Вы тут

Навошта лабаранту востры зрок?


Хоць нафту звычайна называюць энерганосьбітам, з яе робяць далёка не толькі паліва. Акрамя бензіну, газы, мазуту і саляркі, прадуктамі яе перапрацоўкі становяцца ўгнаенні, поліэтылен, пластмаса, каўчук, а таксама сінтэтычнае валакно. Апошняга існуюць дзясяткі відаў: нейлон, лайкра, поліэстэр... Сярод найбольш распаўсюджаных — акрылавыя валокны, у прыватнасці, створаны яшчэ ў СССР «Нітрон-Д». У Беларусі яго выпускаюць на прадпрыемстве «Палімір», што ў Наваполацку. Адна з маладых супрацоўніц, якая ведае ці не ўсё пра вытворчасць тканіны з «чорнага золата», — супрацоўніца лабараторыі па кантролі вытворчасці сінтэтычнага валакна Алена АНІСІМАВА.


— Жаданне працаваць у хімічнай прамысловасці з'явілася ў мяне дзякуючы бацьку, — успамінае дзяўчына. — Ён дваццаць гадоў адпрацаваў зусім побач, на «Нафтане» камандзірам аддзялення пажарна-ратавальнай часці, хоць жылі мы досыць далёка — у пасёлку Асвея Верхнядзвінскага раёна. Вядома, у дзяцінстве неаднойчы даводзілася прыязджаць сюды, і мяне заўжды вельмі цікавіла, што тут вырабляюць, як гэта робіцца, якія людзі працуюць. Вось гэта цікаўнасць і дапамагла зрабіць выбар — вырашыла, што буду працаваць у нафтахіміі. Пасля школы паступіла ў Наваполацкі дзяржаўны політэхнічны каледж на спецыяльнасць «перапрацоўка нафты і газу», ужо на трэцім курсе ўпершыню прыйшла практыкавацца на «Палімір» у лабараторыю фізіка-механічных выпрабаванняў валакна. Такі ж шлях чакаў і большасць маіх аднакурснікаў: нехта трапіў на вытворчасць поліэтылену, хтосьці — на сінтэз манамераў, іншыя — у лабараторыі ўваходнага кантролю.

Суразмоўніца адзначае, што найбольшае ўражанне яшчэ ў час практыкі на яе аказаў калектыў — з усімі было лёгка працаваць і мець зносіны. Таму хацела вярнуцца менавіта сюды, і яе мара спраўдзілася.

Усяго ў лабараторыі тры напрамкі: фізіка-механічных выпрабаванняў, дзе праводзяць аналізы партый гатовай прадукцыі, фарбавання, а таксама хімічны.

— Па выніках даследаванняў мы рэкамендуем прысвоіць валакну пэўную сортнасць, — расказвае Алена. — Яна можа быць першай, другой або трэцяй, усё залежыць ад дасканаласці тэхналагічнай лініі. Вядома, найбольшы аб'ём прадукцыі мае найвышэйшую якасць. Канчаткова сортнасць прысвойваюць кантралёры аддзела тэхнічнага кантролю, менавіта яны ставяць адзнаку ў пашпарце якасці гатовай партыі.

Калегі называюць Алену «ўніверсальным салдатам» — дзяўчына з лёгкасцю выконвае не толькі фізіка-механічныя выпрабаванні, але пры патрэбе падмяняе сваіх калег з іншых падраздзяленняў. Многіх, пэўна, найбольш уразіла б работа лабараторыі фарбавання, дзе супрацоўнікі пры дапамозе спецыяльнай светлавой шафы аналізуюць каляровае валакно. «Нітрон-Д» можна пафарбаваць у сотні самых розных колераў, толькі летась на прадпрыемстве было створана 166 новых рэцэптур (частка з іх мае «аўтарства» Алены). Вядома, працаваць тут можа далёка не кожны — «адчуваць» колеры лабаранту трэба проста ідэальна. Нават дробнае несупадзенне адцення валакна з заяўленым адпраўляе яго ў брак, тое самае датычыцца і любой неаднароднасці колеру.

— Шчыра кажу: праца мне вельмі падабаецца, — зазначае дзяўчына. — Па-першае, яна ўнікальная — пасля распаду СССР гэта лабараторыя засталася адзіная ва ўсёй нашай краіне. Таму падобны досвед больш нідзе не атрымаеш. З мінусаў я б адзначыла фізічную стомленасць — валакно вельмі тонкае, усяго дзевяць мікрон (у пяць-дзесяць разоў танчэйшае за чалавечы волас), ад гэтага хутка стамляюцца вочы. Але я актыўна баўлю час — удзельнічаю ў рабоце валанцёрскага атрада «Сэрца «Паліміра», Савета маладых работнікаў прадпрыемства, займаюся наборам камандаў на рознага кшталту турніры, у многіх удзельнічаю сама. Нядаўна, напрыклад, ездзіла на Рэспубліканскі турзлёт прафсаюзаў на турбазу «Высокі Бераг».

Лабаранты працуюць у тры змены па графіку «два праз адзін». На заробак Алена не скардзіцца, кажа, што грошы плацяць добрыя. Прадпрыемства дало інтэрнат.

— Летась я завочна скончыла Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «інжынер-хімік-эколаг». У будучыні бачу сябе толькі на «Паліміры», — канстатуе Алена. — Да моладзі на прадпрыемстве ставяцца добра, ёсць магчымасці не толькі для прафесійнай самарэалізацыі. Таму мяне тут усё задавальняе.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Мінск — Наваполацк — Мінск.

Загаловак у газеце: Танчэй за волас, або Навошта лабаранту востры зрок

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?