Вы тут

Што будзе з Гібралтарам пасля «брэксіту»?


На гэтым тыдні «брэксіт» уступіў у практычную фазу. Брытанскі міністр па выхадзе з Еўрасаюза Дэвід Дэвіс і галоўны перамоўшчык ЕС Мішэль Барні пачалі ў Бруселі насамрэч гістарычныя перамовы. Пытанне «шлюбаразводнага ўрэгулявання», па некаторых падліках, будзе каштаваць да 50 млрд фунтаў стэрлінгаў (больш за 57 млрд еўра). Пры гэтым, паводле ацэнак The Fіnancіal Tіmes, «брэксіт» можа абысціся Брытаніі нават у 100 млрд еўра з-за ўзмацнення жорсткасці патрабаванняў з боку краін — членаў саюза. За ўсімі гэтымі грашовымі жарсцямі пакуль за дужкамі застаецца пытанне, якое наўпрост датычыцца дзясяткаў тысяч жыхароў пакуль яшчэ адзінай Еўропы, — лёс Гібралтара, адзінай заморскай тэрыторыі Вялікабрытаніі, якая з'яўляецца часткай ЕС. Што чакае гэтую тэрыторыю?


Ад Геркулеса да Гусмана

Гібралтар — гэта і праліў, і краіна, і горад, і паўвостраў, і крэпасць. Усё мае адну назву. А гэтаксама і доўгую гісторыю — археолагам удалося высветліць, што старажытныя паселішчы тут датуюцца некалькімі дзясяткамі тысяч гадоў да нашай эры. Рымляне называлі гэтае месца Геркулесавыя слупы (горы Гібралтар і Гара-Муса). Паводле старажытнага міфа, магутны Геркулес на шляху да вострава Эрыфея сустрэў Атласкія горы. Замест таго, каб абыйсці іх, ён прайшоў скрозь горы, балазе сіла дазваляла. Шлях, што ўтварыўся ў выніку «шпацыру» асілка, і ёсць праліў Гібралтар, а Геркулесавыя слупы — гэта тое, што засталося ад гор.

Уся каштоўнасць тэрыторыі — у яе геаграфічным размяшчэнні. Гібралтар знаходзіцца паміж Міжземным морам і Атлантычным акіянам. Другая назва — Скала, найбольш дакладна яго характарызуе. Скала даўжынёй каля пяці кіламетраў і шырынёй 1,2 км — гэта паўвостраў. Найвышэйшая кропка знаходзіцца на вышыні 426 метраў над узроўнем мора. Але гэта не проста камяні. З вышыні і з поўначы Скала непрыступная, таму мае важнае стратэгічнае значэнне. Фінікійцы і карфагеняне ладзілі на Гібралтары стаянкі караблёў. У часы Рымскай імперыі Скала знаходзілася на яе тэрыторыі, а з яе заняпадам аказалася пад уладай германскіх плямёнаў — вандалаў і готаў. Стратэгічнае месца ацанілі маўры. У 711 годзе яны ўварваліся ў Іспанію, адсунулі вестготаў і на паўночным мыску Гібралтара пабудавалі сваю крэпасць. Назвалі маўры гэтую цвярдыню ў гонар свайго правадыра Тарыка-ібн-Саіда «Гара-ат-Тарык», што значыць гара Тарыка. З часам, пад уплывам моўных асаблівасцяў, назва ператварылася ў Джыбралтар. Гэтак жа называлі і горад, які будаваўся вакол замка, а пасля і праліў. Для маўраў крэпасць была вельмі важным фарпостам, першым у Еўропе, які належаў ім. Адтуль яны здзяйснялі набегі на няверных.

