Вы тут

Курганы і храмы Віцебшчыны


Лета — час падарожжаў, і адмыслова для чытачоў «ЛіМа» знакаміты беларускі падарожнік Юрый Жыгамонт узгадвае самыя адметныя вёскі і мястэчкі нашай краіны. Спадзяёмся, падрыхтаваная серыя публікацый натхніць на новыя вандроўкі. Шануючы старажытны Полацк, найперш выпраўляемся ў Віцебшчыну.


Падарожнік Юрый Жыгамонт ля касцёла ў Відзах

1. Лявонпаль (Міёрскі раён)

Лявонпаль — адна з самых знакамітых вёсак Віцебшчыны. У 1740-х гадах яна стала ўласнасцю Мікалая Лапацінскага, пракурора Вялікага Княства Літоўскага, які пазней стаў ваяводам берасцейскім і даволі ўплывовым палітыкам. Сядзібу для гаспадара пабудаваў італьянскі дойлід у модным на той час барочна-ракайльным стылі. Лявонпальская сядзіба праславілася на ўсё княства. Мікалай Лапацінскі перавёз сюды фамільны архіў, бібліятэку і мастацкую калекцыю, разбіў аранжарэі, дзе раслі ананасы, лімоны і шмат іншай экзотыкі. Сын Мікалая, Ян Нікадзім Лапацінскі, пашырыў сямейную калекцыю і стварыў у сядзібе сапраўдны музей. Таксама ў Лявонпалі была заснаваная друкарня, абсталяваны фізічны і хімічны кабінеты, тут выраблялі капелюшы, дзейнічала адна з першых у рэгіёне ткацкая фабрыка.

 Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай па Дзвіне прайшла мяжа з Расійскай імперыяй, і Лявонпаль стаў памежным мястэчкам. Калі ў 1791 годзе была прынятая Канстытуцыя Рэчы Паспалітай, Ян Нікадзім загадаў паставіць над Дзвіною высачэзны слуп — як сімвал свабоды і знак таго, што людзі тут жывуць незалежныя і вольналюбівыя.

Палац Лапацінскіх на працягу ХХ стагоддзя быў і касцёлам, і сельскагаспадарчым тэхнікумам — і такі захаваўся да нашага часу. Ёсць у Лявонпалі і старая драўляная царква, пабудаваная ў 1774 годзе як уніяцкі храм. У сярэдзіне ХІХ ст. яна была перададзеная праваслаўным. Тады ж было загадана спілаваць дзве вежы, якія ўздымаліся над храмам. Замест іх пабудавалі праваслаўны купал. У такім выглядзе Свята-Троіцкая царква дайшла да нашых дзён.

2. Друя (Браслаўскі раён)

Упершыню Друя ўзгадваецца ў 1386 годзе ў «Хроніцы…» Мацея Стрыйкоўскага. Горад-замак належаў вялікім князям літоўскім, але ў 1496 годзе князь Аляксандр падараваў Друю князям Масальскім і надаў мястэчку прывілей на вольны гандаль па Дзвіне.

Друя стала значным гандлёва-рамесніцкім цэнтрам, і ў 1619 годзе атрымала Магдэбургскае права дзякуючы клопату новага ўладальніка — канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі. Сапегам належала толькі частка мястэчка, якую яны назвалі Сапежын. Частка Друі і цяпер мае такое найменне.

За ўсю гісторыю тут было пабудавана больш за 20 храмаў. Асабліва прыгожым быў комплекс друйскага кляштара дамініканцаў, які ўзвёў у першай палове XVIII стагоддзя італьянскі архітэктар Антоній Парака. Але з тых часоў у мястэчку захавалася толькі невялічкая драўляная царква на старых могілках, а таксама Касцёл Найсвяцейшай Троіцы і кляштар бернардзінцаў, пабудаваныя ў 1644 годзе сынам Льва Сапегі Казімірам.

