Вы тут

Дзяржінспектары выявілі тры факты крадзяжу драўніны


Тры факты крадзяжу драўніны выявілі дзяржінспектары пры праверцы грузавога транспарту на тэрыторыі Мінскай вобласці — адзін у Вілейскім раёне, астатнія ў Пухавіцкім. Дзве апошнія справы характэрныя тым, што доўга разбірацца з імі інспектарам не прыйшлося — аднаго позірку было дастаткова, каб заўважыць неадпаведнасць грузаў суправаджальным дакументам, паведамілі ў Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.


На аўтадарозе каля вёскі Чырвоны Араты Пухавіцкага раёна дзяржінспектары Асіповіцкай міжрайінспекцыі спынілі МАЗ, на якім кіроўца прыватнага прадпрыемства са Слуцка вёз лесапрадукцыю, адпушчаную Глускім лясгасам. Мяркуючы па накладной, у машыне павінны былі знаходзіцца 20 кубаметраў дубовых дроў коштам каля 400 рублёў. У дакладнасці гэтага дакумента правяраючыя ўсумніліся, як толькі зазірнулі ў кузаў прычэпа — там ляжалі моцныя дубовыя бярвёны буйных дыяметраў.

Каб устанавіць рэальны кошт грузу, дзяржінспектары прыцягнулі работнікаў Асіповіцкага лясгаса. Па іх падліках выйшла, што дроў у машыне было толькі 5,5 кубаметраў, астатняя драўніна — тэхсыравіна і піловачнік. Усю лесапрадукцыю ацанілі амаль у тры тысячы рублёў. Аўтамабіль і груз арыштаваныя, Пухавіцкі РАУС праводзіць праверку, пасля якой можа быць распачата крымінальная справа.

Яшчэ па адным факце крадзяжу драўніны, выяўленым дзяржінспектарамі Мінскай міжрайінспекцыі, Пухавіцкі РАСК ужо пачаў крымінальны працэс. На трасе Мінск — Гомель каля вёскі Пухавічы ў пачатку мая супрацоўнікі інспекцыі спынілі трактар з прычэпам, на якім перавозілі сасновыя бярвёны — 35 штук аб'ёмам 11,5 кубаметра. У прад'яўленай кіроўцам накладной значылася, што драўніна была адгружана месяц таму — у сапраўднасці ж спілоўкі на бярвёнах былі зусім свежыя.

У ходзе разбору высветлілася, што драўніну выкралі ў індывідуальнага прадпрымальніка, які заключыў дагавор з лясгасам на расчыстку трасы ўздоўж ЛЭП. Аплату за свае паслугі ён пагадзіўся ўзяць лесапрадукцыяй. Для выканання работ ІП наняў брыгаду вальшчыкаў. Адзін з іх і падазраецца ў крадзяжы і незаконным збыце лесу.

Недакладнасці ў афармленні дакументаў на драўніну выклікалі падазрэнні і ў інспектараў Мядзельскай міжрайінспекцыі пры праверцы аўтамабіля-лесавоза Scanіa, які выязджаў з тэрыторыі Ільянскага лясніцтва Вілейскага доследнага лясгаса. Адпраўніком і атрымальнікам грузу (38 кубаметраў елкі), згодна з дакументам, быў адзін і той жа індывідуальны прадпрымальнік. Мужчыну выклікалі на месца затрымання аўтамабіля — пры дэталёвым апытанні ён прызнаўся ў крадзяжы. Вырашаецца пытанне аб крымінальнай адказнасці.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: За бярвёнамі можна і лесу недалічыцца...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».