Еўрапейцам жыццёва неабходна было завалодаць Скалой. Крэпасць шмат разоў трымалі ў аблозе нармандцы, касцільцы, іспанцы. У 1309 годзе дон Алонса Перэс дэ Гусман яе захапіў. Кароль Фердынанд ІV пастанавіў, што з гэтага часу тут будзе месца ссылкі злачынцаў. Але маўры хутка вярнулі Гібралтар назад. А ў 1462 годзе іспанцы зноў адваявалі паўвостраў. Праз некалькі дзесяцігоддзяў адбылася новая аблога. Ужо не еўрапейцы, а алжырскія піраты вырашылі зрабіць Скалу сваёй уласнасцю. Аднак подступы да крэпасці былі непрыступныя.

Іспанцы змаглі ўтрымліваць Гібралтар на працягу 250 гадоў. У перыяд каланіяльных заваёў, у пачатку XVІІІ стагоддзя, гэтая тэрыторыя зноў зацікавіла многія еўрапейскія дзяржавы. У 1704 годзе англічане і галандцы за адзін дзень адбілі Скалу ў іспанцаў. З 1713-га, паводле Утрэхцкага дагавора, паўвостраў стаў уласнасцю Вялікабрытаніі. Але Іспанія не змірылася са стратай Гібралтара і рабіла шмат спроб вярнуць яго сабе.

Смуга, фунт і чароўны мэр

Заўсёды раніцай на Скалу, якую з Іберыйскім паўвостравам злучае невялікі перашыек, апускаецца смуга — здаецца, сама прырода нагадвае, што гэта тэрыторыя Туманнага Альбіёна. Ад мяжы ў горад вядзе праспект Уінстана Чэрчыля. Ён перасякае ўзлётную паласу — калі там прызямляецца самалёт, уключаецца чырвоны сігнал святлафора для пешаходаў і аўтамабіляў. Аэрапорт будавалі ў гады Другой сусветнай вайны, адкрылі ў 1949 годзе. У 2000-х дамовіліся, што тэрмінал, пабудаваны на брытанскім баку, будзе дабудаваны і на іспанскі — каб жыхары Іспаніі змаглі карыстацца гэтым аэрапортам без неабходнасці перасякаць мяжу. Аднак планы засталіся нерэалізаваныя. Зараз тут садзіцца і ўзлятае ўсяго некалькі самалётаў у дзень — рэйсы ёсць толькі ў Брытанію і Марока, ніводнага самалёта да іспанскіх гарадоў не лётае. Усе назвы вуліц, магазінаў, устаноў Гібралтара на англійскай мове. Па канстытуцыі — яна адзіная афіцыйная. Насамрэч мясцовыя жыхары гавораць на ўласнай мове яніт (саміх жыхароў Скалы так і называюць — янітас). Гэта своеасаблівая сумесь англійскай і іспанскай моў з выяўленым андалузскім акцэнтам, але ў ёй ёсць запазычанні і з італьянскай, партугальскай, мальтыйскай, іўрыту.

Нелегальных мігрантаў у Гібралтары няма — нягледзячы на тое, што са Скалы пры добрым надвор'і Афрыку відаць няўзброеным вокам, да яе ўсяго 20 кіламетраў. Плыць у Гібралтар ім сэнсу няма — перайсці мяжу з Іспаніяй без дакументаў немагчыма.
За апошнія пяць гадоў быў толькі адзін выпадак, калі да берагоў прычаліла лодка з афрыканцамі. Чырвоныя тэлефонныя будкі, на фоне якіх любяць фатаграфавацца турысты, месцамі трапляюцца двухпавярховыя аўтобусы, скрыні каралеўскай пошты, форма паліцэйскіх, нумары машын — спераду белыя, ззаду жоўтыя, грашовая адзінка — фунт, хоць і гібралтарскі, роўны па курсе фунту стэрлінгаў. Усё сведчыць аб тым, што гэта тэрыторыя Вялікабрытаніі. Аднак сама кіраўнік дзяржавы была тут усяго адзін раз — у маі 1954 года. Візіт каралевы адбыўся ў 250-ю гадавіну ўзяцця Гібралтара, у адказ улады Іспаніі закрылі сваё консульства і ўвялі абмежаванні на свабоду перамяшчэння паміж Гібралтарам і Іспаніяй. Больш каралева тут не з'яўлялася.

