бо яна можа складацца як з фатаграфій котачак, так і з ролікаў, якія дапамагаюць засвоіць законы фізікі, расказваюць пра тайны Сусвету, вучаць спраўляцца з рашэннем матэматычных задач, знаёмяць з робататэхнікай. І калі педагогі навучаць дзяцей гэта рабіць, то сацыяльная сетка перастане быць проста акенцам для забавак, а ператворыцца ў яшчэ адно акно ў вучобу.

Сацыяльныя сеткі — гэта месца, дзе можна займацца з групай вучняў адукацыяй. Для гэтага дастаткова стварыць чат і ў рэальным часе дзяліцца карыснымі спасылкамі, абмяркоўваючы іх, уносячы карэктывы. Выкарыстоўваць у такой працы можна любы кантэнт з інтэрнэту (аўдыя, відэа, тэкст і г. д.). Паралельна прапрацоўваюцца навыкі паводзін у інтэрнэт-прасторы (уменне працаваць з тэкстам, уменне даносіць інфармацыю так, каб яе зразумелі іншыя, пісьменнасць, навыкі павагі пры стасунках).

Калі фізікі плачуць?

«ЗВЯЗДА»: А як уменне крытычна аналізаваць інфармацыю можна адпрацоўваць на звычайных школьных уроках ці ўніверсітэцкіх занятках? Як спалучыць медыяадукацыйныя задачы з навучальнай праграмай?

Ала ЛАЗІЦКАЯ:

— Канцэпцыі медыяадукацыі ў нас няма. Спадзяёмся, што пакуль няма. Некаторыя ўвогуле асацыююць медыяадукацыю з інфарматызацыяй і памылкова лічаць яе мэтай навучанне выкарыстанню сучасных камп'ютарных і іншых лічбавых сродкаў і рэсурсаў. Але ў краіне ўжо дзейнічаюць 27 інавацыйных пляцовак па ўкараненні мадэлі фарміравання медыякультуры навучэнцаў. На мой погляд, самай перспектыўнай з'яўляецца інтэграцыя медыяадукацыі ў змест вучэбных прадметаў. Няма неабходнасці прыдумляць розныя спецкурсы і ламаць галаву, за кошт якога прадмета ўціснуць у навучальны план патрэбныя веды. Для павышэння медыяадукаванасці падыходзяць урокі геаграфіі і гісторыі, хіміі і біялогі, літаратуры і матэматыкі. Зразумела, што розныя тэматычныя раздзелы маюць розны медыяадукацыйны патэнцыял, дазваляюць рэалізаваць розныя аспекты медыяінфармацыйнай адукаванасці. Але ж няма такой тэмы, якая не дазваляе актуалізаваць пэўныя медыяінфармацыйныя кампетэнцыі. Задача сучаснага настаўніка — вызначыць гэты патэнцыял і выбраць найбольш эфектыўныя спосабы інтэграцыі медыяадукацыі ва ўрочную дзейнасць. Атрымліваючы новую порцыю інфармацыі, вучні павінны навучыцца разглядаць яе з розных пазіцый, рабіць высновы адносна яе дакладнасці і каштоўнасці.

З уласнага досведу магу сказаць, што выкарыстанне разнастайнай медыяінфармацыі на школьных уроках мовы і літаратуры дазваляе навучыць выяўленню схаваных у ёй сэнсаў, разуменню светапогляду аўтара. На такіх матэрыялах вельмі зручна навучаць школьнікаў аргументацыі ўласных выказванняў і фарміраваць уменне не толькі слухаць, але і чуць апанента — адным словам, развіваць крытычнае мысленне.

Ала ЛАЗІЦКАЯ.

