Вы тут

Радасны час посту


Радасны час посту

Пра тое, што існуюць пасты, усталяваныя Царквой, ведае кожны. Але далёка не кожны ведае, навошта іх прытрымлівацца і каму яны патрэбныя. Калі ж разабрацца, што такое пост, стане зразумела, як да яго правільна ставіцца.

У першую чаргу трэба зразумець, што пост патрэбен не Богу. Наш Гасподзь не патрабуе таго, каб мы пасціліся. Гэта неабходна чалавеку. Галоўная мэта посту — набліжэнне да Бога. Адмаўленне ад пэўных прадуктаў і ўвогуле абмежаванне сябе ў ежы можа спрыяць узнікненню больш тонкага адчування духоўных рэчаў, што павінна паслужыць узнаўленню гармоніі духа і плоці. Ёсць выраз: «Сытае бруха да малітвы глуха».

Пасціцца — гэта не значыць быць увесь час галодным і злосным. Ужыванне ежы падчас посту не павінна суправаджацца «крайнасцямі». Увогуле, існуе два віды посту: абсалютны і аскетычны. Абсалютны — гэта калі мы цалкам адмаўляемся ад ежы і піцця. Такога посту праваслаўныя хрысціяне прытрымліваюцца, напрыклад, перад прычасцем. Прычым пасціцца трэба пачынаць з вечара, пасля поўначы ніхто нічога не есць і не п’е, і ў храм на Літургію прыходзіць нашча. Аскетычны пост — гэта калі мы адмаўляемся ад ужывання пэўных прадуктаў (мяса, малака, яек і іншага) і называем іх «скаромнымі».

Часта ў царкоўных календарах ёсць указанні, якія прадукты дазваляюцца ў пэўны дзень. Ніхто не патрабуе, каб мы пасціліся строга па календары. Гэтыя прадпісанні былі складзены ў трэцяй чвэрці XVI стагоддзя для манахаў на Усходзе. Таму калі мы чытаем, што дазваляецца поснае масла, то маецца на ўвазе не сланечнікавы алей, а аліўкавы.

Пра тое, як міране павінны прытрымлівацца посту, нідзе не напісана, таму мы проста карыстаемся манаскім уставам, але трэба рабіць гэта разумна, без фанатызму. Лепш, калі адмаўленне ад прадуктаў адбываецца паступова. Для некага можа быць вялікім подзвігам адмаўленне напачатку толькі ад аднаго мяса.

Часам можна пачуць: «Пост — гэта дарагое задавальненне». Маецца на ўвазе, што посныя прадукты нятанныя. Тут трэба нагадаць параду свяціцеля Іаана Златавуста, які жыў у IV стагоддзі ў Канстантынопалі. Святы айцец настаўляў есці рыбу, таннейшую за мяса, а сэканомленыя грошы раздаваць тым, хто мае ў іх больш патрэбы. У нашых крамах морапрадукты значна даражэйшыя за мяса, тут ёсць пра што падумаць. На гэтую тэму нават прыдумалі анекдот:

— Ой, бацюшка, грэшніца я, ой, грэшніца! Не пасцілася, — прызнаецца старэнькая на споведзі.

— А што ж вы елі?

— Ліверку за дзевяць з паловай.

— Ды вы не грэшніца, вы — пакутніца.

Канечне, могуць быць паслабленні ў посце з прычыны старасці, хваробы або працяглай вандроўкі. Аднак калі мы і ядзім скаромнае, мы не павінны гэта дэманстраваць, каб у іншага не было спакусы. Трэба памятаць, што парушыць пост можна і поснымі прадуктамі — калі не адмовіцца ад абжорства.

Нельга сварыцца з-за скаромнай ежы. Калі муж хоча зрабіць жонцы, якая прытрымліваецца посту, прыемнае і прыгатаваць, напрыклад, суп на костачцы, гэта не павінна стаць для яе падставай для выгаворвання мужу. У патрыярха Алексія ІІ спыталі, што можна есці падчас посту, а што нельга, Свяцейшы адказаў так: «Не ешце адзін аднаго».

Пост нельга звесці да таго, каб адмовіцца ў гэты час ад як мага большай колькасці ежы. У жыціі Антонія Вялікага апісваецца, як да яго з’явіўся д’ябал і сказаў: «Ты мала ясі, а я зусім не ем, ты мала спіш, а я зусім не сплю. Не гэтым ты перамог мяне! А пакорай». У пост трэба менш думаць пра матэрыяльнае, больш пра духоўнае. Напрыклад, калі інтэрнэт у вас працуе на малой хуткасці, а вам хочацца паглядзець кіно ў HD-якасці, вы, каб нічога не падвісала, закрываеце ўсе ўкладкі, адключаеце скайп і іншае. Каб не толькі трафік не забівала, але і ад прыемнага прагляду не адцягвала. Або стаіць у лесе караул на пасту. Баец павінен быць асабліва пільным і не расслабляцца, не здолеў падкрасціся каб вораг. Так і мы падчас посту павінны быць асабліва пільнымі і чуйнымі да душы сваёй, слоў сваіх і думак. Для гэтага карысна больш маліцца, чытаць Біблію, іншую духоўную літаратуру, часцей наведваць храм.

Нехта можа спытаць: ці толькі ж падчас посту трэба быць пільнымі да сябе? Канечне, мы ўвесь час павінны быць уважлівымі да сваёй душы. Тут можна параўнаць нас са спартсменамі, якія пастаянна трэніруюцца, але перад важнымі спаборніцтвамі колькасць іх трэніровак павялічваецца. Так і ў духоўным жыцці. Пасты ўсталёўваюцца для самападрыхтоўкі перад святамі або перад прычасцем.

У духоўным жыцці важна не перастарацца. Калі цеціву на луку пастаянна трымаць напятай, яна аслабне. Але па завяршэнні посту павінна мець месца не духоўнае расслабленне, а радасць, бо пост рыхтаваў нас да нечага светлага — да свята ці да прычасця. Таму і ў посныя дні мы не павінны мець жалобныя твары: пост — час радасці.

Толькі ж не падумайце, што адмаўленне ад мясных страў і іншых няпосных прадуктаў зусім не патрэбны. Устрыманне ў ежы — гэта толькі сродак. Мэтай посту з’яўляецца ачышчэнне душы, а не ачышчэнне арганізма ад цяжкай ежы. Інакш пост не будзе нічым адрознівацца ад адной з многіх дыет.

На ўсялякі выпадак запішыце ў сваю кулінарную кнігу такі посны рэцэпт:

  • нарыйце каранёў паслушэнства,
  • збярыце кветак душэўнай чысціні,
  • нарвіце лісточкаў цярпення,
  • выдаліце плады крывадушнасці,
  • не дапусціце ні кроплі віна прэлюбадзейства

Усё сабранае высушыце ўстрыманнем, пакладзіце ў рондаль добрых спраў, дадайце вады слёз пакаяння, пасаліце соллю любові да бліжняга, усыпце шчадрот мілажальнасці, да ўсяго пакладзіце прыправу пакоры і кленчання. Дадайце тры лыжкі Божага страху. Усё ўпрыгожце праведнасцю і не ўжывайце падчас пустаслоўя.

Айцец Аляксандр Богдан

 

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».