Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Даў бог дурню хлеба...

...Чытаеш у «Звяздзе» чужыя праўдзівыя гісторыі і міжволі ўспамінаеш нешта сваё — перажытае ці пачутае.

Бацька расказваў, што ў нас першыя гады савецкай улады «хто быў нікім», той сапраўды станавіўся... Ды чорт ведае кім: ледзь не пупам зямлі! А зрэшты, мяркуйце самі.

У адным з сельсаветаў апошняга бедняка зрабілі старшынёй.

А народу ж у вёсках многа, нейкіх праблем таксама.

Ледзь не назаўтра да новага начальніка прыходзіць чалавек. Старшыня (трохі, відаць, пісьменны быў) адрывае вочы ад важных папер і ўдакладняе:

— Табе што — даведку? Добра, выправім... Але ж ты ўжо, мусіць, паснедаў?..

— Так, пан прысядацель, — шчыра адказвае вясковец.

— ... А я дык галодны яшчэ. Пайду, значыць, нешта з'ем, потым даведку выдам.

А жыў ён ад сельсавета за чатыры вярсты. Вось і лічы: адна, і добрая, гадзіна на дарогу, другая там...

Наведвальнік з паклонам:

— Паночку, дык навошта ж дадому? Я ў крамку зараз — адна нага тут...

І сапраўды бег чалавек, купляў папулярныя тады кансервы «Часцік», хлеб, бутэльку, а потым — і ўзамен, так бы мовіць — атрымліваў даведку.

Па такім жа сцэнарыі ў старшыні праходзіў абед, падвячорак. Карацей, зажыў бядняк, як іншым не снілася, бо кожны ж дзень і сыты, і п'яны, і нос у табацы.

Але ж «вяровачка» гэта нядоўга вілася. У сельсавет неяк прыйшла жанчына. І патрэбна ёй была не адна даведка, а некалькі (усёй сям'ёй яны ў Польшчу выязджаць збіраліся). «Значыць, сняданкам ці абедам тут не адбудзеш», — падумаў старшыня і сказаў:

— Ідзі дахаты, рыхтуй вячэру. Я ўсе даведкі сам прывязу.

Жанчына — з тае ўдзячнасці — частавала старшыню ад душы: шмат чаго на стале было, не менш — з сабой палажыла, сушаных яблычкаў ва ўсе кішэні насыпала.

Старшыня шчаслівым дадому папоўз: сам жаваў па дарозе яблыкі, жонцы нёс торбу з гасцінцамі... Думаў, што яна пахваліць, а тая раптам у крык:

— Што з табой? Якую брыду ты еў? Морда ўся сіняя?

Хмель у старшыні як рукою зняло. «Апечаны» здагадкай, ён стаў выварочваць кішэні — высыпаць, перабіраць яблыкі. Але ўсё было марна, бо разам з імі ён такі з'еў... гумку ад пячаткі.

...Што далей было, здагадацца няцяжка: раніцай, на кані, ён памчаў у раён, ва ўсім прызнаўся свайму начальству. Спадзяваўся, што даруюць, але ж... Людзі праўду кажуць, даў бог дурню хлеба, не ўмеў спажыць як трэба.

Іаланта ВАЛУЕВІЧ,

а.г. Хацежына, Мінскі раён


Была любоў

У той год вучань першага класа Коля Казлоўскі вельмі доўга хадзіў у зімовай шапцы. Толькі да Вялікадня маці купіла яму новую — летнюю. Коля быў вельмі задаволены, бо зімовая была і цяжкой, і аблезлай ды і збрыдзела яму, як горкая рэдзька. А вось новая...

Колю яна вельмі спадабалася: светлая, лёгкая, сшытая з васьмі клінкоў, яна была нібы сонейка. Да таго ж суседка, убачыўшы Колю ў абноўцы, адразу прызнала, што шапка яму вельмі да твару, што ў ёй ён такі малайчынка...

«Гэта павінны ўбачыць усе, — вырашыў хлопчык, — а найперш — настаўніца».

Яна ў іх была маладая, прыгожая, любіла дзяцей. І дзеці яе любілі таксама. Але ж Коля — найбольш, значыць, і яна павінна звярнуць на яго ўвагу.