Кіраўніка дзяржавы ў Гібралтары прадстаўляе губернатар, са студзеня 2016-га гэтую пасаду займае старшы афіцэр Каралеўскай марской пяхоты Эдвард Дэвіс. Ёсць і мэр горада, якога прызначае парламент, але гэта выключна цырыманіяльная пасада. Цяпер яе займае Міс Свету — 2009 (адзіная пераможца гэтага конкурсу родам з Гібралтара) Каяне Алдарына. У падпарадкаванні брытанскіх улад знаходзяцца толькі знешняя палітыка, бяспека і абарона Гібралтара (у гэтым стратэгічным рэгіёне размешчана брытанская ваенная база, а ў порт рэгулярна заходзяць ваенныя караблі і падводныя лодкі краін НАТА). Усе пытанні ўнутранай палітыкі гібралтарцы вырашаюць самі. У выбарах у брытанскі парламент яны не ўдзельнічаюць, затое абіраюць уласны парламент, у якім 17 дэпутатаў. Тут свой урад, свая канстытуцыя, свае суды і свая падатковая сістэма.

Да апошняга магота

Двойчы — у 1967 і 2002 гадах — на рэферэндумах жыхары Гібралтара выразна заявілі, што не збіраюцца мяняць свой цяперашні статус брытанскіх падданых і пераходзіць поўнасцю або часткова пад іспанскі суверэнітэт. За брытанскі Гібралтар у 1967-м прагаласавала 99,64% насельніцтва (12 138 жыхароў супраць 44), праз 35 гадоў — 98,97%. У 1967-м для гібралтарцаў гэта абярнулася блакадай, якую аб'явіў іспанскі ўрад дыктатара Франсіска Франка. Гібралтар быў цалкам «адрэзаны» з сушы: закрыта мяжа, перарваныя тэлефонная і паштовая сувязь, з'явіліся падзеленыя сем'і па розныя бакі мяжы. Каб трапіць у Іспанію, у жыхароў Гібралтара было два варыянты — або ляцець у Лондан, а адтуль вяртацца ў Іспанію, або плыць на пароме да мараканскага Танжэра, а адтуль па моры ў іспанскі порт Альхесірас.

Цалкам блакаду знялі толькі ў 1985 годзе, праз дзесяць гадоў пасля смерці Франка — пры сацыялістычным урадзе Фэліпэ Гансалеса. «Многія аказаліся перад выбарам — застацца з сям'ёй або захаваць працу. Сімвал закрытай мяжы быў тут, — кажа выканаўчы дырэктар Гандлёвай палаты Гібралтара Эдвард Маквістан. — Усе гэтыя меры былі распачатыя Франка, каб прынізіць Гібралтар, і гэта не спрацавала. Гэта не спрацавала тады і сапраўды не спрацуе цяпер».

З дзясяткаў тысяч чалавек, якія штодня перасякаюць тут мяжу, 12 тысяч — жыхары Іспаніі, якія працуюць у Гібралтары. Пераважная большасць з іх жывуць у памежным горадзе Ла-Лінэ-дэ-ла-Кансэпсьён, адным з самых бедных у краіне. Тут беспрацоўе перавышае 30%, і Гібралтар для іх часта — адзіная магчымасць знайсці працу. Верагоднае змяненне пагранічнага рэжыму пасля выхаду Вялікабрытаніі з ЕС можа стаць сапраўднай катастрофай для горада, доўг якога дасягнуў 160 мільёнаў еўра, а каб яго выплаціць, спатрэбіцца 22 гады. «У Гібралтары беспрацоўе 3%, а тут 33%. Такой розніцы ў даходах на мяжы няма ва ўсім ЕС», — кажа мэр Ла-Лінэ Хуан Франка.