У 1923 годзе тут быў заснаваны першы ў гісторыі беларускі кляштар айцоў марыянаў. Усе манахі маліліся і гаварылі паміж сабою толькі па-беларуску. Ідэя стварэння такога кляштара належала беларускаму епіскапу Юрыю Матулевічу, які лічыў, што народ лепш зразумее закон Божы, калі будзе вывучаць яго на роднай мове. Дзякуючы Матулевічу марыяне заснавалі і беларускую гімназію імя Стэфана Баторыя. Неўзабаве Друя стала беларускім рэлігійным цэнтрам, але польскім уладам гэта не падабалася, і гімназію Стэфана Баторыя хутка закрылі. А Юрыя Матулевіча ў 1987 годзе далучылі да ліку святых...

3. Відзы (Браслаўскі раён)

У цэнтры Відзаў уздымаецца славуты Троіцкі касцёл, пабудаваны ў 1914 годзе ў стылі неаготыкі. Храм быў моцна пашкоджаны падчас дзвюх сусветных войнаў, але мясцовыя жыхары яго настойліва аднаўлялі.

Калі мераць па вежах, то Відзаўскі касцёл — самы высокі ў Беларусі. Калі ж мераць па крыжах, найвышэйшым будзе касцёл у Гервятах (таксама асвечаны ў гонар Найсвяцейшай Троіцы). Па крыжах вышыня Відзаўскага касцёла — 59 метраў, а Гервяцкага — 61 метр.

Відзы мелі розных уладальнікаў, і ў XVIII ст. шмат дамоў у мястэчку належала шляхцічам Ваўжэцкім. Па адной з версій, тут і нарадзіўся паплечнік Тадэвуша Касцюшкі, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794 года Тамаш Ваўжэцкі. Памёр Ваўжэцкі ў 1816 года ў Варшаве, а пахавалі яго на Бацькаўшчыне, у Відзах.

Пра нацыянальна-вызваленчы рух нагадвае і паўразбураная каталіцкая капліца, якая захавалася на выездзе з Відзаў у бок Відзаў-Лаўчынскіх. Яна была пастаўлена ў 1861 годзе, і яе сцены памятаюць паўстанцаў Каліноўскага, хлопцаў-касінераў. Відзы былі шматканфесійным мястэчкам. Адначасова з Троіцкім касцёлам у Відзах будавалася стараверская Успенская царква. Разам з каталікамі і праваслаўнымі жылі пратэстанты, іўдзеі, мусульмане. Таму ля мястэчка ёсць яўрэйскія і татарскія могілкі, якія часткова захаваліся да нашага часу. Каб адчуць сябе сам-насам з вечнасцю, можна пайсці ў горы, а можна і паблукаць па старых вялікіх могілках...

Касцёл Святой Веранікі ў Селішчы

4. Селішча (Ушацкі раён)

На месцы гэтай вёскі людзі жывуць з даўніх часоў, пра што сведчаць курганы побач з могілкамі. На сёння тут захавалася каля 50 курганоў. Падчас археалагічных раскопак у курганах знайшлі ножыкі, гліняны посуд, шкляныя пацеркі і нават бранзалет са стылізаванымі звярынымі галоўкамі. Археолагі выказалі думку, што гэтыя курганы балта-славянскія, кажучы папросту — крывіцкія.

Мясціны тут прыгожыя, азёрныя. Людзі, каб спыніцца на жытку, заўсёды выбіралі месца да душы. У XVII стагоддзі Селішча ўпадабалі і манахі-бернардзінцы. У 1726 годзе ўладальнік вёскі Язафат Сялява разам з сябрам Янам Рагозам пабудавалі для бернардзінцаў цагляныя кляштар і касцёл. Касцёл быў асвечаны пад тытулам святой Веранікі. Па архітэктуры храм паўтараў знакаміты касцёл езуітаў, які быў у Полацку, але не захаваўся.

Сёння напаўразбураны касцёл Святой Веранікі — адзін з нешматлікіх на Беларусі помнікаў эпохі барока. Некалі храм быў вельмі прыгожым усярэдзіне. Паміж калон у алтарах стаялі скульптуры святых. А на хорах месціўся арган, як сказана ў старых кнігах, дзіўнай прыгажосці, такога аргана не бачылі ні ў адным касцёле.

