Вы тут

Адкрыты памятны знак у гонар загінулых падчас вайны штрафнікоў


На Магілёўшчыне ўрачыста адкрылі першы ў краіне памятны знак у гонар загінулых падчас вайны штрафнікоў.

Ён паявіўся каля дарогі непадалёк ад вёскі Дрануха Чавускага раёна, там, дзе ў 1943—1944 гадах дзевяць месяцаў стаяў фронт і ішлі кровапралітныя баі. Па некаторых звестках, яны былі яшчэ жахлівейшыя за сталінградскія.


— Ініцыятарамі помніка сталі пошукавікі клуба «Віккру», а кіраўніцтва раёна падтрымала гэтую прапанову, — кажа намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Юлія Гаранінава. — Гэта раней лічылі, што ў штрафбатах ваявалі адны крымінальнікі. Цяпер мы ведаем, што гэта было далёка не так.

На кавалачку зямлі сціплы камень з гранітнай таблічкай, на якой пазначаны асобны штрафны батальён і пералічаны штрафныя роты: «Байцам, камандзірам пастаяннага і пераменнага складу штрафных падраздзяленняў Чырвонай Арміі, якія загінулі ў баях за вызваленне Беларусі на Чавускай зямлі з 2.10.1943 г. па 23.06.1944 г. ... Схіляем галовы ў знак светлай памяці». Кажуць, яшчэ да афіцыйнага адкрыцця помніка месца ўжо было завалена кветкамі. Да яго ішлі мясцовыя жыхары, старыя людзі, якія на момант вайны былі малалетнімі дзецьмі.

— Гэта тыя часці, якія нам удалося ўстанавіць на сённяшні дзень, — кажа старшыня магілёўскага абласнога клуба «Віккру», ваенны пісьменнік Мікалай Барысенка. — Яны ж доўгі час былі засакрэчаныя. Найбольш поўная інфармацыя пакуль у нас па Чавускім раёне, бо гэта болей адпрацаваны намі раён.

З 16 па 24 чэрвеня на тэрыторыі Чавускага і Быхаўскага раёнаў праходзіць вахта памяці. На 23 чэрвеня байцамі клуба «Віккру» і 52-га асобнага пошукавага спецыялізаванага батальёна Міністэрства абароны былі падняты астанкі 24 байцоў. Знойдзены таксама два медальёны, адзін з якіх належыць ураджэнцу Запарожскай вобласці Івану Кірылавічу Шутаву. У архівах захаваўся ліст ад яго маці, якая ў 1948 годзе шукала сына, але так і не змагла знайсці. Больш за 70 гадоў ён лічыўся зніклым без вестак. І толькі нядаўна стала вядома, што месцам яго пахавання стала быхаўская зямля.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulуа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: «У прарыў ідуць штрафныя батальёны...»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.