Коля вельмі спадзяваўся на шапку.

Праўда, тут узнікла праблема: у ёй настаўніца забараняла заходзіць у клас. «А калі так, — падумаў хлопчык — то ні яна, ні большасць вучняў не заўважаць абновы».

Коля вырашыў рызыкнуць: ён трохі пачакаў, пакуль пачнецца ўрок, і ўжо тады смела зайшоў у клас.

— Ты чаму гэта ў шапцы? — строга спытала настаўніца. — Забыўся, што яе трэба зняць?

Аднакласнікі дружна засмяяліся. Коля густа пачырванеў, сцягнуў з галавы абноўку і нават скамячыў яе ў руках...

Радасці ад пакупкі — як не было: шапка не здавалася больш падобнай на сонейка.

І настаўніца чамусьці таксама.

П. САЧЫЎКА,

в. Цырын, Карэліцкі раён


Няўдалы хітрык Леніна

Было: дзве родныя сястры, Тома і Лена з паўстагоддзя таму выйшлі замуж за двух сяброў-аднавяскоўцаў, двух... Юзікаў. Цешча, каб неяк адрозніваць зяцёў, паспрабавала называць іх паважліва — аднаго Адамавіч, другога — Станіслававіч. Але ж потым плюнула, не хапіла цярпення: мужа старэйшай дачкі за вочы стала зваць Томіным, мужа малодшай, ужо тады лысаватага, адпаведна — Леніным.

Мянушкі як мянушкі былі: па тым часе для мужчын анічога крыўднага, а ўжо сёстры, жонкі іх, дык нават ганарыліся... б, калі б з часам мужы іх не сталі выпіваць.

Рэч у тым, што і ў першага, і ў другога Юзіка для таго ўсе ўмовы былі. Ленін, напрыклад, працаваў малаказборшчыкам. Усяго і «дзялоў» меў, што пазбіраць з падворкаў лішняе малако, адвезці на прыёмны пункт ды потым «бабкі падбіць». Факт, што гадзін у 10 гэтыя работы ў яго канчаліся і пачыналіся іншыя — так званыя «халтуры»: каму сена ці дроў прывезці, каму бульбу пасадзіць...

Калгасным канём Ленін распараджаўся, як сваім, уласным, і «стаўка» была вядомая: калі рабіў нешта сам, — пляшка і добры пачастунак, калі толькі «за каня», — паўлітроўка з сабой.

У Томіна, калгаснага прараба, таксама «левыя» грошы вадзіліся: да піларамы ці цыркуляркі з гэблікам ён ніколі чужых не падпускаў, толькі сам станавіўся. Калі ж на гэтыя работы заказаў не было, а выпіць хацелася, — мог «загнаць» лістоў колькі шыферу, вядро-другое цэменту альбо трохі дошчачак...

Залатыя часы для Томіна насталі на пачатку 90-х, калі многім захацелася «прыдбаць зямлі, займець свой кут», гэта значыць, пабудаваць дачу. Томін для новых «фазэндатараў» стаў не толькі галоўным дарадцам, але і здабытчыкам... Значыць, і плацілі яму ўжо адпаведна — грашыма, нават амерыканскімі...

Факт, што жонкам давялося змірыцца: маўляў, ну што тут будзеш рабіць, дурныя нашы Юзікі, прапіваюць сваё здароўе, але ж не грошы... І, бач ты, выручаюць адзін аднаго, сябруюць...

Хоць пасварыцца, вядома ж, маглі.

...У той раз Ленін прывёз прычэп бярозавага буралому і дамовіўся з Томіным, што ён папілуе. Разам яны выбралі адвячорак і сталі рыхтавацца. Ленін ва ўсякім разе загадзя купіў 5 літраў бензіну, дзве пляшкі гарэлкі і адну «чарнілку». Гэта ўжо сабе — на пахмелку. Жонка яе ніколі не вітала, таму віно ён пераліў у «пластмаску» з-пад піва і «схаваў» — сярод бутэлек з бензінам.