Уладальнікі Селішча жылі ў сядзібе недзе за паўтара кіламетра ад мястэчка — там, дзе сёння машынны двор. Ад панскай сядзібы захавалася некалькі гаспадарчых будынкаў.

5. Лужкі (Шаркаўшчынскі раён)

У XVI — XVII стст. Лужкі належалі слаўнаму беларускаму роду Сапегаў. А ў першай палове XVIII ст. вёску набыў харунжы гусарскай харугвы, пасол на соймы, кашталян брэсцкі і полацкі Валерыян Жаба.

Ён прывёз сюды рамеснікаў, вызваліў іх ад прыгону, надзяліў зямлёй і пэўнымі льготамі. У 1745 годзе Лужкі атрымалі статус мястэчка і сталі рамесніцкім цэнтрам акругі. Праз некалькі гадоў Жаба запрасіў сюды манахаў-піяраў. Галоўнай мэтай піяраў было выхаванне і навучанне моладзі, дзеля чаго яны стваралі калегіумы, дзе можна было атрымаць выдатную адукацыю. Да піярскага калегіума ў Лужкі ехалі з розных куткоў цяперашніх Беларусі, Літвы, Латвіі, Украіны...

Побач з калегіумам распачалося будаўніцтва касцёла. Гэты касцёл, асвечаны ў гонар Святога Архангела Міхаіла, — помнік архітэктуры віленскага барока. Калі б сцены яго загаварылі, мы б шмат даведаліся пра даўнія падзеі. Асабліва пра паўстанне 1831 года.

Менавіта Лужкі сталі цэнтрам паўстання ў Дзісненскім павеце. Але пасля паразы паўстання кіраўнікоў лужкоўскага камітэта Валенція Брахоцкага і Адама Татура расстралялі. Касцёл перадалі праваслаўным, пазней перабудавалі пад царкву. Падчас паўстання згарэла ўніяцкая царква, пабудаваная на грошы ўсё таго ж Валерыяна Жабы. Але ўніяты яе аднавілі. У 1839 годзе царква Нараджэння Прасвятой Багародзіцы была перададзеная праваслаўным вернікам і з таго часу ніколі не закрывалася.

Лужкі былі тыповым беларускім мястэчкам, дзе побач стаялі касцёл, царква і сінагога. Сінагога не захавалася, але засталіся старыя яўрэйскія дамы. У адным з вельмі падобных да іх нарадзіўся Лазар Перэльман, які атрымаў адукацыю ў Лужках. Захаваліся сцены школы, дзе вучыўся чытаць маленькі Лазар. Той самы, якога ўвесь свет ведае пад імем Эліэзера Бен-Іегуды. Бацька іўрыту, дзяржаўнай мовы сучаснага Ізраіля.

6. Новы Пагост (Міёрскі раён)

Да 1818 года цяперашнія вёскі Новы Пагост і Стары Пагост былі адным маёнткам. З пісьмовых крыніц Пагост вядомы з XV стагоддзя як месца збору даніны. У 1593 годзе ён стаў уласнасцю Льва Сапегі, і Сапега адразу ж выдаў фундуш на будаўніцтва святога касцёла. Касцёл быў драўляны — ён гарэў, адбудоўваўся і прастаяў больш за 100 гадоў, пакуль у 1766 годзе ксёндз Песляк не вырашыў узвесці новы дзвюхвежавы касцёл у гонар Святой Троіцы. Адрэстаўраваны і пашыраны, храм і сёння збірае вернікаў. У 1879 годзе ў вёсцы з’явілася і новая мураваная праваслаўная царква ў гонар Мікалая Цудатворцы, якая захавалася да нашых дзён.

У свой час пра Стары і Новы Пагост пісаў Вацлаў Ластоўскі, які хлапчуком бегаў тут па вясковых вулках. У 1910 годзе ў Новым Пагосце нарадзіўся славуты беларускі дырыжор і кампазітар Генадзь Цітовіч. Абодва любілі беларускую народную песню. Іх намаганнямі старадаўнія спевы, народжаныя на гэтай зямлі, дайшлі да нас праз стагоддзі.

Падрыхтавала Алеся ЛАПІЦКАЯ

Фота Генадзя Зайца

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.