Вы тут

Хочам? Дык «Зробім»!


Героі гэтага матэрыялу — Аляксей Караблёў і Андрусь Бездар — заснавальнікі архітэктурнай студыі «ZROBYM archіtects». Ужо пяць з паловай гадоў яны працуюць над цікавымі праектамі ў розных сферах творчасці. Галоўны напрамак дзейнасці хлопцаў — стварэнне праектаў дамоў і дызайн інтэр'ераў. Яшчэ яны маюць уласны мэблевы брэнд, удзельнічаюць у распрацоўцы энергаэфектыўнага жылля. Займаюцца і новым для Беларусі кірункам — модульным праектаваннем. Ужо рэалізавана мноства праектаў, а наперадзе планаў яшчэ больш.


Праект драўлянага дома ад студыі «Зробім».

— Што зараз вас цікавіць найбольш?

Андрусь: — У мяне ёсць праект вулічнага адзення, — рэчы, якія можна апранаць штодня. Не ўпэўнены, ці можна ўсё гэта назваць калекцыяй, бо я не ведаю, колькі ў ёй павінна быць адзінак. Але ўжо створаны каталог, ёсць чатыры крамы, дзе адзенне прадаецца.

Аляксей: — Таксама мы цяпер праектуем сваю кавярню.

Андрусь: — Пакуль гэта толькі ідэя: адкрыць менавіта архітэктурную кавярню, бо такой тэматычнай установы ў нас няма. Плануем, што гэта будзе вялікае памяшканне ў цэнтры Мінска. Там можна будзе чытаць лекцыі па архітэктуры з удзелам нашых калег і студэнтаў. Усе сакрэты праекта раскрываць не буду...

Ёсць таксама ідэя стварыць цэнтр модульных дамоў. Для яе рэалізацыі знайшліся інвестары, месца ў Мінску. Але мы вырашылі рабіць гэта за горадам. Практыка паказала, што больш зручна і проста для кліента набыць дом адразу з надзелам зямлі. Таму шукаем некалькі такіх, якія б знаходзіліся побач адзін ад аднаго, у раёне 30 кіламетраў ад Мінска. На кожным думаем пабудаваць дом. Атрымаецца такі экспазіцыйны цэнтр, куды можна прыехаць, убачыць ужо гатовыя дамы, «памацаць» іх. І калі спадабаецца, набыць упадабаны і жыць побач з суседзямі, якія зрабілі аналагічны выбар.

Акрамя гэтага, мы плённа працуем і над сваім мэблевым брэндам. Цікавыя і адначасова простыя мадэлі ўжо ўпрыгожваюць не адзін інтэр'ер.

— Чаму ўзяліся яшчэ і за вытворчасць мэблі?

Андрусь: — Хочацца камплектаваць інтэр'еры цалкам з беларускіх тавараў. Цікавых майстроў у гэтай сферы ў нас вельмі мала. Таму мы адчулі, што можна самім паспрабаваць серыйна рабіць мэблю. І ў нас атрымалася.

Андрусь у футболцы асабістай вытворчасці.

— Кожная ваша работа мае адсылку да нашых каранёў...

Андрусь: — Так, адзенне абавязкова з цікавым самабытным прынтам: саламяны конь ці певень, знакавы беларускі гістарычны дзеяч, малюнак роднага мястэчка. На прадметах мэблі красуецца лагатып «BY» — адразу разумееш, дзе рэч была зроблена. У архітэктурнай дзейнасці (праекты дамоў, інтэр'еры) таксама выкарыстоўваецца падыход, блізкі нашым продкам: натуральныя матэрыялы, нічога лішняга, усё проста і функцыянальна.

Аляксей: — Гэта, мабыць, свайго роду самавызначэнне. Мы прывязаны да таго месца, дзе праектуем, адсюль і такі стыль у работах. Зараз у свеце наогул у трэндзе самабытнасць.

...Слухаючы, з якой цікавасцю хлопцы расказвалі пра сваю справу, пра праекты, я зрабіла простую выснову: шчаслівы той чалавек, які займаецца той справай, што знаходзіць водгук у сэрцах іншых.

Дар'я АРЭФ'ЕВА, студэнтка VІ курса Інстытута журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.