Вы тут

Мудрагелістыя сумяшчэнні ў дакументальным кіно


Казачныя матывы, боская прысутнасць і сацыяльны аспект.

Дастаткова праанансаваць новую карціну Андрэя Куцілы «Цар гары» як «дакументальны фільм пра беларускага відэаблогера з вёскі», каб заінтрыгаваць ахвочага да парадоксаў гледача. Гэта ўжо гучыць прывабна, але эфект можна ўзмацніць, дадаўшы, што карціна расказвае аб жаданні жыць у вёсцы «сярод таго, што створана прыродай», пра спробы супрацьстаяць рэчаіснасці, пошук боскіх праяў у паўсядзённым жыцці, галадоўку як спосаб прыцягнуць увагу. І хоць у цэлым гэта гучыць востра, грунтоўна, глабальна, «Цар гары» падыходзіць да ўсяго з нейкім фарсам, а гэта — вельмі своеасаблівае і заўсёды займальнае прачытанне зямных недасканаласцяў.


 

Камедыйная танальнасць у кантэксце па сутнасці невясёлых праблем абумоўлена героем і яго блогам, што рэжысёр разумна скарыстоўвае. Цар гары — гэта «творчы» псеўданім Сямёна Дзьячка, які з жонкай Ірынай і двума дзецьмі жыве на хутары каля маланаселенай («два з паловай чалавекі») вёскі і займаецца фермерствам. Сямён Дзьячок вядзе відэаблог на Youtube, дзе расказвае пра сваё вясковае жыццё, — урыўкі з блога і працэс здымак відэа ўключаны ў фільм. Манера героя гаварыць, яго жарты, некаторае дзяцінства, сам факт вядзення відэаблога, у якім мільгаюць суды і райвыканкам, зводзяць карціну да нейкай прастадушнай усмешкі. Хоць, паўтаруся, калі абстрагавацца ад формы, смеху і блазнерства, разумееш, што ў сацыяльным кантэксце ўнутры фільма аказваецца беспрасветны цяжар патавай сітуацыі.

У шырокай тэме вясковага жыцця маладой сучаснай сям'і фільм выйшаў на некалькі цікавых напрамкаў. Па-першае, гаворка ідзе не пра фермерства на глухім хутары і жыццё сярод палёў і лясоў, а пра неналежную камунікацыю паміж індывідам і дзяржавай, з-за чаго немагчыма канцэнтравацца на сельскай гаспадарцы і вучыцца на ёй зарабляць. У відэаблогу Цар гары расказвае, як з-за афрыканскай чумы прыйшлося прадаць за бясцэнак пяцьдзясят галоў свіней, а калі сям'я стала займацца авечкамі і гаспадарка толькі-толькі пачала прыносіць прыбытак, на галаву зваліліся штрафы...

Сям'я Дзьячкоў спрабуе вырашыць праблемы, але ў выніку задаецца пытаннем, ці не лепш усё кінуць і заняцца нечым іншым. Ролі кожнага гульца ў гэтым сюжэце палярныя і відавочныя, як у казцы: вось моцны, вось — абдураны. З гэтай палярнасцю, своеасаблівай пастараллю і матывам пэўнай прадвызначанасці «Цар гары» і падаецца казкай, хоць і не адрозніваецца відавочнай мараллю і шаблоннай структурай.

