Вы тут

Дзе набыць міцэлій вешанак?


Або З уласнага досведу іх вырошчвання.

У свой час калгас «Новы шлях», што ў Баранавіцкім раёне, даволі актыўна займаўся вырошчваннем вешанак: спачатку ў падвальным памяшканні адміністрацыйнага будынка, потым — у неабсталяваным бульбасховішчы. Цяпер той гаспадаркі няма, а ёсць іншае сельгаспрадпрыемства. Якім жа было маё здзіўленне, калі нядаўна даведаўся, што ранейшы калгас не толькі бульбу не вырошчвае, але і грыбы. А менавіта ў гэтай гаспадарцы нашы жыхары набывалі міцэлій вешанкі, заводзілі на прысядзібных участках цэлыя грыбныя плантацыі. Не выключэннем была і наша бацькоўская сядзіба. А цяпер вяскоўцы не ведаюць, дзе, як і калі набыць міцэлій.

Васіль ПАНАСЮК, вёска Галоўчыцы Драгічынскага раёна


А ніякага пытання ў прынцыпе няма. Патрэбны вяскоўцам міцэлій вешанкі прадаецца, напрыклад, у сталіцы на рынках, а таксама ў шматлікіх крамах і аддзелах, якія гандлююць насеннем агародніны, адпаведных спецыялізаваных секцыях гіпермаркетаў. Прычым тут жа можна набыць міцэлій не толькі гэтых грыбоў, але і апенек, чырвонагаловікаў, белых. Думаецца, такая ж сітуацыя і ў іншых гарадах, не толькі ў вялікіх. Калі дзе ў продажы міцэлію няма, яго можна паспрабаваць папярэдне заказаць у прадаўца насення. Хапае прапаноў ад індывідуальных прадпрымальнікаў і ў інтэрнэце, спецыяльна праверыў. Розныя сарты, цэны прыкладна аднолькавыя — 4—4,5 рубля за паўкілаграма, магчыма адпраўка поштай. Толькі ў многіх інтэрнэт-гандляроў пазначана, што тавару часова... няма. Як высветлілася, падобная сітуацыя і ў многіх крамах. Зайшоў у адзін з буйных гіпермаркетаў і не змог знайсці міцэлій, хоць дакладна памятаў, дзе ён звычайна ляжыць. Давялося прасіць дапамогі ў прадаўца. Тая адразу адказала, што ў іх застаўся толькі адзін пакет — з міцэліем белых грыбоў (яго можна выкарыстоўваць з мая па верасень на ўчастках, дзе растуць хваёвыя дрэвы; шчыра кажучы, не чуў, каб нехта такім чынам вырошчваў лясныя грыбы). Справа ў тым, што попыт на такі тавар з боку большасці пакупнікоў (калі чалавек не займаецца вырошчваннем грыбоў у якасці бізнесу) носіць сезонны характар, а «сезон» прыпадае дзесьці на пачатак — канец красавіка. Паспрабую растлумачыць чаму.

Вешанка — вельмі папулярны прадукт для вырошчвання ў дамашніх умовах. І самі грыбы смачныя і карысныя. Грыбніца развіваецца вельмі хутка, засвоіць агратэхніку не цяжка любому. Але, на мой погляд, гэты працэс у пэўнай ступені даволі працаёмкі. Ды і ўмовы патрэбны. Мая сям'я займалася вырошчваннем вешанак для сябе некалькі гадоў запар, а потым адмовілася.

Па-першае, у нас невялікі ўчастак, таму ад развядзення грыбоў на цурках адмовіліся адразу, выбралі іншы субстрат расліннага паходжання — салому. Значыць, яе трэба знайсці. Потым салому трэба здрабніць, напрыклад, сякерай на калодцы на кавалачкі па некалькі сантыметраў. Атрыманую «сечку» — абдаць кіпнем (адпаведна, аб'ём істотна змяншаецца: каб запоўніць гатовым субстратам некалькі невялікіх пакетаў, трэба насекчы як мінімум з паўтузіна вялікіх). Пасля раскласці па цэлафанавых пакетах і «зарадзіць» іх міцэліем. Праз вызначаны час у пакетах трэба будзе прарэзаць невялікія дзірачкі, адкуль і з'явяцца вешанкі.

У грыбніцы існуе некалькі этапаў развіцця, падчас якіх ёй патрэбна забяспечыць аптымальныя ўмовы для росту. Калі няма добрага прыстасаванага памяшкання, даводзіцца «пакруціцца». Перыяд інкубацыі ў грыбніцы доўжыцца 13—20 дзён, у гэты час ёй патрэбна высокая вільготнасць (яна заўсёды патрэбная), высокая тэмпература і поўная цемра. У гэты час свае мяхі мы трымалі ў дрывотні, апырскваючы іх з пульверызатара. Далей цягам 4—7 дзён ідзе развіццё грыбніцы, калі мяхі знутры зацягвае нібы белым павуціннем. Тэмпературу трэба паніжаць, арганізаваць паўцень і праветрыванне. У гэты час мы пераносілі мяхі ў склеп з адкрытым люкам. Далей цягам 5—8 дзён адбываецца плоданашэнне, падчас якога тэмпературу зноў павышаюць і арганізоўваюць праветрыванне. Наш будучы ўраджай зноў перакачоўваў у дрывотню. Растуць вешанкі ў гэты момант вельмі хутка: увечары толькі праклюнуліся, а ранкам па баках мяхоў ужо вісяць «лапухі». Поўны цыкл ад пасадкі да збору ўраджаю — 30—35 дзён. Хутка. Але самым складаным з'яўляецца забеспячэнне ўмоў. Калі тэмпература моцна павысіцца, плоданашэнне спыняецца.

Таму, калі ёсць залежнасць ад умоў надвор'я, аптымальна «зараджаць» міцэлій у сярэдзіне — канцы красавіка. Дарэчы, прыкладна ў гэты ж час большасць з нас набывае насенне агародніны, заадно можна прыкупіць і міцэлій.Тады сама «нябесная канцылярыя» дапамагае (гаворка не пра сёлетні год) пры адсутнасці прыстасаванага памяшкання забяспечваць адносна аптымальныя ўмовы для грыбніцы.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Фота Надзеі НІКАЛАЕВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».