Вы тут

Дзярждоўг пад кантролем


Асноўныя задачы, якія стаялі перад бюджэтам на 2016 год выкананы. Такое меркаванне выказаў першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч падчас пашыранага пасяджэння Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах.


«Падчас складання бюджэту ўлічваліся кансерватыўныя ацэнкі пры планаванні даходнай і расходнай яго частак. Рэальная сітуацыя аказалася некалькі горшай, чым чакалася. Прыйшлося адаптавацца да неспрыяльных фактараў макраэканамічнага асяроддзя, арыентавацца на сітуацыю ў сусветнай эканоміцы і стан спраў гандлёвых партнёраў нашай краіны. Гэта прывяло да змены ўмоў паставак тавараў і выканання даходнай часткі бюджэту. На нас паўплывала і падзенне сусветных цэн на калійныя ўгнаенні, нафту і нафтапрадукты, якія з'яўляюцца асноўным індыкатарам фінансавай плацежаздольнасці нашых партнёраў», — адзначыў Максім Ермаловіч. Ён падкрэсліў, што для змякчэння ўздзеяння неспрыяльнай кан'юнктуры ў эканоміцы павышалася эфектыўнасць выкарыстання фінансавых рэсурсаў. Напрыклад, дырэктыўнае крэдытаванне замяшчаецца новымі часовымі крыніцамі фінансавання.

У 2016 годзе падзенне даходаў бюджэту было звязана са знешнеэканамічнай дзейнасцю: з-за вывазных мытных пошлін на нафту і нафтапрадукты, прасяданне калійнай галіны бюджэт недаатрымаў 1,3 млрд рублёў.

«У мэтах забяспечанасці збалансаванасці бюджэту былі выпрацаваны ўрадам і зацверджаны кіраўніком дзяржавы меры ў рамках Указа Прэзідэнта ад 23 лютага 2016 г. №78. Іх рэалізацыя дазволіла перафармаціраваць бюджэт з улікам умоў функцыянавання эканомікі», — нагадаў намеснік міністра. У сукупнасці гэта дало магчымасць прыцягнуць у бюджэт 380 млн рублёў дадатковых даходаў і скараціць страты ад недапаступлення асобных крыніц даходаў да 300 млн рублёў.

Па словах Максіма Ермаловіча, з пачатку года праводзілася актывізацыя бюджэтных выдаткаў: былі скарочаны выдаткі бюджэтных арганізацый і іншыя выдаткі, звязаныя з рэалізацыяй бюджэтнай палітыкі, на агульную суму 1,6 мільярда рублёў. У выніку такіх скаардынаваных мер бюджэт у 2016 годзе быў выкананы з прафіцытам у 1 млрд рублёў або 1,1% ад ВУП. Указаны прафіцыт накіраваны на пагашэнне часткі дзярждоўгу.

«Дзяржаўны доўг на пачатак года склаў 39,2 мільярда рублёў, гэта 41,7% ВУП (пры парогавым значэнні 50%). Такім узроўнем доўгу магчыма кіраваць, але далейшы яго рост можа прывесці да дадатковых рызык», — заявіў Максім Ермаловіч . Ён падкрэсліў, што Мінфін і ўрад прыкладаюць усе намаганні, каб абмежаваць рост дзяржаўнага доўгу і паменшыць пазыковую нагрузку на бюджэт. Першы намеснік міністра паведаміў, што ў 2016 годзе Беларусь своечасова і ў поўным аб'ёме ажыццявіла плацяжы па пагашэнні і абслугоўванні дзяржаўнага доўгу. Усяго на абслугоўванне і выкананне дзярждоўгу было накіравана больш як 7 млрд рублёў. Асноўная доля — гэта абслугоўванне знешняга доўгу,
на пагашэнне якога ў 2016 годзе было накіравана 3,2 млрд долараў. «Акрамя сродкаў Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця былі прыцягнуты сродкі на ўнутраным фінансавым рынку, каб разлічыцца па гэтых даўгах», — паведаміў Максім Ермаловіч.

«Мы рыхтуемся да таго, што будзем пагашаць 800 млн долараў у пачатку наступнага года. Акрамя таго, што ў нас ёсць крыніца для гэтага пагашэння ў выглядзе рэшткаў сродкаў бюджэту на рахунках урада ў Нацыянальным банку, каб не зніжаць ЗВР, будзем праводзіць мерапрыемствы па прыцягненні гэтых сродкаў з міжнароднага рынку капіталу. Пакуль трэба прайсці ўсе стадыі падрыхтоўчай работы, каб зразумець, у якой форме гэта прыцягненне будзе адбывацца. Але магу гарантаваць, што ў наступным годзе па абавязацельствах перад знешнімі крэдыторамі мы разлічымся, як рабілі гэта апошнія як мінімум 10 гадоў», — рэзюмаваў Максім Ермаловіч.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Kryzhevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.