Іспанія зноў актыўна загаварыла аб «сумесным суверэнітэце» адразу пасля таго, як сталі вядомыя вынікі рэферэндуму аб выхадзе Вялікабрытаніі з Еўрасаюза ў чэрвені мінулага года. На ім па цалкам зразумелых прычынах 96% жыхароў Гібралтара, якія прынялі ўдзел у галасаванні (яўка аказалася вельмі высокай — 84%), прагаласавалі за тое, каб Злучанае Каралеўства заставалася часткай адзінай Еўропы. Такой колькасці галасоў «за» не было нідзе больш у Брытаніі.

Палеміка з новай сілай разгарэлася вясной сёлета — пасля таго як Брусель стаў на бок Іспаніі ў гэтай спрэчцы. ЕС заявіў, што на перамовах аб выхадзе Вялікабрытаніі з Еўрасаюза пытанне Гібралтара асобна абмяркоўвацца не будзе. Гэта значыць, ён пакіне Еўрасаюз разам з астатняй Брытаніяй — без якіх-небудзь агаворак або дадатковых умоў. У Бруселі далі карт-бланш Іспаніі: Мадрыд атрымае права накладаць вета на распаўсюджванне на Гібралтар любых пагадненняў, якія ўдасца дасягнуць з Лонданам пасля завяршэння брытанска-еўрапейскага «разводу». Фабіян Пікарда назваў старшыню Еўрапейскага савета Дональда Туска «падманутым мужам, які пры разводзе зрываецца на дзецях».

Яшчэ больш ваяўнічыя заявы прагучалі з Лондана. Міністр абароны Вялікабрытаніі Майкл Фэлан заявіў, што краіна будзе абараняць гібралтарцаў «любымі спосабамі». Былы лідар кансерватараў Майкл Ховард пайшоў яшчэ далей: ён прыстрашыў, што Брытанія гатовая адстойваць інтарэсы ў Гібралтары, у тым ліку пры дапамозе ваенных сродкаў, як гэта было ў выпадку з Фалклендамі. Ховард нагадаў, што тады прэм'ер Маргарэт Тэтчэр «накіравала аператыўную групу праз паўсвету, каб абараніць свабоду маленькай групы брытанцаў ад іншай іспанамоўнай краіны», і выказаў упэўненасць, што цяперашні прэм'ер Тэрэза Мэй «прадэманструе тую ж рашучасць у абароне жыхароў Гібралтара». Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі ў сваю чаргу заявіла, што не дазволіць Гібралтару сысці з-пад брытанскай юрысдыкцыі без згоды гібралтарцаў.

Нізкія падаткі (у Гібралтары няма ПДВ і нізкі падатак на прыбытак: для большасці кампаній — 10%, для кампаній у сферы азартных гульняў — 11%) прыцягваюць бізнес: у асноўным у сферы фінансаў, страхавання, анлайн-гульняў, анлайн-продажаў. Салідны прыбытак у тутэйшы бюджэт прыносіць бункероўка — дазапраўка караблёў у порце. За дзесяць гадоў рост новых працоўных месцаў склаў 50% — з 16 тысяч да 27 тысяч. «Такога паказчыка няма больш нідзе ў Еўропе. Большасць еўрапейскіх эканомік рухаюцца ў адваротным кірунку», — заўважае выканаўчы дырэктар Гандлёвай палаты Гібралтара. Ён упэўнены: нават пры дрэнным збегу абставін гэтая тэрыторыя зможа працягваць паспяхова развівацца. «Рэсурс Гібралтара — гандлёвае мысленне, здольнасць шукаць магчымасці і спосабы іх рэалізацыі. У нас вялікі інстынкт выжывання», — кажа эксперт.

І апошняе. Гібралтар — адзінае месца ў Еўропе, дзе жывуць дзікія малпы — маготы. Дык вось, па мясцовым павер'і, ён будзе брытанскім, пакуль жывая хоць адна макака. У час Другой сусветнай вайны, калі на Скале засталося ўсяго сем малпаў, брытанскі прэм'ер Уінстан Чэрчыль распарадзіўся неадкладна прывезці макак з Марока. Цяпер папуляцыя налічвае больш чым 200 асобін.

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Скала разладу

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.