Вы тут

Гаспадар адказвае за ўсё


Не ўсе сельскагаспадарчыя кааператывы развіваюцца аднолькава: многія перажываюць далёка не лепшыя часы. Падчас выязнога пасяджэння прадстаўнікі прыбытковых гаспадарак расказалі, як яны выраслі да такога ўзроўню, а навукоўцы растлумачылі, чаму не ўсе змаглі да яго дацягнуцца.


Сялянская фермерская гаспадарка «Дзіяна» Шклоўскага раёна ўтварылася ў 1991 годзе. «Мы былі фермерамі першай хвалі на плошчы 50 га, — расказвае яе кіраўнік Уладзімір МАЛІНОЎСКІ. — За гэты час мы не прыватызавалі і не купілі ніводнага аб'екта, а ўсё, што пабудавана, было зроблена ўласнымі сіламі. Зараз мы апрацоўваем 1351 га ворнай зямлі. Гэта складае 2% ад ворных зямель нашага раёна. І на іх мы вырабляем 4% таварнай прадукцыі раёна, пры тым што ў нас яшчэ няма жывёлагадоўлі. Але планы па будаўніцтве малочнатаварнай фермы выношваем». Гаспадарка супрацоўнічае з шэрагам замежных кампаній. Гэта дало магчымасць стварыць сучасную вытворчасць па захоўванні і перадпродажнай падрыхтоўцы бульбы на 30 000 тон, насення збожжавых на 8000 тон.

Добрыя паказчыкі ў агракамбіната «Сноў»: ён вырабляе 29 000 тон малака, 27 000 тон мяса. «Усё гэта мы перапрацоўваем на малочным заводзе і мясакамбінаце, — тлумачыць старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Агракамбінат Сноў», намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Мікалай РАДАМАН. — Сёння, можа, нават выгадней прадаць сыравіну па добрых цэнах, чым вырабляць вузкі кірунак прадукцыі, якая не дае пэўнага прыбытку. У гаспадарцы працуе 1900 чалавек. Сярэдні заробак за мінулы год — 790 рублёў. Для сельскай мясцовасці ён больш-менш годны. Мы выпускаем каля 20 відаў малочнай прадукцыі і каля 300 — мясной. 35% прадукцыі адпраўляецца на экспарт, 25% прадаецца праз фірменную гандлёвую сетку. Астатняе — гандлёвым арганізацыям. Асноўны аб'ём экспарту, вядома, ідзе ў Расійскую Федэрацыю. На жаль, мы трапілі пад пэўныя санкцыі: з 4 лютага па 24 мая Мінская вобласць была закрытая для Расіі. Пераадолелі мы цяжкасці, што паўсталі з пастаўкай сутачных куранят, калі ў заходніх краінах быў птушыны грып. Часткова не працавалі два месяцы па вытворчасці птушкі, але да канца года выйдзем на запланаваныя паказчыкі».

Кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый сыходзяцца на тым, што не ўсё ідзе гладка. Часам непаразуменні сустракаюцца і ў дыялогах з кіраўнікамі райвыканкамаў. Да таго ж было б добра прадумаць пытанне фінансавання праз банкі пад ільготныя працэнты буйных гульцоў на рынку малака і мяса. На думку дырэктара рэспубліканскага навуковага ўнітарнага прадпрыемства «Інстытут сістэмных даследаванняў у АПК» Аляксандра ШПАКА, «нароўні з рэспубліканскімі, рэгіянальнымі, кіруючымі структурамі АПК важная роля ўскладаецца на мясцовыя органы ўлады. Яны перш за ўсё адказныя за стан спраў у рэгіёнах. Эканамічны механізм у нас з 1990 года не адпавядаў рыначнай сістэме гаспадарання. І мы сельскую гаспадарку праз гэты эканамічны механізм увесь час ушчамлялі, ёй заўсёды адкрываліся меншыя прыбыткі, і заўсёды яна была абдзеленая. Вы глядзіце, якая сітуацыя сёння: у сельскай гаспадарцы банкруты, сусветны крызіс уплывае аднолькава на ўсю эканоміку. Нізкія цэны і высокія крэдытныя стаўкі заганялі нашы суб'екты гаспадарання ў даўгавую яму. Гэта быў працяглы працэс і выйсці з яго хутка не атрымаецца. Неабходна забяспечыць парытэтныя адносіны сельскай гаспадаркі з партнёрамі: машынабудаўнікамі, перапрацоўчымі арганізацыямі, гандлёвымі сеткамі і банкамі».

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».