Сумная вестка прыйшла на выхадных са Столінскага раёна. Група падлеткаў адпачывала каля ракі непадалёк ад вёскі Ямнае. Кампанія разышлася, на беразе засталіся толькі двое — 17-гадовы выпускнік школы і дзяўчына. Хлопец зайшоў у ваду. Але дно там аказалася няроўнае. Плаваць юнак не ўмеў. У нейкі момант ён спаткнуўся і знік пад вадой...
Па стане на 19 чэрвеня вада адабрала жыцці 99 чалавек, у тым ліку 7 непаўналетніх. Уратаваць ад смерці паспелі 81 няўдачлівага плыўца, сярод якіх было 28 дзяцей. А вось папярэджанняў было вынесена шмат — ажно 6634.
— У цэлым па краіне і па Мінску склалася добрая тэндэнцыя па памяншэнні гібелі на вадзе, — кажа старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Таварыства ратавання на вадзе Фёдар Клюкач. — Напрыклад, у 1990-я гады ў Мінску штогод танула 120—130 чалавек. У крайне спякотным 2015 годзе іх было ўжо 63. А летась — 41. Гэтаму зніжэнню спрыяе шчыльная ўзаемасувязь з усімі зацікаўленымі арганізацыямі.
Пастаянна праводзім і прафілактычную работу, пачынаючы ад дзіцячых садкоў і заканчваючы працоўнымі калектывамі на прадпрыемствах. У апошніх да 2009 года яе амаль не было. Цяпер жа мы прыходзім туды з фільмамі, адкрытымі лекцыямі. Ды і вадалазы расказваюць пра сваю працу.
Больш за ўсё адпачывальнікаў збіраецца ў Мінску. За мінулы год супрацоўнікі Мінскай гарадской арганізацыі Таварыства ратавання на водах выратавалі на сталічных вадаёмах 120 чалавек, з іх 17 непаўналетніх. 18—20 чалавек штогод з іх прыпадае на долю Камсамольскага возера.
— Нам даводзілася даставаць з вады людзей, у якіх пасля было дыягнаставана моцнае ап'яненне, — згадвае начальнік выратавальнай станцыі «Камсамольскае возера» Дзяніс Чашун. — Скажам, 3,8 праміле ці ўвогуле 4,2. Гэта смяротная доза! А ўратаваны зноў лезе ў ваду і крычыць: «Я магу плыць далей! Я майстар спорту па плаванні!» Другая праблема — дзеці. Яны вельмі любяць скакаць у ваду. Але вельмі цяжка ім данесці тое, што да гэтага прайшлі не вельмі добрыя людзі і кінулі ў ваду смецце. А скончыцца гэта можа вельмі цяжкай траўмай. Ды і трэба бацькам кантраляваць, дзе знаходзяцца іх дзеці. Свежы прыклад. Да нас паступіў выклік, што на акваторыі возера тоне дзяўчына. Выехалі, небараку выцягнулі з вады. Сталі распытваць, што ды як. Аказалася, што ёй усяго толькі 14 гадоў. Патэлефанавалі бацькам, каб паведаміць аб здарэнні. А маці кажа: «Дык яна пайшла на дзень нараджэння да сяброўкі і зараз гуляе ў парку!»
Таму мы пастаянна праводзім рэйды разам з супрацоўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў. Калі да здаровага сэнсу парушальніка інфармацыю не ўдаецца давесці праз размовы, то даводзіцца рабіць гэта ўжо праз кашалёк. Артыкул 23.63 КаАП «Купанне ў забароненым месцы» прадугледжвае санкцыю ад адной да трох базавых велічынь. На сёння гэта — ад 23 да 69 рублёў.
Шмат адпачывальнікаў імкнецца заплыць за буй. Але мы іх там паставілі не таму, што нам шкада. Па-першае, гэта сігнал таго, што там ужо глыбока. Па-другое, буй размяжоўвае зону для праходу маламерных суднаў. І калі ў сонечнае надвор'е па акваторыі ідзе катар, то яго кіроўцу заўважыць галаву чалавека на вадзе вельмі цяжка, тым больш на хуткасці.
Вельмі важна — даведацца, у якіх вадаёмах купацца можна, а ў якіх у ваду лепш не заходзіць. Як жа атрымаць гэтую інфармацыю?
— Дастаткова зайсці на сайт Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, — раіць галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі медыцынскай абароны пры надзвычайных сітуацыях Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Ігар Бароўка. — На тытульнай старонцы будзе змешчана паведамленне аб дзяржаўным санітарным наглядзе за станам зон рэкрэацыі. Штопятніцы яно абнаўляецца.
