Вы тут

Як у Асіповічах дэпутаты ўзаемадзейнічаюць з бізнесам


Наш карэспандэнт паназірала, як у Асіповічах народныя выбраннікі ўстанаўліваюць сувязі з жыхарамі і ўзаемадзейнічаюць з бізнесам.

Людзі часам скардзяцца, што ад дэпутатаў мала карысці. Маўляў, да выбараў наабяцаюць горы залатыя, а калі мандат атрымаюць, пра іх нідзе не чутно. У Асіповічах знайшлі дзейсны метад, як арганізаваць найбольш эфектыўна работу народных выбраннікаў. У месцах, дзе звычайна праходзяць выбарчыя кампаніі і людзі вырашаюць, за якога дэпутата ім прагаласаваць, створаны камітэты тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Гэта, можна лічыць, штаб-кватэра дэпутата пэўнай акругі. Тут жа размешчаны інфармацыйныя стэнды, праводзяцца прамыя лініі і сходы. Карысць ад такой работы відавочная.


Аляк­сандр Пу­зік: «Тут уся ін­фар­ма­цыя для вы­бар­шчы­каў».

Быць бліжэй да людзей

— Усе праблемы дэпутат, канешне, не вырашыць, але трэба паклапаціцца аб умовах для іх вырашэння. І такія камітэты проста неабходныя для гэтага, — дзеліцца вопытам старшыня Асіповіцкага райсавета дэпутатаў Аляксандр Пузік. — Дэпутат узначальвае камітэт і праводзіць работу. Стэнды, аб'явы — усё гэта дапамагае эфектыўнаму распаўсюджванню інфармацыі. Трэба, каб выбаршчыкі ведалі, дзе знайсці дэпутата, каб не казалі, што не ўяўляюць, хто ён такі і чым займаецца. У дэпутата павінны быць памочнікі. Мы абмяжоўваемся дзесяццю членамі тэрытарыяльнага самакіравання, якія жывуць у розных кропках горада.

Аляксандр Пузік прапаноўвае паглядзець, як працуе сістэма. Спачатку едзем да раённага дома культуры, дзе пад адным дахам суіснуюць два камітэты тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання — Першамайскі і Дзмітраўскі. На інфармацыйных дошках — імёны і прозвішчы старшынь і іх памочнікаў, сярод якіх пенсіянеры, ветэраны, кіраўнікі арганізацый, актывісты ад народа. Тут жа пазначаны іх пасады і тэлефоны, у тым ліку і мабільныя, каб хутчэй можна было знайсці. Каб не было блытаніны, размешчаны схемы той часткі горада, на якой працуюць камітэты. Пазначаны нават вуліцы і дамы, якія знаходзяцца пад іх наглядам. Тут жа графікі прыёму грамадзян дэпутатамі райсавета. Як усё гэта дапамагае вырашаць праблемы жыхароў?

— Адно з праблемных пытанняў сёння — вялікая колькасць машын, — прыводзіць прыклад дэпутат. — Сёння ўсе хочуць, каб машына стаяла каля пад'езда, а месцаў не хапае, асабліва ў раёнах старой забудовы. Мы прыцягваем сродкі насельніцтва і дзесьці спрабуем пашырыць аўтастаянку. Летась зрабілі чатыры такія паркоўкі на 56 месцаў. З іх дзве на 16 месцаў з'явіліся за кошт сродкаў аўтаўладальнікаў. Плануем і далей працягваць гэту работу. Задача дэпутата і члена тэрытарыяльнага самакіравання — сабраць народ і аб'явіць. Хапае, безумоўна, і прэтэнзій, але людзі павінны выпускаць пару. Калі мы прапануем зрабіць нешта за іх грошы, шмат хто спачатку адмаўляецца. Маўляў, у суседзяў зрабілі за дзяржаўны кошт, а чаму мы павінны плаціць. Прыходзіцца тлумачыць, што зараз дамы будуюцца па іншых праектах, там прадугледжваецца больш месца пад паркоўкі. Але забудоўшчыкі там таксама ўносяць грошы.

Бы­ла ка­цель­ная, стаў ганд­лё­вы цэнтр.

Жывём, як у Германіі

Яшчэ адзін прыклад дзейнай работы камітэта тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання — дом па вуліцы Сташкевіча. Будынак новы, але жыхары пад кіраўніцтвам старшыні дома Юрыя Лявончыка паспелі зрабіць тэрыторыю больш прывабнай для вока і зручнай для пражывання.

— Жыхары ў нас маладыя, ініцыятыўныя. Пішам аб'явы, і яны самі падыходзяць, пытаюцца, што рабіць, — кажа старшыня дома. — У доме прапісана 429 чалавек, 54 — дзеці да 7 гадоў. Дом яшчэ на гарантыі, усё зроблена сумленна, але шмат чаго мы стварылі сваімі сіламі. Сабралі грошы на агароджу, сістэму відэаназірання паставілі, бацькі за свой кошт абсталявалі пясочніцы, устанавілі арэлі. Жывём цяпер, як у Германіі.