Эла ЯКУБОЎСКАЯ:

— Мая задача — навучыць працаваць на ўроку фізікі з фізічнай інфармацыяй, якая сустракаецца ў медыякрыніцах. І калі медыйныя крыніцы інфармацыі будуць інтэграваныя ў кожны раздзел прадмета «Фізіка», вучні змогуць разам з прадметнымі кампетэнцыямі набываць і медыйныя. Вельмі карысная для фарміравання крытычнага мыслення работа з рэкламай. Дзеці, як правіла, цытуюць яе даслоўна, але абсалютна механічна. Дзякуючы частаму паўтарэнню змест рэкламы перастае ўспрымацца крытычна. Для прыкладу, у нас вельмі любяць рэкламаваць розныя цудадзейныя прыстасаванні. Пасыл зразумелы — калі ў цябе няма часу, каб хадзіць па ўрачах, ты купіў такі цуда-прыбор, і будзе табе шчасце. Разбіраемся разам з дзецьмі: хто прапаноўвае гэту рэкламу і з якой мэтай? Ці выклікае давер «эксперт»? Чым можна пацвердзіць правільнасць назвы «апарат квантавай тэрапіі»? Што могуць азначаць тэрміны, якімі аперыруюць рэкламадаўцы: «квантавая медыцына», «паліфактарнае ўздзеянне», «бактэрыцыднае сіняе святло», «экалагічна бяспечныя выпраменьванні»? Як чырвонае святло можа спраўляцца з хранічнымі захворваннямі? Ці можа сіняе святло аказваць заспакаяльнае і абязбольвальнае ўздзеянне? Што трэба ведаць, каб не «павесціся» на такую рэкламу?

Фізічныя памылкі сустракаюцца ў мастацкай, навукова-фантастычнай і вучэбнай літаратуры, шмат іх у кінафільмах. Узяць тую ж «Гравітацыю» ці «Інтэрстэлар». Ёсць жарт на гэту тэму: «Глядзеў фільм і плакаў. — А чаму плакаў? — Таму што фізік!» Прабачце, але шмат неверагоднай інфармацыі распаўсюджваюць і журналісты. На экалагічныя тэмы такое напішуць! Можна прапанаваць вучням на ўроку выказаць аргументы «за» і «супраць» выкарыстання наступных загалоўкаў у СМІ: «Радыеактыўныя адходы выкідаюць проста пад ногі гараджанам!», «Грошы схільныя не толькі да інфляцыі, але і да радыяцыі», «У радыеактыўных сценах людзі могуць пражыць, ні пра што не здагадваючыся, дзясяткі гадоў!»

Тамара МАЦКЕВІЧ:

— Работа з медыякрыніцамі на ўроку дазваляе актуалізваць прадметныя веды, пры гэтым дзеці будуць ведаць, што фізіку яны вучаць не толькі для настаўніка ці для сваіх бацькоў, але і для таго, каб не стаць ахвярай падману...

Наталля КАТЧАНКА:

— Настаўнікі замежнай мовы маюць шмат магчымасцяў для медыяадукацыйнай дзейнасці на ўроку. Для ўвядзення вучняў у іншамоўную камунікатыўную сітуацыю, адпрацоўкі актыўнай лексікі, развіцця навыкаў вуснай мовы можна выкарыстоўваць любы фрагмент тэлеперадачы, ролік з інтэрнэту, вытрымку з артыкула, цэлы артыкул ці цытату вядомага чалавека. Можна дыскутаваць, абменьвацца думкамі па розных праблемах у класе, у сацыяльных сетках або пісаць на электронную скрыню.

На ўроках у пачатковых класах настаўнік развівае асноўныя медыйныя ўменні вучняў: карыстацца слоўнікамі — як электроннымі, так і друкаванымі, рэсурсамі школьнай бібліятэкі, самастойна выбіраючы літаратуру і ўсе неабходныя крыніцы для вырашэння канкрэтнай задачы. Вучні пачатковай школы ўжо разумеюць, што для станоўчага выніку пошуку патрэбнай інфармацыі неабходна правільна сфармуляваць запыт. Яны могуць з недаверам паставіцца да розных паведамленняў. Калі такое здараецца, ведаюць, што інфармацыю неабходна праверыць. Разумеюць, што для рознай аўдыторыі (для сяброў, настаўнікаў, бацькоў) паведамленне можа мець розны характар.

Па самых розных тэмах з 5-га па 11-ы клас можна выклікаць вучняў на дыскусію і прапанаваць абмеркаванне ў інтэрнэце. Гэта можа быць і абавязковае дамашняе заданне, і проста прапанова падтрымаць дыскусію.