Цяпер абмежавана купанне дзяцей на дзвюх зонах адпачынку. Гэта гарадскі пляж у Нароўлі і пляж «Каскад-1» у Цэнтральным раёне Гомеля. І дзецям, і дарослым не варта выбіраць для воднага адпачынку зону ў Мазыры на левабярэжжы Прыпяці ад аўтамабільнага моста да рэчышча ракі Мерлявіцы.
— Што да дзіцячай смяротнасці, то траўмы і ўтапленні складаюць прыкладна пятую частку, — канстатуе выконваючы абавязкі загадчыка лабараторыі РНПЦ «Маці і дзіця» Ганна Сімчанка. — Ад няшчасных выпадкаў за 2016 год загінулі 148 дзяцей. З іх на долю выпадковых утапленняў прыйшлося 25. Я спынюся на фактарах, якія правакуюць патэнцыйны няшчасны выпадак. Гэта асаблівасці дзіцячага арганізма. У дзяцей працэсы нервовай сістэмы — узбуджэння і тармажэння — вельмі лёгка выходзяць з раўнавагі. У малых малодшага ўзросту падчас адпачынку ў спякоту перыядычна дыягнастуецца абязводжанне. На беразе дзеці часта знаходзяцца ў гарачае надвор'е без панамак, пераграваюцца. Таму калі вы вырашылі прыйсці да вады з малым, то стаўце на першы план менавіта яго бяспеку.
— Самая вялікая бяда, з якой мы сутыкаемся ў летні перыяд, — гэта траўмы пазваночніка, якія людзі атрымліваюць падчас нырання на мелкаводдзі, — зазначае ўрач-нейрахірург першага нейрахірургічнага аддзялення ДУ «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр траўматалогіі і артапедыі» Павел Бобрык. — Як правіла, гэта людзі ва ўзросце да 35 гадоў, якія знаходзяцца ў самым росквіце сіл. А вымушаны пасля здарэння перасаджвацца на інвалідную каляску... Чацвёра з пяці людзей, якія атрымалі траўму пазваночніка шыйнага аддзела і спіннога мозгу, знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення. У 95% з паступаючых да нас у Цэнтр траўмы звязаны з пашкоджаннем спіннога мозгу.
На базе Цэнтра створана адмысловая выязная брыгада. У ёй кругласутачна дзяжураць урач-нейрахірург і кіроўца. Колькасць выклікаў прама прапарцыянальная росту тэмпературы паветра. Бывае так, што за дзень даводзіцца выязджаць у 5—7 пунктаў.
— Людзі, якія ныраюць уніз галавой, не ведаюць, што ў шыйным аддзеле пазваночніка ёсць і спінны мозг, — працягвае Павел Бобрык. — На моц яны яго выпрабоўваюць раз, другі, трэці, пакуль іх без руху ў канечнасцях не выцягваюць ратавальныя службы. Напрыклад, з 350 выклікаў у нас за год 90 звязаны з пашкоджаннем шыйнага аддзела пазваночніка. Калі ж адбыўся разрыў спіннога мозгу — гэта сапраўдная катастрофа. І шанцы на паўнавартаснае аднаўленне функцый блізкія да нуля.
Але ў вадзе могуць падсцерагаць і іншыя непрыемныя сітуацыі. Пра іх расказаў намеснік начальніка ўпраўлення судова-медыцынскіх экспертыз ДКСЭ па горадзе Мінску Уладзімір Семянко-Баярынцаў.
— За 27 гадоў, якія я адпрацаваў у медыцыне, «сезон» масавых утапленняў заўжды пачынаецца ў сакавіку і доўжыцца ажно да кастрычніка. І амаль усе смяротныя выпадкі звязаны з алкагольным ап'яненнем. Кампаніі выязджаюць на бераг, адзін смяльчак адкрывае сезон — і ўсё... Мала хто ведае, але існуе і так званае сухое ўтапленне. Яно наступае тады, калі чалавек апусціўся ў ваду і ў яго адбыўся рэфлекторны спазм галасавых звязак. Яны перакрываюць доступ кіслароду да лёгкіх. А пры апусканні ў халодную ваду можа адбыцца і рэфлекторнае спыненне сэрца. Таму трэба пачакаць, пакуль вада нармальна прагрэецца, і толькі пасля ісці купацца. Што асабліва важна гэтым летам...
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.