Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» правялі дзень на вёсцы разам з участковым


Ідылія сельскага жыцця, якую так маляўніча ў сваіх праспектах распісваюць прадаўцы нерухомасці, далёка не заўсёды адпавядае рэальнасці. Блізкае знаёмства суседзяў адзін з адным прыводзіць да таго, што часта яны не стрымліваюць сябе ні на словах, ні ў дзеяннях. А разбірацца ва ўсіх спрэчках, а адпаведна, і тонкасцях узаемаадносін, заклікаюць, вядома ж, участковага інспектара...


 

Анатоль ТРАЯН наведвае жыхароў сельсавета, якія стаяць на ўліку.

Непарушная мяжа

Ранні пад'ём і 120-кіламетровая дарога ад Мінска да Капыля настройваюць, хутчэй, на турыстычны лад, чым на напружаную працу. Здаецца: якія канфлікты могуць узнікнуць на фоне такога жыццесцвярджальнага пейзажу? Адказ — розныя!

З участковым інспектарам міліцыі Капыльскага РАУС Анатолем ТРАЯНАМ сустракаемся ў цэнтры Бучацінскага сельсавета — вёсцы Бучаціна. Малады інспектар прыйшоў на гэты ўчастак амаль адразу пасля Акадэміі МУС, каля трох гадоў таму. У яго адказнасці 18 вёсак, дзе пражывае 1850 чалавек.

Спачатку наведваем Бучацінскі сельскі выканкам, з якім ўчастковы трымае цесную сувязь. Напрыклад, на яго базе праходзяць пасяджэнні грамадскага пункта аховы правапарадку. Старшыня выканкама Зоя Бордак адразу жа запэўнівае нас, што Анатоль Мікалаевіч тут на сваім месцы:

— Пасля яго прызначэння сітуацыя кардынальным чынам змянілася, таму што наш участковы са спагадай ставіцца да ўсяго таго, што адбываецца тут.

Суседзі не могуць вызначыць граніцы сваіх тэрыторый.

Часу на размовы не так шмат, Зоя Мікалаеўна ў некалькіх фразах тлумачыць, з якім пытаннем да яе звярнуліся мясцовыя жыхары. На парадку дня — падзел тэрыторыі. Ехаць лепш неадкладна, бо, здаецца, канфлікт дасягнуў свайго піку.

Як толькі міліцэйская машына з'яўляецца ў зоне бачнасці канфліктуючых, яны адразу ж займаюць «баявую пазіцыю», яшчэ здалёк пачынаючы выкрыкваць сваю версію гісторыі.

— Я была на рабоце, прыходжу, а бабка плот падкапвае з нашага боку. І брудную ваду да нас вылівае пад вішню! — скардзіцца больш маладая з жанчын, падтрымаць якую прыйшоў муж і нявестка з маленькім дзіцем.

— Мы гэты плот ставілі, не хачу, каб ён гніў! — не саступае ёй іншая, якая адстойвае свае правы разам з сынам.

Яблыкам разладу стала трыццацісантыметровая тэрыторыя, якая фармальна належыць адным суседзям, але плотам не абгароджана, таму прымыкае да саду іншых. Каб разабрацца ў сітуацыі, нам прыходзіцца выслухаць гісторыю ўстаноўкі плота саракагадовай даўніны, развагі пра тое, як дрэнна таптацца па чужой клубніцы і мноства непахвальных слоў ад суседзяў у адрас адзін аднаго. Прычым, размаўляць усе лічаць за лепшае хорам.

Змаўкаюць усе толькі пасля настойлівага прызыву ўчастковага:

— Заўтра ў вас будзе землеўпарадкавальная служба, якая вызначыць дакладна, дзе чыя тэрыторыя. А пакуль, каб ніякіх спрэчак!

У дарозе па наступным адрасе інспектар расказвае нам, што канфлікт паміж суседзямі паўстаў яшчэ два гады таму, калі галава адной з сем'яў у п'яным выглядзе разбурыў чужы гараж. Дарэчы, гэта было паўторнае парушэнне за год, і ехаў на машыне ён разам з шасцігадовым унукам, таму з гэтай сям'ёй участковы добра знаёмы.

— Як вы думаеце, ёсць тут якое-небудзь правапарушэнне? — нечакана пытаецца ў нас аб сітуацыі з заборам Анатоль. Пакуль мы не ведаем, што і думаць, ён тлумачыць: насамрэч, не. Двор не адносіцца да жылля, таму незаконнага ўварвання тут няма. Тым больш заходзяць суседзі на прыватную тэрыторыю без злога намеру, што, вядома, магло б пацягнуць за сабой пакаранне. Але рэагаваць на такія выклікі абавязкова трэба, бо ніколі не ведаеш, у што можа перарасці невялікая, на першы погляд, сварка.

