Вы тут

Як у лабараторыі БДУІР ствараюць інавацыйны «софт»


Маеце праблемы са слыхам? Марыце прыгожа спяваць, але прырода не ўзнагародзіла вакальнымі данымі? У ХХІ стагоддзі гэта не праблема — дапамагчы практычна ў любой справе можа камп'ютар ці смартфон. Праграмы для вырашэння самых розных задач распрацоўваюць і маладыя айчынныя навукоўцы, якія шчыруюць у лабараторыі «Мульціпрацэсарныя сістэмы рэальнага часу» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Карэспандэнты «Чырвонкі. Чырвонай змены» завіталі ў БДУІР і бліжэй пазнаёміліся з самымі цікавымі праектамі.


Дацэнт кафедры электронных вылічальных сродкаў Максім Вашкевіч (справа) і яго калега Мікалай Пятроўскі могуць абмяркоўваць новыя ідэі днямі напралёт.

— Адна з дастаткова распаўсюджаных праблем са здароўем, з якой сутыкаюцца многія, у тым ліку і моладзь, — аслабленне слыху, — расказвае дацэнт кафедры электронных вылічальных сродкаў Максім ВАШКЕВІЧ. — Прычыны на тое розныя, напрыклад, пастаяннае праслухоўванне музыкі ў навушніках пры высокай гучнасці. Многія не ўсведамляюць праблему, таму і не звяртаюцца па медыцынскую дапамогу. Мы вырашылі задзейнічаць для паляпшэння слыху смартфон, каб карыстальнік мог без лішніх выдаткаў хаця б на першы час палепшыць слых.

Вынікам работы стала мабільная праграма для Androіd і іOS пад назвай Petralex. Пры першым запуску яна правярае слых карыстальніка (трэба толькі ўставіць навушнікі і прайсці хуткі тэст), пасля чаго прапаноўвае пэўны ўзровень узмацнення. Можна выбіраць розныя рэжымы, напрыклад «На вуліцы» ці «Дома». Гэта дазваляе людзям з паслабленым слыхам не набываць дарагія слыхавыя апараты.

— Вядома, мы не бяром на сябе функцыі медыкаў, — сцвярджае Максім Вашкевіч. — Праграма не можа ставіць дыягназ і тым больш лячыць захворванні. Але яна істотна дапамагае. Неяк дэманстравалі яе на адной з выставак, і наведвальніца, якая пратэсціравала распрацоўку, сказала, што ўражанні аналагічныя тым, якія адчувае чалавек са слабым зрокам пры першай прымерцы акуляраў. Праграма абсалютная бясплатная, рэкламы ў ёй таксама няма.

У далейшых планах распрацоўшчыкаў Petralex — другое пакаленне праграмы. Яна пашырыць функцыянальнасць, напрыклад, з'явіцца магчымасць падаўлення шуму, а тэсціраванне слыху стане больш дакладным.

Яшчэ адна распрацоўка лабараторыі таксама звязана з гукам — гэта праграма SіngAssіst, якая пакуль не выпушчана для карыстальнікаў. У лабараторыі яе жартам характарызуюць так: «Спяваю як магу, а на выхадзе — «зорка». І гэта найлепшае апісанне задумы. Алгарытм умее распазнаваць хібы ў выкананні песень і выпраўляць іх: дзесьці павышаць ці паніжаць асноўны тон, запавольваць ці паскараць вымаўленне. Фактычна на выхадзе чалавек з мікрафонам атрымлівае ідэальнае выкананне абсалютна любой песні. Прызначэнне праграмы пераважна забаўляльнае — спяваць у караоке з дапамогай камп'ютара стане значна больш прыемна. Але стваральнікі спадзяюцца, што распрацаваныя алгарытмы дапамогуць і прафесійным выканаўцам.

Дацэнт кафедры электронных вылічальных сродкаў Ілья АЗАРАЎ дэманструе нам прэзентацыю, у якой прадстаўлены магчымасці будучай праграмы. Наўмысна няўдала напеты на мікрафон «Чорны крумкач» (прыкладна такой жа якасці выкананне ў большасці аматараў спяваць у караоке) імгненна набывае значна лепшае гучанне.

У лабараторыі «Мультыпрацэсарныя сістэмы рэальнага часу» займаюцца самымі рознымі праектамі. Яшчэ адзін актуальны кірунак — сістэмы сінтэзу маўлення па друкаваным тэксце. Многім вядома, як папулярныя сэрвісы
накшталт Google дазваляюць увесці ў праграму любы тэкст, а той яго агучыць. У лабараторыі пайшлі далей: іх алгарытм умее «размаўляць» абсалютна любым голасам. Дастаткова ўсяго сказаць на мікрафон некалькі слоў, і праграма яго «кланіруе» — камп'ютар загаворыць тэмбрам дыктара.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: І чуць, і спяваць — са смартфонам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».