...Перад работай яны са шваграм выпілі, але ж «чыста сімвалічна» — па чарцы. Потым, захапіўшыся, досыць добра папрацавалі: маглі б нават скончыць, калі б не гарэлка. А ўжо выпіўшы...

Гаспадар, можна сказаць, шчаслівы (бо п'яны) заснуў. Ну як жа: швагра абяцаў, што дровы дарэжа, віно на пахмелку ёсць і схавана добра...

Але ж раніцай ён прачнуўся (галава чыгунная, рукі дрыжаць...) і нічога не зразумеў: недарэзаныя ўчора дровы як ляжалі, так і ляжаць, «трубы гараць», а віна няма.

Ледзь жывы дапоўз да швагравай хаты, але твар яму не пабіў: Томін паспеў неяк сказаць, што віна — у вочы не бачыў, што ўчора, як і абяцаў, навастрыў у піле ланцуг, заліў бачок, хвілін з дзесяць поркаўся і ўсё марна — піла не завялася — у рамонт трэба несці.

— Пайшлі разам паглядзім, — нешта сцяміўшы, прапанаваў Ленін. І здагадка яго не падвяла: у бачку замест бензіну было... чарнілка.

Але ж добра тое, што добра канчаецца: швагры не пасварыліся, знайшлі чым пахмяліцца, дапілавалі дровы, нават паленцы плёнкай накрылі, бо гаспадары! Але былі б, калі б не гарэлка. Абодвух яна згубіла. І без пары.

З.Т., г. Гродна


Утаймаванне «меламана»

Гэту байку мне расказваў некалі бацька.

Жыў ён (светлай памяці і яму, і ўсім героям гэтай гісторыі) на Чэрвеньшчыне, у вёсцы, праз якую пралягае шаша Мінск — Магілёў. А да яе — падыходзіць дарога (тады звычайная, пясчаная) да станцыі Градзянка. Якраз туды, на станцыю, апроч іншага, хлыстамі вазілі лес. Цяпер для гэтага спецыяльныя аўтамабілі ёсць: з іх нічога не звісае і сукі не тырчаць. А ў той час верхавіны па зямлі цягнуліся... Карацей, кіроўцу асаблівая ўвага патрабавалася.

Ды і пешаходам таксама.

...Неяк у вёсцы наступіла гарачая пара — лес вазіць, сена касіць... А значыць, на дарозе штодзень і з ранку да вечара машыны снуюць, людзі ходзяць, прычым цэлымі брыгадамі... Вяскоўцаў жа тады нямала было: гарэлкі меней пілі ды і шанаваліся. Пачуюць, напрыклад, што ззаду машына едзе, і адразу ў бакі, на ўзбочыны.

Але ж не ўсе. Быў час, калі адзін з мужыкоў — Пятром яго звалі — ні на які шум не зважаў. Касцы яму:

— Сыдзі! Дай праехаць чалавеку!

Той у адказ:

— А няхай патрубіць.

Вельмі ж любіў, каб з машыны яму пасігналілі, прычым не коратка — адзін раз, а некалькі: ён тады гэту музыку паслухае — і з дарогі... Ды такі задаволены, — аж свеціцца ўвесь.

Дык вось ідуць неяк мужчыны сена касіць, і даганяе іх лесавоз. Усе, акрамя Пятра, саступілі з дарогі: праязджай, маўляў. А той нават вухам не павёў: як ішоў, так і ідзе, чакае, што зараз яму пасігналяць.

Замест гэтага шафёр ціха спыняе машыну, дастае з кузава загадзя падрыхтаваную парканіну, даганяе з ёю Пятра, які важна ідзе пасярод дарогі і... па спіне яму, прычым з поцягам.

Высветлілася, што Пятро (сённяшняй мовай кажучы) дастаў гэтага шафёра! Той, бедны, стаміўся і «трубіць» яму, і сігналіць — вырашыў правучыць...

Як аказалася, зусім не марна, бо пасля тога «баявога хрышчэння» Пятро за вярсту чуў, што недзе ззаду машына. І адразу ж саступаў дарогу.

Міхась МІРАНОВІЧ,

Кіраўскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».