Вы тут

Карысць натхнення для прамысловасці


...Перш чым трапіць у залу, трэба было прайсці праз дэгустыцыю: бярозаўскія сыры і ёгурт, іншая смаката мясцовага вырабу былі дарэчы для тых, хто прыйшоў на гала-прадстаўленне міжнароднага літаратурна-музычнага фестывалю «Славянскі вянок». Яшчэ да пачатку, паглядзеўшы ў абвестку з імёнамі ўдзельнікаў паэтычнага конкурсу, можна было зразумець: гэта сур'ёзна і надоўга. Уласна, на тое і спадзяваліся: у новым Палацы культуры горада Бярозы, што на Брэстчыне, сабралася поўная зала: фестываль, які адбываўся сёлета чацвёрты раз, упершыню стаў святам для ўсяго раёна.


Насамрэч, фестываль заснаваў Бярозаўскі сыраробчы камбінат, які таксама займаецца творчасцю на сваім узроўні: добры сыр ці кефір робіцца з душой, тым больш што смачныя прадукты самі здольныя дарыць натхненне. А добрыя сябры ў іншых краінах, багатыя кантакты — гэта яшчэ і дапамога маркетынгу. Ды не толькі для аднаго прадпрыемства. Яго справа аказалася вельмі плённай, да арганізацыі фестывалю далучыўся райвыканкам. Папярэднія гады пацвердзілі, што людзі з задавальненнем ідуць слухаць паэзію і іх нават зачароўвае магчымасць паслухаць вершы на дзевяці славянскіх мовах — столькі краін было прадстаўлена ў праграме. І столькі разоў Яўген Тарасюк, намеснік старшыні Бярозаўскага райвыканкама, прамовіў прывітальныя словы, старанна перадаючы іх адметнасць на розных мовах. А вядучыя ад пачатку і да канца канцэрта прадстаўлялі ўдзельнікаў на чатырох мовах: беларускай і польскай, рускай і ўкраінскай. Асаблівую культуру кожнай з краін пастараліся прадставіць мясцовыя калектывы: падрыхтавалі танцы розных народаў, паказалі сябе ва ўсім бляску і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці сыркамбіната — на любой мове заспяваюць! Як і маладая паэтка Алена Казловіч-Усцілоўская — піша вершы не толькі па-беларуску, але і па-польску. Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бярозаўскага райвыканкама Аляксандр Крагель адзначыў: «Гэтым фестывалем мы ствараем пляцоўку, каб нашы паэты маглі пачытаць свае вершы». Гэта істотна для раёна, які ў 60-я гады ўзбагаціў беларускую паэзію, даўшы плеяду творцаў. Пра гэта нагадаў адзін з іх, паэт Алесь Разанаў, які калісьці быў удзельнікам мясцовага літаратурнага аб'яднання «Крыніца». Цяпер на «Славянскім вянку» ён госць, якога чакаюць асабліва. Гарачыя воплескі заслужыў наш зямляк (родам з Ганцавіцкага раёна), але цяпер прадстаўнік Расіі на фестывалі празаік Алесь Кажадуб, нагадаўшы словы Уладзіміра Караткевіча: «На Беларусі Бог жыве...» Гэта адчулі ўсе госці, што чыталі вершы на сваіх мовах, — і іх разумелі. Разумелі трывожны настрой у вершах Аксаны Стомінай і Аляксея Чупы з Украіны. Сучасны маладзёжны драйв у словах Неманэ Стойкавіча з Сербіі і Міткі Гогава з Македоніі. Пяшчоту беларускай мовы ад Насты Кудасавай і Эдуарда Акуліна, якому і прысудзілі прыз глядацкіх сімпатый...

Але поўны збор энцыклапедыі «Культура Беларусі» ўручылі Сяргею Главюку з Расіі — не толькі за вершы, але і за яго дзейнасць: яна вельмі блізкая да таго, чым займаюцца арганізатары «Славянскага вянка», і ёсць надзея сябраваць фестывалямі.

— Фестываль — гэта сучасная форма арганізацыі літаратурнага працэсу, — адзначыў Сяргей Главюк. — Падобныя фестывалі ёсць у розных славянскіх краінах. І гэта добра: фестывалі даюць магчымасць захаваць перакладчыцкія школы, узбагачаюць кантактамі, спрыяюць развіццю. Я трапіў на паэтычны фестываль за мяжой гадоў 30 таму, з тых часоў у мяне ўзнікла ідэя, дзякуючы якой я выпусціў у Расіі 10-томную Анталогію славянскай паэзіі. А 10 гадоў таму самому ўдалося арганізаваць фестываль «Пісьмёны, якія спяваюць» у Цверы. У нас заўсёды прадстаўнічая беларуская дэлегацыя. Першую ўзнагароду для Беларусі летась заваяваў Алесь Разанаў. Лаўрэату мы выдаём кнігу — і яна ўжо з'явілася на дзвюх мовах. Таму добрым працягам бярозаўскага «Славянскага вянка» была б свая кніжная серыя.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Вершы для гурманаў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.