Вы тут

Мой прадзед, які выстаяў у блакаду


Напярэдадні Дня Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Віцебску адкрылі музей у памяць пра блакаду Ленінграда. У экспазіцыі — дакументы, лісты і аўтабіяграфіі, газетныя выразкі, фатаграфіі і асабістыя рэчы людзей, якія яе перажылі. Гэта трагічная падзея пакінула след і ў жыцці многіх беларусаў. Да іх адносіцца і мая сям'я.

Пра майго прадзеда, Рыгора Саламонавіча Рэвінзона, героя Вялікай Айчыннай вайны, я, на жаль, ведаю толькі з расказаў таты. Але нават яны выклікаюць у мяне жах і адначасова гонар за прадзядулю.


Рыгор Саламонавіч нарадзіўся ў невялікай вёсачцы Асвея Верхнядзвінскага раёна ў 1918 годзе. Першым узрушэннем у жыцці маленькага Грышы стала смерць яго маці. Новая жонка бацькі неўзлюбіла хлопчыка, таму, прыпісаўшы сабе два гады ў метрыцы, у 14 гадоў Рыгор вырашае ехаць у Ленінград, да сястры. Там ён атрымлівае спецыяльнасць сувязіста ў школе фабрычна-заводскага навучання і працуе ў адным з аддзяленняў сувязі. Пазней яго прызавуць у войскі сувязі, дзе Рыгор Саламонавіч выдатна праявіць сябе як у вучэбнай, так і ў баявой падрыхтоўцы. Абслугоўваць стратэгічны ўчастак сувязі «Крэмль — Смольны» ў Ленінградзе мой прадзед застаецца ўжо ў званні старшыны.

Блакаду Рыгор перажыў з першага і да апошняга яе дня. Служба выдалася вельмі цяжкай, але пакінуць «Крэмль — Смольны» без спецсувязі была немагчыма. Нявыпраўленыя пашкоджанні сувязі прыраўноўваліся да здрады і караліся расстрэлам. За гады вайны бацька Рыгора Саламонавіча атрымаў сем «пахавальных»: аддзяленне сувязістаў называлі смяротнікамі...

Але смерць у баі была не самай страшнай у блакадным Ленінградзе. Значна больш майго прадзядулю палохалі холад і голад. У той час на вуліцах немагчыма было ўбачыць ні ката, ні сабаку, нават птушкі не лёталі над горадам. Толькі пацукі неймаверных памераў шнырылі ноччу, і гэта былі адзіныя істоты, якіх ленінградцы не ўжывалі ў ежу. Паўсюль ляжалі абгрызеныя целы людзей, памерлых ад голаду і холаду. У дні блакады ў горадзе квітнела марадзёрства і людаедства, што таксама каралася расстрэлам.

Перажыўшы жудасныя дні блакады, Рыгор Рэвінзон прайшоў усю вайну, а перамогу сустрэў у Прыбалтыцы. За гэты час мой прадзед быў двойчы цяжка паранены. А на грудзях яго параднага кіцеля ў Дзень Перамогі агнямі гарэлі ордэн Чырвонай Зоркі, ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі «За адвагу» і самая важная для Рыгора Саламонавіча ўзнагарода — «За абарону Ленінграда».

Дар'я САВЕЛЬЕВA, вучаніца 11 класа гімназіі №2 г. Віцебска

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».