Вы тут

У КДК Гродзеншчыны звярнулі ўвагу на праблемы ў будаўнічай галіне


Летась будаўнічая сфера вобласці ўпершыню спрацавала са стратамі — амаль на 11 млн рублёў. На Гродзеншчыне больш за 800 будаўнічых арганізацый, а вось уклад іх у агульны кацёл рэгіёна з кожным годам зніжаецца. Калі тры гады таму доля будаўнічай галіны ў валавым рэгіянальным прадукце складала 15%, то за першы квартал сёлета — толькі 9%. У значнай меры гэта звязана з ростам колькасці стратных прадпрыемстваў. Зараз іх налічваецца паўсотні. Хоць нядаўна ў гэтым спісе значыліся адзінкі.


У першую чаргу кантрольны орган непакоіць жыллёвае будаўніцтва. Часта здараецца, што здача дамоў зацягваецца, а заданне выконваецца не ў поўным аб'ёме. Але і той фонд, што ўведзены ў строй, не заўсёды ўдаецца прадаць. Так, у абласным цэнтры 1300 кватэр нерэалізавана, хоць чарга на жыллё складае 33 тысячы чалавек, а кошт квадратнага метра самы нізкі ў краіне — 690 рублёў у сярэднім па вобласці. Цяпер у рэгіёне ўзводзіцца 48 шматкватэрных дамоў.

Не прымаюцца дастатковыя меры па экспарце будаўнічых паслуг. Гэта датычыцца ў асноўным мясцовых арганізацый. Так, за першы квартал тэмп росту экспарту склаў 76% пры плане 117%. У Камітэце адзначаюць нізкую канкурэнтнасць будаўнікоў Гродзенскага рэгіёна, якія ў некаторых выпадках не прымаюць удзел у тэндарах.

У той жа час не рэдкасць — завышэнне кошту будаўнічых работ. За мінулы год гэта лічба склала 900 тыс. рублёў. Амаль палова згаданай сумы выяўлена на будаўніцтве аўтадарогі ў Астраўцы.

Ёсць нараканні і на якасць — аб'ект толькі здадзены, а яго ўжо трэба рамантаваць. Такі падыход да работы недапушчальны, падкрэслілі ў Камітэце, і ён будзе паўсюдна карацца, як і неэфектыўнае расходаванне бюджэтных сродкаў пры закупцы абсталявання, сыравіны ў пасрэднікаў. Штрафныя санкцыі за мінулы год склалі 340 тыс. рублёў. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута каля 100 чалавек.

Міхаіл Петух, старшыня Камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Гродзенскага аблвыканкама:

— Праблемы ў галіне залежаць не толькі ад унутраных, але і ад знешніх фактараў. Напрыклад, заданні па экспарце паслуг даводзяцца высокія — 300—350 млн долараў. Сёлета мы павінны ўвесці 450 тыс. кв. м жылля, гэта больш, чым у іншых рэгіёнах краіны. Гродзенскія будаўнікі паступова нарошчваюць прадукцыйнасць працы.

Разам з тым увядзенне некаторых аб'ектаў зацягваецца з-за адсутнасці фінансавання. Развіццё галіны стрымлівае вялікая дэбіторская запазычанасць. Асабліва гэта датычыць будаўніцтва аб'ектаў на сяле.

Сяргей Пузако, галоўны інжынер ААТ «Гроднапрамбуд»:

— Стан новабудоўлі не заўсёды залежыць напрамую ад будаўнікоў. Бо задзейнічана многа інстанцый. Па-першае, гэта праект, які часам карэкціруецца ў ходзе работ. Вялікую ролю ў канчатковым выніку адыгрывае і якасць будаўнічых матэрыялаў, якія паступаюць ад вытворцаў. Калі ёсць брак, мы вымушаны адпраўляць назад, што стрымлівае ход работ.

Анатоль Дарожка, старшыня Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці:

— Развіццё будаўнічай галіны стрымлівае недасканалае заканадаўства. Таму Камітэт дзяржкантролю Гродзенскай вобласці накіраваў 22 прапановы па ўнясенні змяненняў у нарматыўна-прававыя акты, што дазволіць палепшыць дзейнасць будаўнічых арганізацый.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Адкуль бяруцца страты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».