Вы тут

Рамантыка невысокіх дамоў. Быць ці не быць?


Што ведаюць пра Беларусь у свеце? Што гэта краіна, дзе ў лясах ходзяць магутныя зубры, а ў гарадах і вёсках жывуць самыя прыгожыя жанчыны? З чым у такім разе асацыіруецца беларуская сталіца?.. Днямі ехала ў цягніку, са мной у купэ сядзелі два замежнікі. Як высветлілася, азербайджанцы. Адзін з іх адзначыў: «Я ведаю, у вас ёсць прыгожы праспект... Незалежнасці, так? Нядаўна бачыў па Еўраньюс, што яго ўносяць у спіс спадчыны ЮНЕСКА. Цікава будзе яго паглядзець». Як бачым, савецкая спадчына нам зусім не чужая. Хутчэй наадварот, менавіта пра яе можна сказаць «такога няма нідзе». Аднак каштоўнасць некаторых архітэктурных цікавінак нам яшчэ трэба асэнсаваць.


Асмалоўка. Фота Юрыя Тарэева.

Адметна, што такая спадчына засталася не толькі ў выглядзе праспекта Незалежнасці, пабудаванага ў стылі сталінскага ампіру — з найбольшай веліччу, размахам, пра якія марылі ў тыя часы. Ёсць і іншыя адмысловыя куткі, на якія варта звярнуць увагу. Злучаныя разам, у турыстычны маршрут, яны могуць стаць яскравай візітнай карткай сталіцы.

Нездарма любімы многімі, у нечым культавы фільм «Стылягі» здымалі менавіта ў Мінску. Аднак тое, што сёння мы можам з гонарам паказваць сябрам на кадрах папулярнай кінастужкі, з прыемнасцю разглядаць, шпацыруючы там вольнымі вечарамі, ужо заўтра... могуць знесці. Грамадскасць актыўна збірае подпісы адразу пад дзвюма петыцыямі — супраць зносу пасёлка трактарнага завода і дамоў у раёне Асмалоўкі. Жарсці разгараюцца не на жарт.

Утульнае сэрца Мінска

Пра каштоўнасць і ўнікальнасць гэтых раёнаў пісалі многія сродкі масавай інфармацыі. Аднак калі прыходзіць інвестар з рэальнымі грашыма, звычайна прынята закрываць вочы на многае. Але асабіста я ў такія законы рынку не веру. Бо задача любой сталіцы — дэманстраваць. Жыхарам неабходны месцы для шпацыраў, для душы, каб, як казаў класік, людзьмі звацца. Патрэбны яны і нашым гасцям: каб знайсці ў Мінску тое, што яны палюбяць, і вяртацца сюды зноў.

Месцічам вялікіх гарадоў вельмі патрэбны спакойныя зоны, дзе можна адпачыць ад шуму і тлуму, крыху заспакоіцца. Хочацца бачыць перад вачыма і прыемную архітэктуру — працу рук чалавечых — каб адчуваць сябе знітаваным з пэўнай культурнай ніткай, што працінае горад.

Калі патрэбна цішыня, ці калі апаноўвае рамантычны настрой, я зазвычай іду ў Асмалоўку. Так называецца раён паміж некалькімі вуліцамі недалёка ад плошчы Перамогі, каля тэлевежы. Зрэшты, пакуль яго не сабраліся зносіць, я і не ведала, што ў раёна менавіта такая назва.

Двух-трох павярховыя дамкі, пафарбаваныя ў спакойны жоўты колер, якія яшчэ захоўваюць прысмак мінулай эпохі, але ўдала ўпісваюцца ў наш час. Вакол вуліц растуць акуратныя стройныя дрэвы. Узнімеш галаву — і бачыш прыгожае, нізкае неба. Балазе хмарачосы яго не засланяюць. Менавіта такая яна, стрыманая, але вельмі прыемная Асмалоўка

Асмалоўка з'яўляецца і самы зялёным кварталам Мінска. Адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны жонкі вайскоўцаў, якія жылі тут, вельмі захапляліся садаводствам. Яны імкнуліся насадзіць як мага больш экзатычных раслін. Такім чынам сёння ў раёне расце больш за 1000 розных відаў дрэў, кустоў і кветак. Дзякуючы станоўчай экалагічнай абстаноўцы, што склалася ў Асмалоўцы, тут гняздзяцца рэдкія віды птушак, у тым ліку чырванакніжніц. Можна заўважыць і два віды кажаноў. Тут жа растуць дрэвы, якім сёння ўжо больш за 100 гадоў.

