Вы тут

"З-за куліс" у адкрытую прастору


Складанасць партрэтаў у адмысловым выставачным праекце.

Апошнім часам беларускія аматары мастацтва, завітаўшы ў галерэю альбо музей, сустракаюцца са шматжанравымі кампазіцыямі: на жаль, не так часта выдаецца магчымасць паглядзець творы аднаго жанру ў межах адной выставачнай пляцоўкі, тым больш у маштабным праекце. Беларускі саюз мастакоў вырашыў выправіць сітуацыю і прапанаваў вялікую экспазіцыю, прысвечаную партрэту. Цяпер у Палацы мастацтваў ладзіцца выстаўка «Псіхалогія вобраза», дзе жанр партрэта раскрыты мастакамі з розных бакоў.


Мікола Купава «Кароль Міндоўг», 2013 г.

Партрэтны жанр у выяўленчым мастацтве ва ўсе часы лічыўся адным з самых складаных. Нельга абысціся толькі фантазіяй і натхненнем. Калі мастак ставіць мэту стварыць партрэт, то павінен умець паглыбіцца ва ўнутраны свет, адчуць характар чалавека, тэмперамент, вывучыць звычкі. Ёсць патрабаванні да тэхнічнага майстэрства, кампазіцыйнага і колеравага рашэння, але і гэтага мала. Аўтар прымярае на сябе ролю псіхолага, пачынае не проста пісаць тое, што бачыць і ведае, а шукае індывідуальныя рысы характару: праз вочы героя можа расказаць яго таямніцы альбо праз дэталі зразумець, чым чалавек жыве, што яго хвалюе.

На выстаўцы прадстаўлены жывапісныя, графічныя, скульптурныя партрэты, нават партрэты, выкананыя мастакамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Куратары першапачаткова паставілі задачу праз творы прадэманстраваць эвалюцыю не толькі жанру, але і ўласна майстэрства.

— Выстаўкі з партрэтамі аднаго жанру вельмі актуальныя — наша арт-прастора ў іх мае патрэбу: зборных праектаў у краіне даволі шмат, а вось звужаных да аднаго кірунку практычна няма, — падкрэслівае дырэктар Палаца мастацтваў, адзін з арганізатараў выстаўкі Аляксандр Зянкевіч. — Калі мы канцэнтруемся на пэўным жанры (а з партрэтам гэта было не так часта), то павінны прааналізаваць, якую інфармацыю ён нясе, якія ў яго перспектывы, як наогул гэты жанр прадстаўлены ў культуры Беларусі. А мы ведаем: партрэт — жанр вечны. Калі, напрыклад, у кантэксце пейзажу мы гаворым пра ландшафтны аспект, то партрэт — у сістэме псіхалогіі. Кожны вобраз, створаны аўтарам, праз мімічныя асаблівасці, погляд, інтэлектуальны складнік паказвае ўнікальную асобу. Калі партрэт праходзіць праз прызму мастацкага ўспрымання, нараджаецца цікавы эфект: спалучэнне рэальнай асобы з аўтарскім вобразам, створаным мастаком падчас вывучэння біяграфіі героя. І кожны з гэтых твораў паказвае айчынную культуру роўна настолькі, наколькі аўтар гатовы выявіць яе ў сваёй творчасці.

Сілівончык Ганна «Лішнія дэталі», 2016 г

Гістарычны партрэт на выстаўцы — у цэнтры ўвагі. Мастакі звяртаюцца да вобразаў нацыянальных герояў, вядомых дзеячаў беларускай культуры. Францыск Скарына, кароль Міндоўг, вялікі князь Вітаўт, Сімяон Полацкі, Кастусь Каліноўскі, Максім Багдановіч… Аўтары імкнуцца не толькі перадаць вобраз, які можна счытаць з кнігі, але і выявіць праз аблічча героя яго жыццёвы досвед. Праз шэраг гістарычных партрэтаў на выстаўцы раскрываецца ці не ўся нацыянальная культура Беларусі.

Не застаецца без увагі і аўтапартрэт. Прычым майстры ставяць задачу не толькі пераасэнсаваць характар альбо прадэманстраваць уласныя якасці, але імкнуцца і да філасофскіх разважанняў пра сэнс творчасці, мастацкага развіцця.

Лірычны партрэт у экспазіцыі пераважна звязаны з імкненнем аўтара паказаць сваіх блізкіх. Тут не можа быць абыякавасці, мастакі канцэнтруюцца на ўласным стаўленні да героя і жадаюць, каб глядач адчуў ноткі цеплыні. Уражваюць халодныя па колеры, але добрыя па эмацыйным настроі партрэты Зоі Літвінавай, прыцягвае твор «Ірына» Алеся Марачкіна, у якім аб’яднаны гісторыя і сучаснасць, зачароўваюць абстрактныя партрэты Ганны Сілівончык, кранае скульптура Вольгі Мурашкі, якая ўзнавіла аблічча бацькі, і Аляксандра Баграціёнка, які стварыў драўляную скульптуру Міхаіла Савіцкага…

Вольга Мурашка «Партрэт бацькі, скульптара В. Мурашова», 2008 г

Выстаўку можна назваць штуршком да рэалізацыі шэрагу мастацкіх праектаў, звязаных з прадстаўленнем аднаго жанру.

— Калісьці мы арганізоўвалі выстаўку нацюрморта, якая захапіла так, што ў выніку я шмат часу аддаў на стварэнне кнігі «Беларускі нацюрморт», — падкрэсліў Аляксандр Зянкевіч. — Цікавасць публікі дапамагла зразумець, што такія праекты дазваляюць праводзіць мастацкі аналіз больш глыбока і інтэрактыўна. Што тычыцца пейзажу, то і неабходнасць такой экспазіцыі наспела. Але пейзаж досыць часта прадстаўлены на групавых выстаўках. А вось партрэт доўга заставаўся «за кулісамі». Таму многае з таго, што бачыць глядач на выстаўцы сёння, экспануецца ўпершыню. Праект «Псіхалогія вобраза» можна ахарактарызаваць не толькі як выстаўку канкрэтнага жанру, але і як экспазіцыю навінак.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».