Не паспяваем мы ад'ехаць, як паступае чарговы сігнал. І зноў па тым жа пытанні. Гэтым разам дачнікі не могуць падзяліць свае ўладанні. Прычым землеўпарадкавальная служба тут ужо пабывала, але вынікамі праверкі застаўся задаволены толькі адзін бок.

— У нас ёсць кропкі, па якіх праходзіць мяжа. Але суседцы яны не падабаюцца, таму яна ўвесь час адкідвае нашы абазначэнні, — спакойным (можа, таму, што няма апанента?) тонам распавядае пажылы мужчына.

Тым часам на вуліцы з'яўляецца цікаўная бабуля:

— А што вы тут робіце? Яе (уласніцы суседняга ўчастка) да канца месяца не будзе. Чакайце!

Участковы пытаецца пра тое, ці ёсць яшчэ якія-небудзь скаргі, і абяцае вярнуцца, як толькі абодва бакі будуць на месцы.

«Зноў ёсць праблемы...»

Вяртаемся ў Бучаціна. Па мясцовых мерках вёска лічыцца буйной і перспектыўнай у плане работы. Тут і школа, і дзіцячы сад, і крамы, і выканкам, і клуб, і падраздзяленне МНС, і лясніцтва... Толькі вось жаданне ўладкавацца на працу ёсць далёка не ў кожнага. Пад'язджаем да састарэлага доміка, уладальнік якога ўжо дзясятак гадоў перабіваецца толькі выпадковымі
заробкамі.

На дзвярах для віду вісіць незачынены замок. У самім доме цёмна і, мякка кажучы, непрыбрана. На вокліч ніхто не адгукаецца. Не паспяваем мы расхвалявацца, што дарма прыехалі, як у двары з'яўляецца гаспадар.

— Добры дзень! Як ідуць справы з п'янствам? — пытаецца ўчастковы інспектар.

— Пакуль жа цвярозы! — горда заяўляе мужчына, хоць яшчэ далёка нават да абеду.

— А што адносна пашпарта?

— Зноў ёсць праблемы...

Дарэчы, праблемы гэтыя цягнуцца ўжо амаль 26 гадоў: мужчына так і не памяняў свой галоўны ідэнтыфікацыйны дакумент пасля распаду СССР.

Каб аднавіць пашпарт, неабходна правесці складаную работу: знайсці сваякоў чалавека, усталяваць яго сувязі на момант 1991 года, каб родныя маглі пацвердзіць, што ён сапраўды той, за каго сябе выдае. Дарэчы, знаёмым паказваюць фотаздымкі трох людзей, на якіх яны павінны пазнаць менавіта свайго сябра.

Участковы чарговы раз тлумачыць, што трэба зрабіць для афармлення дакументаў, і строга абяцае асабіста пракантраляваць, каб працэс пайшоў хутчэй.

— Раней ён адносіўся да буянаў, мог дазволіць сабе крычаць на вуліцы, дэбашырыць. Прыйшлося вельмі шмат з ім працаваць, каб хаця б супакоіць. Ведаеце, лепшая прафілактыка — гэта калі жыхары ведаюць, што ўчастковы заўсёды дзесьці паблізу. З усімі сталымі людзьмі стараюся пазнаёміцца, бо яны самыя даверлівыя, а таму ўразлівыя. Я лічу за лепшае, каб са мной звязваліся напрамую. Калі толькі патрапіў сюды, хадзіў ва ўсе ўстановы і пакідаў свой тэлефон, цяпер і праблемным жыхарам раздаю візітоўкі. І гэта працуе, — дзеліцца прафесійнымі сакрэтамі Анатоль Траян.

Наколькі добра ўчастковы ведае свой сельсавет, зразумела нават па тым, што ён можа расказаць гісторыю практычна кожнага, каго мы сустракаем па дарозе. У вёсцы Садавічы, напрыклад, мы знаёмімся з сямейнай парай. Яны толькі пабаранавалі бульбу і ўжо трохі адзначылі важную падзею. Участковы доўга гутарыць з імі, нагадваючы, якія наступствы могуць быць ад іх прыўзнятага настрою: «Сустрэнемся ў вас у хаце. Паглядзім, у якіх умовах вы цяпер жывяце».

Мы на машыне едзем наперад. Аказваецца, сям'я вельмі праблемная. Муж і жонка працуюць жывёлаводамі на ферме. Жылі яны ў калгасным доме, пакуль той не згарэў, цяпер выдзелілі другі.

— У іх двое сыноў. З імі мне сапраўды прыйшлося намучыцца: яны неаднаразова судзімыя за крадзяжы, прычым, не проста цягнулі тое, што дрэнна ляжыць, а адмыслова ўскрывалі крамы. Але толку ўдалося дамагчыся: адзін жыве ў суседняй вёсцы, працуе, другі афіцыйна з'ехаў на заробкі ў Расію, — расказвае ўчастковы.

