Вы тут

Як харчуюцца ў полі?


У адкрытым акцыянерным таварыстве «Рачэнь» Любанскага раёна блізіўся да завяршэння першы ўкос траў. На поле я падаспела якраз апоўдні. І трапіла на абед.


— Ці добра кормяць вас сёлета? — пацікавілася ва ўдзельнікаў корманарыхтоўкі.

— Не скардзімся, — пачулася дружнае ў адказ. — Сёння на першае суп, на другое— панцак з мясам, гарбата з коржыкам.

Вадзіцель Мікалай Крывальцэвіч ужо трынаццаць гадоў на пенсіі, але працягвае працаваць і не ўступае на адвозцы «зялёнай масы» маладым.

— На свае гады, Мікалай Мікалаевіч, вы нядрэнна выглядаеце, — звяртаюся да яго.

— Дык жонка добра даглядае, — жартуе ён, — ды і на рабоце, як бачыце, смачна кормяць.

— Стараемся разнастаіць меню, — кажа раздатчыца абедаў Тамара Запольскіх. — Прывозім розныя кашы — з катлетай, гуляшом, курацінай, свінінай, ялавічынай, баршчы, супы. На дэсерт — чай, кава або кампот са здобай, коржыкам, пірожным. Бывае, хлопцы замаўляюць стравы па сваім гусце. Заказы абавязкова выконваем.

Тамара Уладзіміраўна дастаўляе абеды для механізатараў ужо не першы год. Пасада ў яе адказная: своечасова прывезці стравы на поле. Работа ў жанчыны пачынаецца з самай раніцы: неабходна размеркаваць прыгатаванае ў асобныя кантэйнеры, загрузіць іх у спецыяльна абсталяваны аўтобус, не забыць чысты ручнік, сурвэткі, мыла.

— Кормім людзей два разы ў дзень, вылічваем з іх заробку толькі 25% кошту. У залежнасці ад меню атрымліваецца 70—80 капеек, — уступае ў размову дырэктар ААТ «Рачэнь» Максім Мацяс. — У нас няма сваёй сталовай, але на тэрыторыі гаспадаркі знаходзіцца сталовая сістэмы грамадскага харчавання раёна. Тут і замаўляем абеды. У пачатку сезона карэкціруем іх пад сваіх людзей: бяром двайную порцыю. Бо як яны паядуць, так і папрацуюць.

Усяго ж на корманарыхтоўцы заняты каля 40 чалавек. З траў першага ўкосу плануецца нарыхтаваць каля 10 тыс. тон сенажу. І на гэтым у акцыянерным таварыстве спыняцца не збіраюцца: пачынаецца другі этап касавіцы. У планах — назапасіць 20 тыс. тон сенажу і 30 тыс. тон сіласу.

— Калі я прыйшоў паўтара года таму ў сакавіку ў «Рачэнь», тут заставалася кармоў на два дні, — успамінае кіраўнік. — За тры з паловай месяцы закупіў 3 тыс. тон кармоў. Натуральна, грошай на ўсё не хапала і давялося разлічвацца жывёлай.

Сёлета на «зялёны ўраджай» не лепшым чынам паўплывала нестабільнае веснавое надвор'е. Днём — холад, ноччу — замаразкі.

— У выніку мы не дабіраем прыкладна 30% ад ураджайнасці траў, — прызнаўся Максім Мацяс. — Але нягледзячы на сюрпрызы надвор'я, касавіцу пачалі 22 мая, калі травы дасягнулі аптымальнай фазы для ўборкі, калі ў іх назапасілася неабходная колькасць бялку, пратэіну.

Кармавая база дазволіць без праблем перазімаваць жывёле. Тым больш што ў гаспадарцы яшчэ з мінулага года засталося 10 тыс. тон кармоў. Малады кіраўнік надае ім першаступеннае значэнне. Ён лічыць, што кармы — гэта ўсё: і прыбаўленні ў вазе, і надоі, і зарплата працаўнікоў, а значыць, будучае гаспадаркі.

У «Рачэні» 8 тыс. 650 галоў буйной рагатай жывёлы, 1800 дойных кароў, 4200 быкоў на адкорме. «На сённяшні дзень доім 15,5 літра малака ад каровы штодзень. Гэта невялікі вынік, але нам ёсць куды расці, куды імкнуцца», — упэўнены дырэктар.

Сярэдняя зарплата ў таварыстве за год вырасла на 120 рублёў. У сезон корманарыхтоўкі механізатары зарабляюць чыстымі ад 800 да 1200 рублёў. На асобных работах — да 1500 —1800 рублёў. За перавыкананне нормы ўдзельнікам корманарыхтоўкі даплачваюць у залежнасці ад колькасці нарыхтаваных або перавезеных тон «зялёнай масы».

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Як падсілкуешся, так і папрацуеш

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».