Вы тут

Што бачыць сельскі школьнік?


На працягу двух месяцаў брыгады афтальмолагаў наведвалі школы пяці раёнаў Гомельскай вобласці. За гэты час дыягностыку зроку прайшлі каля 5 тысяч дзяцей. У 36 працэнтаў з іх былі выяўлены розныя паталогіі, прычым у кожнага другога — упершыню. Самыя частыя дыягназы — спазм акамадацыі, парушэнне рэфракцыі (міяпія, гіперметрапія, астыгматызм).


Захворванні органаў зроку ў дзяцей выйшлі ў апошнія гады на другое месца. Найбольшая распаўсюджанасць — сярод тых, каму 10-14, 15-17 гадоў. Наогул з узростам захваральнасць толькі расце, таму самае важнае — штогод наведваць афтальмолага самім і абавязкова з той жа частатой паказваць спецыялісту сваіх дзяцей. Спецыялісты настойваюць: выявіць адхіленні ад нормы і скарэктаваць іх неабходна як мага раней. Аднак калі ў горадзе з гэтым ніякіх праблем, то ў сельскай мясцовасці з вузкімі спецыялістамі складаней, а выехаць у раённы ці абласны цэнтр, мяркуючы па ўсім, у бацькоў… не даходзяць рукі.

Таму Беларускі дзіцячы фонд і кампанія velcom узяліся за рэалізацыю сацыяльнага праекта “Я бачу!” па аказанні афтальмалагічнай дапамогі дзецям менавіта сельскай мясцовасці — забяспечылі зладжаную работу двух мабільных брыгад урачоў-афтальмолагаў, прадаставілі для гэтага спецаўтатранспарт і набылі партатыўнае дыягнастычнае абсталяванне. Усе расходы аплачаны за кошт сродкаў, сабраных velcom  падчас дабрачыннай ініцыятывы “Рабіць дабро так проста”.

Брыгады адпрацавалі ўжо ў Буда-Кашалёўскім, Ельскім, Жыткавіцкім, Кармянскім і Нараўлянскім раёнах Гомельшчыны. Агледзець удалося 90 працэнтаў школьнікаў — не 100, таму што нехта быў на момант абследавання на канікулах, хтосьці назіраўся ўжо ў спецыялістаў, але ж былі тыя, хто адмовіўся, што застаецца, вядома, на сумленні бацькоў. Дарэчы, на іх сумленні і адмовы 256 дзяцей ад працэдуры пашырэння зрэнак, неабходнай у выпадках узнікнення нейкага падазрэння на паталогію. Што называецца, не можам скарыстацца магчымасцю, не ўсведамляем важнасці… 

Між тым праект мае на мэце зрабіць дыягнастычную дапамогу максімальна даступнай — урачы прыязджаюць непасрэдна ў тыя населеныя пункты, дзе жывуць і вучацца дзеці. Гэта важна, бо часам такія спецыялісты даступныя толькі ў абласных клініках. Дзецям і бацькам адразу даюцца рэкамендацыі, узгадняецца план далейшага лячэння або нават шпіталізацыі — некаторыя дзеці ўжо нават паспяхова перанеслі аператыўныя ўмяшанні, што прадухіліла ў іх сур’ёзныя паталогіі, якія пагражаюць стратай зроку. Пасля агляду кожны школьнік атрымаў рэкамендацыі, а калі трэба, то і рэцэпт на медыкаменты або акуляры. У складаных сітуацыях выдаваліся накіраванні на паглыбленую дыягностыку ў абласных і рэспубліканскіх цэнтрах, паведаміў дырэктар Беларускага дзіцячага фонду Аляксандр ТРУХАН.  

У Мінску, Гомелі і Мазыры тым часам стартавала сацыяльная рэкламная кампанія — на вуліцах ужо можна бачыць білборды з нагадваннем аб тым, чаму важна своечасова наведваць афтальмолага, і стылізаваныя табліцы для праверкі зроку, а на прыпынках грамадскага транспарту звяртайце ўвагу на плакаты з варыянтамі практыкаванняў зрокавай гімнастыкі, якія можна і самім узяць на ўзбраенне, і дзяцей заняць, пакуль падыдзе транспарт.

“Такім чынам мы нагадваем ўсім нашым грамадзянам аб важнасці выканання нескладаных практыкаванняў і рэгулярных візітах да афтальмолага, — адзначае начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў СМІРНОЎ. — Важна, каб не толькі ўрачы і педагогі ўсведамлялі важнасць аглядаў і праверкі зроку, але і бацькі, і самі дзеці”.

Праект з пачаткам новага вучэбнага года адновіцца ў Веткаўскім, Добрушскім, Лоеўскім, Чачэрскім, Брагінскім, Лельчыцкім, Петрыкаўскім, Акцябрскім, Хойніцкім раёнах. Такім чынам, да канца года мабільныя брыгады агледзяць каля 14 тысяч дзяцей. Летась падобная кампанія праходзіла ў Магілёўскай вобласці, дзе ўдалося агледзець каля 13 тысяч дзяцей, 27 працэнтаў якіх маюць тыя ці іншыя парушэнні зроку.       

Як адзначаюць спецыялісты, каб папярэдзіць афтальмалагічныя захворванні, неабходна займацца прафілактыкай і навучаць правільным паводзінам дзяцей. Зрокавыя  нагрузкі трэба абмяжоўваць, выконвайце спецыяльную гімнастыку для вачэй. Аптымальны час няспыннай работы за камп’ютарам не павінен перавышаць 25-30 хвілін для старшакласнікаў і 10 хвілін для малодшых школьнікаў. Пасля гэтага абавязкова трэба зрабіць перапынак на 10 хвілін для размінкі і гімнастыкі для вачэй. Варта забяспечыць правільнае асвятленне, рацыянальнае харчаванне, багатае на вітаміны А, С, Е, мікраэлементы — жалеза, цынк, медзь, кальцый, фосфар. Дыета павінна ўключаць цэльнае малако, кефір, сыр, поснае мяса, печань, сэрца, рыбу, масла, яйкі, моркву, чарніцы, гародніну, зяленіва, кукурузу, апельсіны, персікі, шыпшыну. Калі экран тэлевізара — 40 дзюймаў, то размяшчацца ён павінен на адлегласці 6 м ад вачэй. Карыстанне смартфонам, планшэтам неабходна абмяжоўваць. Кнігі і сшыткі — трымаць на адлегласці 30-35 см ад вачэй. Калі зрок пагаршаецца, кантраляваць зрокавыя нагрузкі асабліва важна.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».