Вы тут

Як сучасныя тэхналогіі дапамагаюць даведацца пра нашых продкаў


Лёс маіх бацькоў, светлая ім памяць, нібыта раман, як і ў большасці прадстаўнікоў іх пакалення. Асаблівы ён быў і ў майго дзеда па матчынай лініі, цесця ў свой час галоўнага рэдактара газеты «Звязда» Аркадзя Апанасавіча Тоўсціка.


Рыгор БАРАБАНАЎ (у цэнтры) з калегамі.

З маленства мы з братам Аляксеем ведалі, што наша мама асірацела ў час Вялікай Айчыннай вайны. Бацька загінуў на фронце, маці — у тыле. Мы іх ніколі не бачылі. Жылі яны ў Новасібірскай вобласці, куды пераехалі з Беларусі ў сакавіку 1926 года. Там, у Сібіры, нарадзілася мая маці, Алена Рыгораўна.

Ад яе мы крыху ведалі пра сваіх продкаў, пра знешні выгляд бабулі і дзядулі меркавалі толькі па фотаздымках. Сучасныя тэхналогіі зрабілі магчымым больш дакладна даведацца пра сваіх родных. Нядаўна з Дзяржаўнага архіва Новасібірскай вобласці я атрымала дакументальныя звесткі пра свайго дзеда Рыгора Яфрэмавіча Барабанава, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны.

Яны былі планавымі перасяленцамі — так у сваёй біяграфіі азначаў сам Рыгор Яфрэмавіч, селянін з вёскі Кацялёва Горацкага раёна цяперашняй Магілёўскай вобласці. Пераезд сапраўды быў такім: сям'я вялікая, а зямлі мела мала. Вось і паехалі асвойваць новыя плошчы, атрымаўшы пры гэтым значныя грошы ад савецкай улады на ўладкаванне.

Да пераезду ў Заходнюю Сібір Рыгор Барабанаў служыў у Чырвонай Арміі, затым — добраахвотнікам у Горацкай павятовай міліцыі, працаваў сакратаром роднага Кацялеўскага сельсавета. Да гэтага ў 1917 годзе некалькі месяцаў адбыў у царскай арміі, куды быў прызваны да рэвалюцыі. Меў звычайную для сялянскага хлопца адукацыю: чатыры класы сельскай школы. Ужо ў Новасібірску скончыў шасцімесячныя курсы наркамазабеспячэння, вучыўся ў краявой школе сельскага будаўніцтва. Былі ў яго і тры вымовы па партыйнай лініі: напрыклад, за тое, што сяло не здало запланаваную колькасць хлеба. Але, як стаіць у асабістым лістку, дзед прайшоў «чыстку», і ўсе партыйныя спагнанні былі зняты.

Да вайны Рыгор Барабанаў працаваў сакратаром, старшынёй сельскіх саветаў некалькіх раёнаў Новасібірскай вобласці. Маці расказвала, што «кідалі» дзеда на самыя складаныя ўчасткі працы, таму сям'я вымушана была пераязджаць з месца на месца.

З гэтых жа зямель, якія сталі яму амаль роднымі, мой дзед пайшоў на фронт. Са слоў матулі ведаю, што яму прызначалася бронь, але кожны свой дзень Рыгор Барабанаў пачынаў з паходу ў ваенкамат. Нарэшце дабіўся, і яго адправілі на фронт добраахвотнікам. Як зафіксавана ў архіўных дакументах на афіцыйным сайце Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі (раздзел «Памяць народа»), служыў у пяхоце, у 40-й асобнай стралковай брыгадзе. Адразу пасля фарміравання ў кастрычніку 1941 года ў горадзе Фрунзэ з курсантаў ваенных вучылішчаў і ваеннаабязанных першай катэгорыі брыгада была перакінута пад Маскву, дзе ўступіла ў жорсткія баі з праціўнікам...

На фронт дзядуля пайшоў у сваёй вопратцы: на селяніна звыш двух метраў ростам амуніцыі адпаведнага памеру, пэўна, не знайшлося. Быў паранены, лячыўся ў шпіталі пад Масквой. Пасля выздараўлення яму давалі водпуск, каб пабачыўся з роднымі, але дзед вырашыў інакш — паехаў на фронт.

Пахавальную, у якой паведамлялася пра гібель Рыгора Яфрэмавіча, мая бабуля атрымала ў Куйбышаве. Яна не захавалася, затое дакументы Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі сведчаць, што загінуў мой дзед, малодшы палітрук Рыгор Яфрэмавіч Барабанаў, 15 жніўня 1942 года пад сялом Траселы, якое знаходзіцца ў Смаленскай вобласці. Там ён і быў першапачаткова пахаваны...

Перад гібеллю мужа Праскоўі Анісімаўне прысніўся сон, нібыта Рыгор Яфрэмавіч трапіў у глыбокую варонку ад бомбы і ніяк адтуль не можа выбрацца. Бабуля спужалася: быць бядзе. Хутка яе муж, мой дзед, якога ніколі не давялося пабачыць, загінуў у баі...

Ірына ТОЎСЦІК, кандыдат філалагічных навук, дацэнт

Загаловак у газеце: Весткі з небыцця

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.