Вы тут

Лукашэнка правёў нараду з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта


Гаворачы пра орган дзяржаўнага кіравання, які забяспечвае дзейнасць Прэзідэнта, Аляксандр Лукашэнка выказаў думку, што ўжо мінуў перыяд станаўлення яго работы. У той жа час магчыма ўдасканаленне, змяненне стылю працы. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ва ўдзельнікаў нарады меркаваннямі на гэты конт.


Вялікую ўвагу Аляксандр Лукашэнка ўдзяліў праблемам, што падлягаюць разгляду на ўзроўні Прэзідэнта:

— Такіх пытанняў нямала, пачынаючы ад удасканалення жыллёва-камунальнай гаспадаркі, — мы дамаўляліся на прыкладзе горада Мінска. Мы павінны ў найбліжэйшы час такую нараду правесці і сказаць усёй краіне, як будзем працаваць у гэтай сферы. Натуральна, павінна быць сур'ёзная аптымізацыя, работа з сабекоштам, каб выйсці на нізкія тарыфы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: цяперашні мэр Мінска ў свой час займаў пасаду міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Яму пастаўлена задача прывесці сталіцу ў ідэальны стан. У выпадку поспеху мінскі вопыт можна будзе распаўсюдзіць на ўсю сістэму.

У гэтым жа ключы Прэзідэнт закрануў тэмы сельскай гаспадаркі і адукацыі. Што да першай, то кіраўнік дзяржавы збіраецца яе абмеркаваць пасля ўборачнай кампаніі. Калі казаць пра адукацыю, Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены: тут усе кропкі над «і» павінны быць расстаўлены ў жніўні. Неабходна вызначыць тэрміны, у якія будуць вырашаны ўсе праблемы, што засталіся ў сферы.

— Напрыклад, падручнікі: калі, дзе, у якім аб'ёме мы прапрацуем новыя падручнікі і выдадзім іх? — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы.

Асобна Прэзідэнт звярнуўся да тэмы разняволення прадпрымальніцкай ініцыятывы:

— Мы павінны абмеркаваць гэту задачу з прыняццем рашэнняў на ўзроўні Прэзідэнта.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на перыядычнасць вынясення на ўзровень кіраўніка дзяржавы асобных пытанняў.

— Палітычны штаб Прэзідэнта — гэта Адміністрацыя Прэзідэнта. Эканамічны штаб Прэзідэнта — гэта Урад. Трэці, вельмі важны штаб — бяспека нашай краіны — Савет Бяспекі. Тры кіты асноўныя. Нам трэба дамовіцца пра перыядычнасць абмеркавання пытанняў, якія звязаны з палітыкай, ідэалогіяй, кадрамі, Адміністрацыяй Прэзідэнта, эканомікай, бяспекай...

Кіраўнік дзяржавы зазначыў, што адпаведная перыядычнасць павінна быць жорстка спланавана ў рабоце Прэзідэнта:

— Трэба выпрацаваць выразную сістэму, і па асноўных пытаннях мы павінны збірацца на маім узроўні і своечасова здымаць праблемы.

Яшчэ адно пажаданне кіраўніка дзяржавы: штоквартальная сустрэча Прэзідэнта з усёй вертыкаллю ўлады. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што падобная форма работы — так званыя пленумы ЦК — існавала ў часы Савецкага Саюза.

— Яны праходзілі адзін раз у квартал мінімум, а пры неабходнасці і часцей. Да гэтага трэба вярнуцца, падумаць па форме правядзення такіх мерапрыемстваў. Там мы будзем абмяркоўваць сур'ёзныя пытанні, якія датычацца развіцця ўсёй краіны. Напрыклад, сельская гаспадарка, ЖКГ, пра што я казаў, ды і адукацыя таксама — гэта агульнанацыянальныя пытанні.

У тэму

Задача — дайсці да кожнага чалавека

Наталля Качанава, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, расказала журналістам:

— Нарада адбылася па найбольш актуальных пытаннях, якія неабходна вырашаць у найбліжэйшы час і на перспектыву. Такія нарады будуць праводзіцца практычна штомесяц. Акцэнт сёння быў зроблены перш за ўсё на рабоце з грамадзянамі. Была выразна пастаўлена задача дайсці да кожнага чалавека. Гэта выязныя прыёмы па асабістых пытаннях, справаздачы кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, мясцовых органаў улады перад насельніцтвам, перад працоўнымі калектывамі, — каб людзі чулі і ведалі, якія сёння стаяць задачы перад тым ці іншым працоўным калектывам, якія задачы пастаўлены на перспектыву і як у далейшым будзе працаваць прадпрыемства ці арганізацыя, як будзе развівацца той ці іншы рэгіён нашай краіны.

Акрамя таго, быў зроблены акцэнт на падборы і расстаноўцы кадраў. Гэта вельмі важнае пытанне. Перш за ўсё, тут сур'ёзная роля адведзена Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, якая займаецца падрыхтоўкай кадраў. Таму тут выразна абазначаны задачы па перафарматаванні гэтай работы. Сапраўды, там павінны навучацца тыя людзі, якія ў перспектыве будуць займаць кіруючыя пасады.

Былі разгледжаны пытанні эканамічнага блока. Гэта заработная плата, занятасць, тыя пытанні, якія хвалююць сёння ў цэлым жыхароў нашай краіны. Сур'ёзная ўвага ўдзяляецца пытанням работы са зваротамі грамадзян.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Тэмы найвышэйшага ўзроўню

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.