Якая карысць ад такой формы работы? Дзякуючы сацыяльным медыя з'яўляецца разуменне, што кожны можа выказаць сваю думку і падзяліцца ёй з іншымі для таго, каб дасягнуць пастаўленай перад сабой мэты. Мы можам параўноўваць, ацэньваць, што добра, а што дрэнна, і ў выніку прымаць уласнае рашэнне. Мы можам каментаваць, абмяркоўваць і сумесна ствараць новую ідэю. Медыяадукацыя адкрывае новыя магчымасці і для настаўнікаў, і для вучняў у плане асэнсавання сучаснай рэальнасці і нашай ролі ў ёй.

Асноўны матэрыял, з якім настаўніку прасцей за ўсё працаваць на дасягненне вышэйпералічаных мэт, — гэта друкаваныя і электронныя версіі замежных газет. У старшых класах я тлумачу: прачытаўшы толькі загаловак, цяжка спрагназаваць, пра што будзе артыкул. Ёсць такія загалоўкі, па якіх з першага погляду амаль што немагчыма прадказаць змест. Але тым яны і цікавыя. У старшых класах вучні асвойваюць шэраг кампетэнцый, якія складаюць крытычнае мысленне. Падзеі, што адбываюцца ў свеце, вельмі часта асвятляюцца з розных бакоў, нават з процілеглых. Дзе знайсці зерне праўды? Каму верыць? Настаўнік можа прапанаваць параўнаць два артыкулы па адной праблематыцы, знайсці ў кожным з іх аргументы, на якія аўтары акцэнтуюць увагу. Зрабіць выснову, чые аргументы гучаць больш пераканаўча і чаму.

Вельмі важна растлумачыць вучням, што існуюць факты і меркаванні, і навучыць іх адрозніваць першае ад другога. Хутчэй за ўсё, настаўнік будзе працаваць у такім выпадку з электроннымі выданнямі англамоўных газет. Самыя папулярныя сярод іх наступныя: Thе Guаrdіаn, Thе Hеrаld, Dаіlу Ехрrеss, Thе Іndереndеnt, Thе Оbsеrvеr, Thе Tіmеs, Thе Sun.

Наталля КАТЧАНКА.

Алена ПАЛЕЙКА:

— Сённяшняе грамадства — інфармацыйнае, і ўсе змены ў ім адбываюцца імкліва. Ёсць меркаванне пра два галоўныя дасягненні ці, умоўна кажучы, помнікі, якія паставіла сабе інфармацыйнае грамадства, — гэта Вікіпедыя і YоuTubе. Напрыклад, Вікіпедыя — фактычна помнік самаарганізацыі нашага грамадства: «хуткая энцыклапедыя» («wіkі» ў перакладзе азначае «хуткі») ствараецца (і пастаянна рэдагуецца, удасканальваецца) добраахвотнікамі з усяго свету на 283 сусветных мовах. Свабодная энцыклапедыя ўваходзіць у пяцёрку самых папулярных вэб-сайтаў у свеце. І гэта прыклад таго, як можна разам вучыць і вучыцца. Дарэчы, беларусы па сваёй актыўнасці ў напаўненні Вікіпедыі знаходзяцца на 56-м месцы. Гэта людзі, якія займаюцца стварэннем менавіта беларускага кантэнту, і свае артыкулы для «хуткай энцыклапедыі» яны пішуць у тым ліку і на беларускай мове. Апошнім часам нашы выкладчыкі вельмі паспяхова працуюць з Вікіпедыяй як платформай для навучання: студэнт замест рэферата атрымлівае заданне стварыць вікіартыкул па пэўнай тэме. Гэта азначае, што трэба не толькі навучыцца карыстацца даволі простымі шаблонамі стварэння тэкстаў у вікі, але ў першую чаргу ўмець правяраць крыніцы інфармацыі, крытычна яе ацэньваць, параўноўваць артыкулы на розных мовах і г. д. У свеце работа з Вікіпедыяй — ужо асобны кірунак у медыядукацыі, які паспяхова развіваецца. Яму нават прыдумалі назву — «вікідыдактыка». Ну а відэаблогерства — цяпер папулярная форма навучання праз інтэрнэт і вельмі запатрабаваная. Паглядзіце, колькі відэалекцый, майстар-класаў, урокаў можна паглядзець на YоuTubе. Школьны ютуб-канал — гэта наша рэальнасць.