Спыняемся каля патрэбнага нам дома. Пакуль чакаем гаспадароў, Анатоль паспявае пагаварыць з адным з касцоў, якія працуюць побач.

— Што зноў б'яцеся?

— Ды я ж не хацеў! Так выпадкова атрымалася... — апраўдваецца мужчына, які ў сварцы ўдарыў сваю сужыцельку металічнай талеркай па галаве. Яна зняла пабоі, напісала заяву, праўда, са сваім кавалерам вырашыла не расставацца. А што: п'е толькі зрэдку, а астатняе — з кім не бывае?

Дарэчы, сітуацыі, калі ваюючыя бакі вырашаюць забраць заяву, вельмі распаўсюджаныя, асабліва калі справа датычыцца сямейных скандалаў. Мірацца і жывуць душа ў душу. Да наступнай бойкі.

Тым часам гаспадары нарэшце набліжаюцца да хаты. У двары нас сустракае, радасна віляючы хвастом, сабака. У самым доме, на здзіўленне, чыста.

— Я ж казала, што мы стараемся. Вунь праводку памянялі, разеткі новыя купілі, — даказвае гаспадыня.

— А з грубкай што будзеце рабіць? — цікавіцца інспектар, паказваючы на металічную печку пасярод пакоя. — Глядзіце, каб не паўтарылася нядобрая сітуацыя!

— Да халадоў усё вырашым. Зараз амаль не карыстаемся, толькі есці прыгатаваць. Але гэта днём, спаць ніколі пры ёй не кладзёмся, — уступае ў размову мужчына.

Задаволеныя пераменамі да лепшага, накіроўваемся да брамы. Па дарозе ўчастковы пытаецца, як сыны.

— Старэйшы ж прыажаніўся. Радасць у нас. Напэўна, надоўга там, у Расіі, застанецца, — без асаблівых эмоцый расказвае мужчына.

Гаспадыня паказвае, як яны з мужам прыводзяць хату ў парадак.

«Галоўнае правіла — ніколі не падманваць»

Сабраўшы дастаткова матэрыялу, накіроўваемся ў бок Капыля. Але і тут не абыходзіцца без работы. Насустрач нам з каляскай ідзе жанчына, чыя сям'я знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У жанчыны ёсць дзве дачкі: дарослая і зусім маленькая. Зараз цяжарная дачка разам з мужам і сынам вярнулася да бацькоў. І так здарылася, што і маці чакае папаўнення ў сям'і. У гэтым кругавароце роднасных адносін разабрацца зусім не проста, да таго ж у вялікай сям'і, якая мае агульную цягу да алкаголю, часта ўзнікаюць канфлікты. Але цяпер, як запэўнівае жанчына, цішыня ды супакой. Пацвярджае гэтую тэорыю і зяць, які следам за ёй едзе на веласіпедзе: «Мы ўжо дамаўляемся аб куплі дома, хутка з'едзем і будзем любіць адзін аднаго на адлегласці». Інспектар абяцае наведацца да іх у госці ў хуткім часе, а мы працягваем свой шлях.

— У мяне ёсць дакладнае правіла: я ніколі не падманваю сваіх падапечных. Калі я кажу, што мы едзем ва ўчастак проста пагаварыць, значыць, так і будзе. І мне давяраюць, стала значна лягчэй шукаць праблемны кантынгент, з імі цяпер прасцей дамовіцца. Хоць бывае рознае. У адной п'янай бойцы на мяне кінуліся з сякеркай для сячэння мяса, але гэта не на маім участку было. Для мяне паказчык аўтарытэту тое, што ў выпадку чаго мне тэлефануюць на мабільны тэлефон, бо ведаюць, што я незалежна ад часу, калі гэта важна, абавязкова прыеду, — расказвае ўчастковы інспектар.

Наперадзе ў яго — праца з дакументамі, на якую сыходзіць другая палова дня. Праўда, маладому інспектару гэта падабаецца. Ён прызнаецца, што калі займаўся матэрыяламі па незаконна выкапаным на дзяржаўнай зямлі кар'еры — дарэчы, парушэнне зафіксаваў спадарожнік — цэлы месяц вывучаў нарматыўную базу па тэме.

— У гэтым галоўная, якая прываблівае мяне, спецыфіка нашай работы. З аднаго боку, ты пастаянна даведваешся нешта новае ў прафесійным плане, самаўдасканальваешся, з другога — вывучаеш псіхалогію людзей, уплываеш на іх каштоўнасныя арыенціры і бачыш, як іх жыццё мяняцца на тваіх вачах, — падвёў вынік Анатоль Траян.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Падзяліць тэрыторыю і «навесці масты»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.