Па-другое, светапогляд герояў кіруецца верай у Бога, а рэжысёр пранізвае яе прысутнасцю ўвесь фільм. Духоўнае жыццё для Дзьячкоў — першапачатковая мэта (а фермерства — толькі спосаб). Яны жывуць згодна з Богам, знаходзяць яго знакі, абапіраюцца на яго дапамогу. У Цара гары на Youtube — амаль сорак падпісчыкаў: ён расказвае, як у Брэсце яго пазнаў малады чалавек, прызнаўся, што глядзіць кожнае відэа і таксама хоча пераехаць у вёску. Гэты выпадак натхніў Сямёна і дапамог працягнуць весці блог. Бываюць жа выпадковасці! Але Ірына знаходзіць гэтаму цалкам для яе лагічнае тлумачэнне, маўляў, «гэта Бог дапамагае не пакідаць гэтую справу». У рэлігійнай узгодненасці і ёсць прычына лёгкасці «жанру» і падстава назваць канцоўку шчаслівай. Вера абумоўлівае ўсведамленне існавання двух светаў і перавагу, вядома ж, боскага. Зямныя цяжкасці для сям'і Дзьячкоў ніколі не будуць катастрафічнымі, таму што сапраўдная катастрофа ляжыць у іншай плоскасці, а ўсё рэальнае — часовае другаснае выпрабаванне. Гэтым абумоўлена адпаведна і прастата, з якой героі (прынамсі, у рамках фільма) ставяцца да праблем, а значыць, і танальнасць фільма «Цар гары».

Зусім не сацыяльная іронія аказваецца ў карціне асноўнай. Зямное якраз суадносіцца з духоўным і паказвае ўзважанае і карыснае суіснаванне. Гэта перасячэнне падкрэсліваецца, выпадкова ці не, крыху абсурдным (што дарэчы, зноў жа адсылае да казкі) матывам галадоўкі, якую аб'яўляе галоўны герой і абмяркоўвае ў сваім блогу. Галадоўка, вядомая як духоўная практыка і як сацыяльны пратэст адначасова, звязвае стасункі з кантэкстам і стасункі з Богам.

Нарэшце, па-трэцяе, варта адзначыць самы прыземлены момант, уключаны ў тэму карціны, а менавіта сам парадокс, які фільм невідавочна, але прыкмячае: у краіне, у якой раз-пораз кажуць аб адраджэнні вёскі, прыцягненні маладых сем'яў, стварэнні для іх адпаведных умоў, спробы канкрэтнай сям'і пабудаваць тут жыццё правальваюцца.

Гэты парадокс актуальны менавіта сёння. Кіно без дзяржаўных датацый расказвае пра краіну больш, чым фільмы за бюджэтныя грошы, якія выдаткоўваюцца з нейкімі стратэгіяй, матывамі і мэтамі. А быць бліжэй да запытаў сучаснасці — якраз тое, што нам трэба ўжо дваццаць шэсць гадоў усведамлення сябе самастойнай краінай. Сапраўдная фіксацыя вобразаў у кадры — гэта прырода кіно, і калі яно занадта аддаляецца ад рэчаіснасці, у выніку заходзіць у тупік. Таму, калі кінематаграфіі патрабуецца штуршок для развіцця, яна прыходзіць да рэалізму (так адрадзілася італьянскае кіно ў пасляваенны час, атрымала другое дыханне французскае кіно сваёй Новай хваляй у 50-х). «Афіцыйны» беларускі кінематограф адышоў ад рэальнасці, на жаль, катастрафічна і не стварае ні праўдзівасці атмасферы, ні праўдзівасці вобраза.

Фільм «Цар гары», што важна, названай прыроды кіно трымаецца і пры гэтым, як бачым, гучыць поліфанічна: ахоплівае рэчаіснасць, узнёсласць і нават пракладвае паміж імі мост. Цікава абыходзіцца з формай (фільм доўжыцца больш за сорак хвілін), дае падставу бачыць канцоўку, насуперак павярхоўнаму погляду, шчаслівай, пры гэтым захоўвае відавочнасць уласна беларускіх праблем. Больш за тое, персона галоўнага героя — з яго стасункамі з жонкай, заняткамі, стаўленнем да праблем, ляжаннем на ложку, балбатнёй — стане асобнай тэмай для разваг. Усё змяшалася ў доме Дзьячкоў: узнёслае і зямное, смех і няшчасці, безвыходнасць і хэпі-энд. А галадоўка Цара гары скончылася на трэці дзень. І ў выніку «ўсяму гэтаму наступілі дажынкі».

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.