Дзмітрый ГУБАРЭВІЧ:

— Мы праводзілі апытанне сярод выкладчыкаў БДУ і іншых універсітэтаў (цяпер рыхтуем да публікацыі артыкул). І адно з пытанняў гучала так: «Як павінна быць арганізавана развіццё медыяадукаванасці?» Толькі некалькі чалавек з агульнай колькасці апытаных заявілі, што гэта не з'яўляецца актуальнай задачай для сучаснай універсітэцкай адукацыі, а астатнія галасы падзялілся. Прыкладна палова апытаных сказалі, што медыадукацыя павінна быць элементам у кожным навучальным курсе, інтэгравацца ў яго. А другая палова выказала меркаванне, што медыяадукацыя павінна быць асобным прадметам, таму што ёсць шэраг пытанняў, якія не ўпісваюцца ў змест прадметаў, якія яны выкладаюць.

Тых, каму гэта тэма цікавая, мы запрашаем у «Медыямайстэрню ўніверсітэцкага выкладчыка». Цэнтр развіцця праблем адукацыі БДУ арганізаваў ужо тры такія медыямайстэрні, прычым кожны раз іх змест абнаўляецца больш чым напалову. Майстэрня спалучае два кірункі: мы асвойваем пэўныя інфармацыйныя тэхналогіі, якія дапамагаюць у працэсе выкладання, але пры гэтым развіваем і медыяадукаванасць саміх выкладчыкаў. Ёсць яшчэ адна задача — прапанаваць выкладчыкам метадычныя інструменты, якія дапамогуць ім развіваць медыяадукаванасць у іх студэнтаў.

Напрыклад, «Медыямайстэрня ўніверсітэцкага выкладчыка — 2017» налічвала сем метадычных семінараў. Удзельнікі медыямайстэрні вывучалі, як можна выкарыстаць сеткавыя рэсурсы ў працэсе выкладання, вучыліся аналізаваць інфармацыйныя паведамленні, разбіралі, як эфектыўна ўключыць у змест заняткаў паказ фільмаў і фатаграфій, як стварыць відэалекцыю і гэтак далей. Паміж семінарамі ўдзельнікі выконваюць заданні для самастойнай працы. Кожныя новыя сустрэчы традыцыйна пачынаюцца з абмеркавання вынікаў выканання «дамашняга» задання. Гэтак нашы ўдзельнікі запісвалі з дапамогай смартфона або планшэта прэзентацыйнае відэа пра сябе і навучальны курс, распрацоўвалі і рэалізоўвалі навучальнае заданне, накіраванае на засваенне студэнтамі прылад крытычнага аналізу інфармацыі, падбіралі відэа і фота для навучальнага курса.

Алена РАДЗЕВІЧ:

— Сёння важна, каб вучань не толькі ведаў, як «гугліць», але і ўмеў ацаніць атрыманае і прыняць правільнае рашэнне. Гэта можна лічыць адной з самых актуальных адукацыйных задач. Англійскі пісьменнік-фантаст Ніл Гейман у сваім артыкуле «Чаму наша будучыня залежыць ад чытання?» выказаў наступную думку: «Інфармацыя мае кошт, а правільная інфармацыя неацэнная. На працягу ўсёй гісторыі чалавецтва мы жылі ў часы недахопу інфармацыі. Яна была каштоўнай рэччу. І тыя, хто валодалі ёю, маглі разлічваць на ўзнагароду. У апошнія гады мы адышлі ад недахопу інфармацыі і падышлі да перанасычэння ёю. Зараз задача не ў тым, каб знайсці рэдкую кветку ў пустыні, а ў тым, каб адшукаць канкрэтную расліну ў джунглях. Нам патрэбная дапамога ў навігацыі, каб знайсці сярод гэтай інфармацыі тое, што нам сапраўды трэба».

Тры гады таму беларускія педагогі распачалі праграму ўкаранення медыяадукацыі ў школьнае выкладанне. Стварылі дыстанцыйны курс падтрымкі настаўнікаў. Напісалі дапаможнікі па медыяадукацыі. Сёння некалькі дзясяткаў школ маюць інавацыйныя пляцоўкі па фарміраванні медыяадукаванасці і медыякультуры, зацверджаныя Міністэрствам адукацыі. Аднак асноўная праца па фарміраванні ў вучняў крытычнага мыслення ў нас яшчэ наперадзе...

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Медыяджунглі: правілы выжывання

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?