— Юрый Вячаслававіч наогул ініцыятыўны чалавек, — дадае Аляксандр Пузік. —. Акрамя таго, што ён старшыня жыллёва-будаўнічага кааператыва, ён яшчэ і член камітэта тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, працуе ў цесным кантакце з дэпутатам раённага савета Анжэлай Хлус. У яе на ўчастку 1200 выбаршчыкаў, а ён даводзіць да розуму свой аб'ект. Дзякуючы яго ініцыятыве зрабілі паркоўку, падзялілі яе лініямі, кожны цяпер ведае сваё месца. Ды і маёмасць пад наглядам. Купілі 16 відэакамер для пад'ездаў і ліфтаў. Гэта дысцыплінуе народ, бо парушальніка абавязкова знойдуць.

Дарэчы, было ўжо некалькі прэцэдэнтаў, калі сістэма відэаназірання дапамагла вырашыць спрэчкі мірным шляхам. Аднойчы адзін аўтаўладальнік няўдала прыпаркаваўся і хацеў скрыць гэты факт. Але праглядзелі здымку, і тайнае стала відавочным. Быў таксама выпадак, калі жыхары пакінулі сумку і пайшлі. А калі спахапіліся, сумкі на месцы ўжо не было. Шукаць доўга не прыйшлося, зноў відэакамеры дапамаглі.

Адзін з відаў на алею для за­ка­ха­ных.

Кавярня і алея для закаханых

Асіповіцкія дэпутаты сябруюць з бізнесам, што таксама на карысць жыхарам горада. Гандлёвы цэнтр «Рахмат», напрыклад, зроблены на месцы былой кацельнай. Ранейшы будынак не песціў сваім выглядам вока, а зараз гэта адзін з найбольш папулярных у горадзе аб'ектаў. Дзякуючы дырэктару гандлёвага прадпрыемства «Хутарок-гандаль» Мікалаю Рафаловічу, у Асіповічах з'явіўся яшчэ адзін шматфункцыянальны гандлёвы цэнтр. Фірма адкрыла краму будаўнічых матэрыялаў, зрабіла кавярню, а частку гандлёвых плошчаў выдзеліла Еўраопту. Аб'ект выглядае па-сучаснаму, створаны ўмовы для безбар'ернага асяроддзя. Бачна, што зручныя пандусы, парэнчы рабіліся не для справаздачы.

А каб спажывец не толькі прыйшоў, нешта набыў і пайшоў, прадпрымальнік стварыў зону для культурнага адпачынку. На тэрыторыі кавярні з'явілася алея для закаханых з танцуючымі ліхтарамі і сімпатычнымі лаўкамі з ажурнымі металічнымі ўпрыгажэннямі. Прыватнае прадпрыемства мае цэх мастацкага кавальства, дзе вырабляюцца неабходныя рэчы для будаўніцтва і садовых работ. Некаторыя гаспадарчыя прыстасаванні выкарыстаны і пры афармленні пляцоўкі. Вельмі добры маркетынгавы ход і выглядае незвычайна. Нездарма нават вясельныя картэжы заязджаюць, каб сфатаграфавацца на іх фоне. У наведвальніках наогул недахопу няма. Побач стадыён, дзе праходзяць спаборніцтвы па футболе.

— Нашы прадпрымальнікі малайцы, стварылі ўмовы і для шопінгу, і для адпачынку, а заадно за кошт уласных сродкаў добраўпарадкавалі вуліцу, — кажа Аляксандр Пузік. — Гэта тое, што называецца сацыяльна арыентаванай дзейнасцю.

Малако не павінна быць кіслым

У сельскай мясцовасці існуе свая сістэма кантролю за парадкам. Тут ствараць камітэты тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання няма сэнсу, людзі і так ведаюць, дзе шукаць дэпутата — у сельсавеце. Узяць, напрыклад, аграгарадок Вяззе, да якога ад Асіповіч пяць кіламетраў. Будынак сельсавета знаходзіцца у самым цэнтры, з ім дзеляць плошчу пошта і банк, побач кантора калгаса, дом культуры, ФАП, камбінат бытавога абслугоўвання. Людзям зручна, калі ўсе неабходныя ім службы і арганізацыі сканцэнтраваны ў адным месцы.

У Аляксандра Пузіка для кожнага сельсавета заведзена асобная папка, дзе ён рэгулярна пазначае асноўныя паказчыкі дзейнасці.

— Форму я распрацаваў для сябе сам, у мяне тут інфармацыя і пра закуп малака, і пра продаж цялят, і пра работу сацыяльных дамоў, — кажа ён. — Адсочваем стан воінскіх пахаванняў, могілак, населеных пунктаў. Склаўшы ўсё гэта, мы маем аб'ектыўную карціну, хто працуе лепш, а хто горш. Ёсць сацыяльны пашпарт сельсавета, дзе зведзена ўся гэта інфармацыя. Дробязяў у нашай рабоце няма. Старшыні сельсавета да ўсяго павінна быць справа. І як аўталаўка працуе, і якой свежасці там прадукты. Калі хлеб чэрствы, гэта адразу ж будзе агучана. У аддаленых вёсках за такімі момантамі пільна сочаць старасты. Мы іх як можам падтрымліваем. Раз у квартал найбольш актыўных крышачку фінансава стымулюем. І людзі стараюцца. Перыядычна падводзім вынікі арганізацыйна-масавай работы і па кожным сельсавеце, а гэта стымул для старшынь. Сёлета па выніках працы за мінулы год лепшым у раёне і вобласці стаў Лапіцкі сельсавет. Гэта дало ім магчымасць атрымаць пераходны ганаровы сцяг, а таксама 500 базавых велічынь на вырашэнне надзённых праблем.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Як хутчэй знайсці дэпутата?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?