У канцы мінулага года Навукова-метадычная рада пры Міністэрстве культуры разглядала прапанову аб наданні Асмалоўцы статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Статус не быў нададзены, але і прапанова не была адхілена — яе адправілі на дапрацоўку. З пункту гледжання закона, паколькі прапанова паўторна не разглядалася, пісьмовага паведамлення аб канчатковай адмове ў наданні статусу каштоўнасці таксама не было, яна знаходзіцца ў рабоце. Таму раён да прыняцця канчатковага рашэння застаецца пад аховай дзяржавы.

Але ўжо ёсць план, згодна з якім Асмалоўка будзе знесена цалкам, а на яе месцы ўзвядуць пяці- і шасціпавярховыя дамы з гандлёвымі цэнтрамі. Відавочна, яны будуць бачныя адусюль: і з многіх месцаў на Свіслачы, і з найпрыгажэйшых паркаў Янкі Купалы і Максіма Горкага — бо гэта ж зусім побач. І нават фантанам і адкрытым пляцоўкам каля опернага тэатра яны будуць слаць сваё «прывітанне». Нібы казаць усяму маляўнічаму, густоўна спланаванаму наваколлю: «Глядзіце, тут стаім мы, шматпавярховыя панэлькі. А пра рамантычную Асмалоўку, якую раней здалёк вы не заўважалі, забудзьцеся».

Застаецца толькі спадзявацца, што гэты ўтульны куток сталіцы ацалее. Што гэтаксама вясной і летам тут, у самым цэнтры вялікага горада, можна будзе пачуць пах бэзу, язміну, півоняў. Убачыць мясцовых жыхароў, што ладзяць дваровыя святы, пікнікі проста на сваіх вуліцах — і нікому не замінаюць, і ніхто не замінае ім.

Пасёлак трактарнага завода.

 

Архітэктурны ідэал трактарабудаўнікоў

Тым часам дагэтуль не вызначаным застаецца лёс яшчэ адной архітэктурнай цікавінкі сталіцы — пасёлка трактарнага завода. У той час як праспект Незалежнасці з размахам будавалі для прадстаўнікоў эліты тых часоў, гэты пасёлак — найлепшае ва ўяўленні тагачасных горадабудаўнікоў, што стваралі для рабочых-перадавікоў. І гэта таксама надзвычай утульны, замкнёны ў сабе свет. Сімпатычныя дворыкі, шматлікія аркі, балконы, на якія так багатыя гэтыя двары. Скульптуры, фантаны ў выглядзе хлопчыкаў, мядзведзяў — яскравыя прыкметы эпохі, якая адышла, але цудам захавалася ў Мінску.

У гэтым раёне таксама здымаліся фільмы. Сюды любяць завітваць фотамастакі, каб рабіць здымкі ў адметнай атмасферы. У свой час тут масава здымалі кватэры прадстаўнікі творчых прафесій — атрымліваўся своеасаблівы мастакоўскі кластар.

У пасёлку таксама шмат дрэў, побач расце парк. Але, улічваючы непасрэдную блізкасць трактарнага завода, гэтага акурат хапае, каб падтрымліваць неабходны баланс. Калі ж на гэтым месцы пабудаваць шматпавярховыя дамы, чыстага паветра стане катастрафічна не хапаць.

Супраць зносу пасёлка выказваюцца і прадстаўнікі турыстычнага асяроддзя. Яны адзінадушныя ў тым, што раён мае вялікі патэнцыял для наведвання гасцямі з Беларусі і замежжа. Пад зваротам супраць зносу пасёлка трактарнага завода падпісаліся старшыня Беларускага аб'яднання экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Мікола Чырскі, дырэктар турыстычнай фірмы «Віаполь» Галіна Патаева, лаўрэат конкурсу «Пазнай Беларусь» Анатоль Варава, дырэктар фонду «Краіна замкаў» Алесь Варыкіш, архітэктар Юрый Градаў, дырэктар тураператара «БелАграТрэвэл» Філіп Гулый і многія іншыя.

