Аб гэтым падчас прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, паведаміў начальнік упраўлення па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл палкоўнік Сяргей ВАРАНОВІЧ.
Акрамя таго, ён расказаў, што за пошукавы перыяд 2016 года 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам эксгумаваны і перададзены мясцовым выканаўчым і распарадчым органам для далейшага перапахавання астанкі 6232 чалавек, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ахвяр Першай сусветнай.
Дарэчы, гэта найбольшая колькасць эксгумаваных астанкаў за адзін пошукавы перыяд за 20-гадовую гісторыю існавання батальёна. Па выніках палявых пошукавых работ, устаноўлены звесткі аб 369 ваеннаслужачых, большасць якіх лічыліся зніклымі без вестак. Летась вайскоўцамі батальёна адпрацавана 100 пошукавых аб'ектаў на тэрыторыі 48 раёнаў усіх абласцей краіны, а таксама ў Мінску і Гродне. Найбольш маштабныя пошукавыя работы атрымалі шырокі грамадскі рэзананс. «Звязда», у сваю чаргу, пісала пра тое, як на тэрыторыі адной з воінскіх часцей у Барысаве былі выяўлены астанкі 4340 загінулых — ахвяр «Шталага 382».
— Сёлета воіны-пошукавікі павінны адпрацаваць на 64 аб'ектах, — зазначыў Сяргей Варановіч. — Ужо скончаны работы на 26 з іх. Знойдзены астанкі 77 загінулых: 71 чырвонаармейца, пяці ахвяр войнаў, партызана. Ужо ўстаноўлены імёны дзевяці з іх.
Акрамя правядзення палявых пошукавых работ, адным з прыярытэтных кірункаў работы па ўвекавечванні застаецца папаўненне аўтаматызаванага банка даных воінскіх пахаванняў. Сёлета прынята на ўлік 85 воінскіх пахаванняў. Усяго на дзяржаўным уліку іх 7589. Прычым банк даных утрымлівае запісы аб больш чым 2,6 мільёна загінулых ва ўзброеных канфліктах у розныя гістарычныя перыяды.
У межах дзяржаўных праграм у ваенна-мемарыяльнай сферы рэалізоўваецца таксама шэраг міжнародных дагавораў і абавязацельстваў. У прыватнасці, да 2018 года працягнуты пошук ваеннаслужачых, якія зніклі без вестак у перыяд вайны ў Афганістане. У цяперашні момант без вестак зніклымі ў гэтай краіне лічацца 264 беларусы.
Вераніка КАНЮТА
Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.
Не выявіць ні секунды абыякавасці.