Вы тут

«Людзі тут жывуць нармальна»


Кіраўнік дзяржавы пабываў у пацярпелым ад Чарнобыльскай катастрофы раёне.

Сёлета Прэзідэнт наведвае Гомельшчыну ўжо далёка не ўпершыню. Была паездка ў Рэчыцу, пазней — сустрэча з Пятром Парашэнкам, Прэзідэнтам Украіны, у вёсцы Ляскавічы Петрыкаўскага раёна. Раней Гомельская вобласць была ці не самым праблемным рэгіёнам краіны, бо яна больш за іншыя пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Падчас учарашняй рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць — у прыватнасці, у Хойніцкі раён — кіраўнік дзяржавы змог на свае вочы ўбачыць, як развіваюцца тэрыторыі, якія закранула радыяцыя.

У Хойніцкім раёне Аляксандр Лукашэнка наведаў пчалапасеку і каняферму. Акрамя гэтага, пабываў у адной з адселеных вёсак.


Абгрунтаваны аптымізм

Пра жыццё ў так званых чарнобыльскіх раёнах шмат можна казаць, шмат пісаць. Але галоўнае — яны жывуць. Палі засяваюцца, растуць лясы, а ў Хойніцкім раёне, акрамя гэтага, развіваецца конегадоўля, працуе эксперыментальная пчалапасека. Няхай ёсць вёскі, з якіх пасля катастрофы на ЧАЭС адсялілі жыхароў, — дзе дамы з забітымі шыферам вокнамі, з агародамі, на якіх вырас ужо не хмызняк — сапраўдны лес... Але жыццё ідзе.

Уладзімір Дворнік, старшыня Гомельскага аблвыканкама, нездарма падчас даклада Прэзідэнту звярнуў увагу, што ўлады рэгіёна імкнуцца выкарыстоўваць усе магчымасці, якія дазваляюць атрымліваць на гаспадарках, прадпрыемствах вобласці чыстую прадукцыю. Аптымістычны факт, агучаны губернатарам: за пяцігодку ўсе чарнобыльскія раёны вобласці пайшлі ў плюс, па росце вытворчасці іх паказчыкі нават перавышаюць адпаведныя лічбы «здаровых» раёнаў вобласці.

Чарнобыльская катастрофа здарылася 31 год таму, і, безумоўна, пра поўнае пераадоленне наступстваў казаць рана — патрэбны тысячагоддзі. Але мы жывём зараз на той зямлі, якая ў нас ёсць. Таму нельга яе закідваць. Мудрасць заключаецца ў тым, каб сабраць з гэтай зямлі ўраджай, які не прычыніць шкоды ні людзям, ні жывёлам. Над гэтым працуюць вучоныя, і за гады, якія прайшлі з моманту аварыі, на Гомельшчыне змаглі зменшыць пераход радыяцыі з глебы ў сельскагаспадарчую прадукцыю ў 20 разоў. У выніку Гомельшчына вырабляе цалкам бяспечныя прадукты, якія спажываюцца і ў нас, і за мяжой.

Рашэнні прынялі правільныя

Падчас паездкі ў Гомельскі рэгіён кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанні журналістаў. Каментуючы, што можна лічыць галоўнымі дасягненнямі поўдня краіны, кіраўнік дзяржавы заявіў:

— Самае галоўнае, што тут нармальна жывуць людзі. Мінчанам трэба проста пабываць у гэтых населеных пунктах: у Нароўлі, Брагіне, Хойніках, Ветцы, Лоеве... Вы пабачыце неапісальную прыгажосць гэтых мясцін. Другое, што вы пабачыце — мне губернатар прыводзіў даныя — нараджальнасць тут вышэй, чым у астатніх рэгіёнах Беларусі. Чамусьці людзі тут нараджаюць больш, чым там. Гэта найвялікшае дасягненне, гэта бальзам на сэрца. Гэта самае галоўнае, таму што ў тыя далёкія часы, калі я на другім годзе свайго прэзідэнцтва прыехаў сюды, людзі былі запужаныя, многія на гэтым рабілі палітыку. Гэтых палітыкаў ужо даўно няма — яны сядзяць за мяжой... Яны з'ехалі, а людзі засталіся жыць.