— Для мяне пытанне зносу гэтага пасёлка таксама балючае, бо я жыву побач. Я ведаю гэты пасёлак, памятаю, як ён выглядаў першапачаткова, — адзначае начальнік аддзела па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталля Хвір. — Справа ў тым, што многія фасады дамоў, якія мелі гісторыка-культурную каштоўнасць, на сённяшні дзень страчаны, гэта праблема. Аднак мы разумеем, што яе трэба вырашаць. Кіраўніцтва Міністэрства культуры зацікаўлена ў тым, каб вырашыць яе станоўча. Спадзяюся, нічога зносіць мы не будзем. Бо гаварыць, што пасёлак не мае ніякай гістарычнай каштоўнасці, — таксама няслушна.

З меркаваннем, што пасёлак мае каштоўнасць, згодна і намеснік старшыні Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Алена Сухадолава:

— «Мінскпраект» займаўся распрацоўкай дэталёвага плана рэканструкцыі вуліц Клумава — Кашавога — Шчарбакова, забудова якіх склалася ў сярэдзіне XX стагоддзя, акрэслена іх галоўная роля ў фарміраванні аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі. Вызначана горадабудаўнічая і гістарычная каштоўнасць гэтай тэрыторыі і дадзены рэкамендацыі па захаванні структуры жылога раёна пасёлка трактарнага завода як прыкладу архітэктурна-планіровачнай арганізацыі комплексу кварталаў.

Аднак, па словах спецыяліста, «прадугледжаны знос толькі маральна і фізічна састарэлых 2-павярховых будынкаў, якія не ўяўляюць гістарычнай каштоўнасці, з заменай на новую, камфортную шматкватэрную жылую забудову...»

***

Вуліца Кастрычніцкая.

Днямі прыязджала мая сяброўка з Масквы. Яна пайшла шпацыраваць па горадзе і сама натрапіла на Траецкае прадмесце ў цэнтры. Патэлефанавала мне ў поўным захапленні, маўляў, якія мілыя двухпавярховыя дамкі, як маглі мы гуляць раней і не заўважаць іх?.. Падаецца, дамкі ў Асмалоўцы і Трактарагорадзе — прыблізна такія ж, толькі яшчэ не ацэненыя намі самімі.

Я параіла маскоўскай госці схадзіць яшчэ на вуліцу Кастрычніцкую — па-свойму адметную. Велізарныя колішнія заводы з чырвонай цэглы, шматлікія неверагодна прыгожыя гіганцкія графіці, нанесеныя на большасць сцен, асаблівы дух свабоды — у гэтага кутка сталіцы ўласны, асаблівы шарм. Гэта яшчэ адзін кавалачак турыстычнай савецка-брэндавай мапы беларускай сталіцы.

Натуральна, што час ідзе, гораду трэба змяняцца. Але як бы ў пагоні за лепшым нам не страціць самае каштоўнае?..

У новай рэдакцыі Генплана Мінска, які зацвердзіў кіраўнік дзяржавы 15 верасня 2016 года, надаецца асаблівая ўвага пасёлку трактарнага завода. Гэты дакумент ставіць задачу «Забяспечыць высокі ўзровень асвятлення ў СМІ мэт і задач гісторыка-культурных каштоўнасцяў Мінска... Працягнуць даследаванні і распрацоўку гісторыка-архітэктурных апорных планаў на раёны комплекснай ансамблевай забудовы (кварталы гістарычнага цэнтра Мінска, жылы пасёлак трактарнага завода)...»

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Каментары

У нас зашмат супярэчнасцяў. Дэкамунізацыя не прайшла. Увесь спіс супергерояў з тым часоў на нашых вуліцах. І не толькі ў Мінску. Чаму б не захаваць і характэрную забудову? Уся прыгажосць горада - ў разнастайнасці.
Калі б захаваліся ў Менску палацы, старыя цэрквы, вядома ж, наймацней шанавалі б іх. Але цяпер страціць апошняе з таго, што дайшло з мінулых эпох, - сімпатычныя пасёлкі з агульнай цэльнай планіроўкай - гэта было б поўным глупствам.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.