Вы тут

Па шчупаковай волі…




Па шчупаковай волі…

Гэтую кнігу прынесла мне адзінота. На наша спатканне, калі пасярод белага дня неба раптам стала чорна-сінім, а зоркі з яго ў адно імгненне пасыпаліся на маё падаконне. Я ведала: зоркі трэба вярнуць на неба. І не адвольным россыпам, а ў выглядзе сузор’яў. Пакуль не прыйшла сапраўдная ноч і, здзівіўшыся, не сышла назад, аддаляючы ад усяго жывога жаданы ацаляльны ранак.

Я ведала. Але сама зрабіць нічога не магла. Мне патрэбен быў хтосьці. На адлегласці ў тысячы кіламетраў. Хтосьці, хто разумеў бы нешта важнае, чаму самой мне надзвычай складана даць назву. І акрамя таго, мог бы штосьці сказаць, не ведаю што, але нешта неверагодна трапнае, з правільным націскам і таніраваннем.

Мая адзінота ведае шмат розных рэчаў. Але часам яна занадта блізкая і нямая, каб быць суразмоўцам. Таму ў яе пры сабе заўжды кніга. Вось і цяпер працягнула мне стосік электронных лістоў. «Ютта Рихтер. Щучье лето» — значылася на вокладцы. Чужое імя. Невыразная назва. Што гэта ўсё можа мне даць? І анатацыю, і пачатак прадмовы я чытала з недаверам. Але пасля...

«Шчупачынае лета» адносіцца да тых нешматлікіх кніг, якія могуць падтрымаць чытача ў цяжкі час, утрымаць на краі жыццёвай прорвы. Такія гісторыя запамінаюцца надоўга і дарослым, і дзецям — не трагічнасцю тэмы, а цудоўным пераадоленнем гэтай трагічнасці. Пасля прачытання гэтай невялікай кнігі свет застаецца ранейшым толькі знешне, унутрана ён заўважна мяняецца.

У маім сэрцы запаліўся агеньчык радаснай надзеі, і я пачала чытаць. Усе 306 лістоў фармату fb2 прачыталіся лёгка, хутка і, як вымагае таго сапраўдная тэрапія, са слязьмі на вачах. Пасля прачытання спатрэбілася яшчэ колькі гадзін, каб разрозненыя ўражанні сталі больш-менш цэласным малюнкам, а зоркі сабраліся ў сузор’і і сплылі назад — у позняе вечаровае неба. Усё, на дзіва, стала на свае месцы...

Дык пра што гэта кніга?

Пра розныя цікавыя рэчы. Напрыклад, пра тое, што паўлін можа жыць з адной нагой і гадаваць чатырох паўліняня. Пра тое, што рыбы адчуваюць страх і ім баліць. Пра тое, што дзеці, якія штодзень ездзяць у школу адным аўтобусам, могуць аказацца чужынцамі, падзеленымі на варожыя лагеры праз сацыяльную прыналежнасць. Пра тое, што каб захварэць на рак, не абавязкова паліць і мець купу іншых шкодных звычак. Пра тое, што на свеце вельмі многа верхаглядаў — людзей, якія, не ведаючы сутнасці рэчаў ці ведаючы толькі нейкую яе частку, робяць высновы, перадаючы іх па бясконцым «сапсаваным тэлефоне», і замест таго, каб кіравацца ўласнай логікай і думкамі, абіраюць перайманне дзеяннаў кагосьці. Пра тое, што «Рыбалоўства для чайнікаў» можа аказацца дыхтоўным падарункам для дзяўчынкі-падлетка...І яшчэ пра многае-многае.

Хаця паводле анатацыі ўсё выглядае значна прасцей: «На долю братоў Даніэля і Лукаса, герояў аповесці «Шчупачынае лета», выпадае нялёгкае выпрабаванне: іх маці захварэла на рак. І каб перамагчы страх перад стратай самага блізкага чалавека, дзеці адважваюцца кінуць выклік лёсу, прайсці своеасаблівую ініцыяцыю: злавіць шчупака — галоўнага прэснаводнага драпежніка. Дапамагае ім у гэтым іх сяброўка, амаль сястра, Ганна, ад асобы якой вядзецца аповед».

Для каго гэта кніга?

Для падлеткаў. Але мне думаецца, што найперш для дарослых. Хаця для іх кніга можа стаць няёмкай апытанкай. У якіх выпадках шчырая дзіцячая малітва бывае «не пачута», і чыйсьці бацька ўсё-такі сыходзіць з сям’і? Чаму прасцей абагрэць чужое дзіця, чым пачуць, адчуць і прылашчыць сваё? Для чаго блізкія людзі заўчасна сыходзяць з жыцця? Адказы на гэтыя пытанні маглі б быць чароўным эліксірам, што папярэдзіць неабходнасць у горкіх леках. Але дарослы свет рэдка ладзіць допыты сабе. Яго задача — кантраляваць, выдаваць інструкцыі на ўсемагчымыя выпадкі, ацэньваць, караць ці заахвочваць...

Было б хлуснёй сказаць, што, прачытаўшы згаданую кнігу, я атрымала падказку, што рабіць з уласным болем, з уласнымі цяжкасцямі, якім чынам іх пераадолець. Праблемы не зніклі. Яны засталіся. Але... кніжка, пэўна, ад самага пачатку была не пра гэта. Не пра мяне, не пра мой боль. Яна пра нешта большае: як жыць у свеце, перапоўненым болем па суседству? Як жыць, калі нічога нельга змяніць, калі нельга дапамагчы дарагому чалавеку ні словам, ні справай?

«— Я не хачу, каб мама памірала! Даніэль падскочыў і раптам закрычаў з усёй сілы: НЕ ХАЧУ! НЕ ХАЧУ! НЕ ХАЧУ!

І з кожным «НЕ ХАЧУ!» біўся ілбом аб ствол дрэва, потым адвярнуўся ад мяне і заплакаў.

Бываюць такія імгненні, якія запамінаюцца на ўсё жыццё. Нават калі хочаш пра іх забыцца. І калі Даніэль біўся галавой аб ствол, я ведала, што ніколі не забудуся пра гэта.

Мне хацелася абняць Даніэля, але я не магла.

Хацелася сказаць што-небудзь, але я не магла.

Хацелася збегчы, але я не магла.

Я не магла нават плакаць».

Я не змагу пры нагодзе ўзнавіць гэты ўрывачак па памяці. Але я пражыла ў ім кожнае слова, кожны радок. Як нешта глыбока-асабістае. І ўрок, што закладзены ў ім, збіраюся запісаць у сшытак самых важных жыццёвых адкрыццяў.

Я чула пра гэта раней. Але сёння, тут і цяпер, гэта перакананне стала часткай мяне. У сітуацыі безнадзейнасці і безвыходнасці самае вялікае і найлепшае, што мы можам зрабіць для іншага і для сябе, — ПРОСТА БЫЦЬ ПОБАЧ. Не адводзіць вачэй ад кубка чужога болю, а піць яго глыток у глыток на адлегласці выцягнутай рукі. Толькі не хмялець ад горычы да буйства, а трывала помніць: калі з чыгойсьці неба сыплюцца зоркі, хтосьці мусіць іх беражліва збіраць, каб пасля вярнуць назад, сузор’ямі. Бо неба не тваё, маё ці яго. Неба заўжды наша.

Галіна Зыранава

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.