Вы тут

Невядомыя фотаздымкі перыяду акупацыі ўпершыню прадстаўлены ў Мінску


Жанчыны і дзеці ў ахопленым полымем горадзе, зняможаныя ад фашысцкіх катаванняў вязні, канцэрт для салдат вермахта, мірныя жыхары ў якасці жывога мінашукальніка, а таксама нямецкі афіцэр у акружэнні сялян — усе ўсміхаюцца, быццам і не вораг побач...


Такая розная, але праўдзівая вайна адлюстравана на фотаздымках з калекцыі выкладчыка Нацыянальнага інстытута ўсходніх моў і цывілізацый (Парыж). У Беларусь Георгій Шэпелеў прывёз яе ўпершыню. На працягу больш як месяца наведвальнікі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны могуць пазнаёміцца з жывымі сведчаннямі жудасных, асабліва для беларускага народа, падзей.

У часовай экспазіцыі «Па той бок. Невядомыя фотаздымкі з акупаванай тэрыторыі СССР і савецка-германскага фронту (1941—1945)» — кадры малавядомых фатографаў, якія не рабілі палітычны заказ, а проста фіксавалі тое, што бачылі. У асноўным фотаздымкі зроблены немцамі.

— Амаль у кожнага з іх быў фотаапарат, — расказвае аўтар праекта Георгій ШЭПЕЛЕЎ. — Яны ехалі сюды перамагаць. Пасля перамогі гэтыя фотаздымкі павінны былі скласці сямейныя фотаальбомы, каб было чым пахваліцца.

Фотаальбомы акупантаў уражваюць. Побач з фотаздымкамі, на якіх адлюстраваны зробленыя імі ж злачынствы, — кадры паўсядзённага жыцця. Яны смажаць з сябрамі бульбу, фатаграфуюцца каля прыгожай царквы... «Жах у тым, што, забіўшы чалавека, яны маглі весяліцца, — кажа гісторык. — Нават усміхаліся, фатаграфуючыся побач з павешанымі...»

Усяго ў калекцыі Георгія Шэпелева — больш як пяць тысяч фатаграфій. Нямала і ўспамінаў мірных жыхароў, партызанаў: вось ужо 10 гадоў, як ён прыязджае па іх у Беларусь. Для расіяніна, які жыве ў Францыі, наша краіна таксама не чужая. Яго дзед, Канстанцін Іванавіч Няфёдаў, пачынаў Вялікую Айчынную вайну ў Беларусі.

— У яго была ўнутраная цэнзура: расказваў толькі тое, што можна было ведаць дзіцяці, — гаворыць Георгій Шэпелеў. — З яго слоў у мяне склалася ўражанне, што вайна была пэўнай прыгодай. Аднойчы ў Беларусі яго самалёт (дзед быў лётчыкам) збілі фашысты. Ён прызямліўся з парашутам, якім зачапіўся за хвою. Так і вісеў — паміж небам і зямлёй. Была зіма, ноч. Нічога нельга было зрабіць. Раптам пачуў, як нехта ідзе. Думаў, немцы, падрыхтаваў пісталет. І раптам літаральна каля гэтай хвоі нехта паслізнуўся, упаў і выдаў рускі мат. Дзядуля гэтаму вельмі ўзрадаваўся — свае! Гэта былі партызаны, якія якраз яго шукалі.

Французскім студэнтам нашчадак пераможцы выкладае гісторыю. Прызнаецца, што ў кожнага народа — свая інтэрпрэтацыя падзей Другой сусветнай вайны. «Тое, як бачаць яе палякі, французы альбо беларусы і рускія — гэта розныя акцэнты, — перакананы гісторык. — Для французскіх студэнтаў Другая сусветная — нямецкая акупацыя, Халакост, вызваленне Францыі ў 1944 годзе (высадка саюзнікаў). Яны ведаюць, што была Сталінградская бітва, што Савецкі Саюз панёс у вайну вялікія страты, але ўсё ж гэта для іх другасна».

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Па той бок аб'ектыва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».