Аляксандр Лукашэнка шмат увагі ўдзяляў адраджэнню пацярпелых тэрыторый з самага пачатку свайго прэзідэнцтва. Па яго словах, за 20 гадоў змянілася вельмі многае:

— Для мяне самая вялікая радасць — гэта адзін з вынікаў прэзідэнцкага перыяду — што зрабіў беларускі народ. Ён не проста захаваў, ён вярнуў да жыцця гэтыя тэрыторыі. Астатняе вы можаце паглядзець у лічбах, якія Уладзімір Андрэевіч Дворнік расказваў. За тры пяцігодкі ён фактычна падвоіў, патроіў вытворчасць прадуктаў харчавання. А ён бы іх не падвоіў, калі б не куплялі. А купляюць толькі чыстае, ідзе вельмі жорсткі кантроль. Таму я рады, што так склалася на гэтых землях жыццё нашых людзей.

У Беларусі сапраўды многае робіцца, каб аднавіць тэрыторыі, якія пацярпелі ад аварыі. Кіраўнік дзяржавы расказаў, якое значэнне і для яго асабіста маюць гэтыя мясціны.

— Гэта вялікі кавалак майго жыцця, напачатку не самы радасны, — прызнаўся Прэзідэнт. — Тут прыходзілася прымаць самыя сур'ёзныя рашэнні.

Так калісьці некаторыя людзі вярталіся ў родныя вёскі, адкуль іх выселілі. Іх не рэгістравалі. Прэзідэнт прыгадаў паездку ў адну з такіх вёсак, дзе ён сустрэўся з мясцовымі жыхарамі:

— Яны тройчы вярталіся, і іх тройчы высялялі з гэтай зоны. Яны сабраліся... У мяне ў памяці гэта захавалася: спалоханыя стаяць перада мной... Яны хочуць жыць у сваёй вёсцы. Мы з імі заключылі дагавор. Я кажу: я вас не буду выганяць, ваша права, дзе жыць, але давайце дамовімся, што вашы дзеткі — там было 10—12 дзяцей — будуць вучыцца тут побач у інтэрнаце. Мы для іх створым умовы. Згодныя? Згодныя. Вы можаце ў любы час да іх прыехаць, яны да вас могуць прыехаць. Давайце берагчы дзяцей. З гэтага пачыналася маё «чарнобыльскае» жыццё.

Калі цэны не растуць — гэта ідэальна

Было пытанне і па цэнаўтварэнні. Па даных сацыялагічнага апытання Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта, тры чвэрці насельніцтва краіны хвалююцца з-за росту цэн. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў: дрэнны як хуткі рост цэн, так і хуткае іх падзенне.

— Пажадана, каб мы выйшлі на 3—4% інфляцыі па годзе, і гэта нармальна для жыцця, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Ёсць моцнае падзенне інфляцыі, ёсць моцнае падзенне росту цэн. Гэта значыць, цэны так ужо не растуць. Будзем старацца ўтрымацца на гэтым узроўні. Бо калі адсутнічае рост цэн увогуле — гэта заўсёды добра. І для людзей добра, вытворчасць да гэтага прыстасоўваецца, сабекошт яна пачынае рэгуляваць у гэтых цэнах і выходзіць на нармальную рэнтабельнасць. Людзей пакуль гэта хвалюе, але я ўжо адчуваю астаткі гэтай напружанасці. Я ўпэўнены, што мы на такім узроўні захаваемся, нам гэта ўдасца, праз гэты і наступны год людзі забудуць пра гэтую праблему.

Адновяць Тураўскі крыж

Прадстаўніца ТРК «Гомель» задала пытанне пра гістарычную спадчыну рэгіёна — пра адраджэнне Тураўскага крыжа. 55 гадоў таму — у 1962-м — падчас раскопак у Тураве знайшлі іконкі з гэтай рэліквіі. Ці можна спадзявацца на тое, што гэты крыж будзе адноўлены?

— Мы гэтую тэму абмяркоўвалі з вашым земляком — ён зараз працуе кіраўніком Банка развіцця, былы віцэ-прэм'ер Сяргей Румас, — паведаміў Аляксандр Лукашэнка. — Мы з ім абмяркоўвалі гэтую праблему. Хачу публічна ўпершыню гэта агучыць — я яму даў даручэнне, каб ён з нашымі дзяржаўнымі банкамі далучыўся да гэтага і аднавіў Тураўскі крыж. Вы памятаеце, у свой час крыж Еўфрасінні Полацкай мы з мітрапалітам Філарэтам аднавілі, і гэты Тураўскі крыж мы адновім.

Чаму ў Прэзідэнта няма водпуску?

Усім вядома, што ў кіраўніка дзяржавы вельмі шчыльны графік. А як Прэзідэнт адпачывае, ці плануе ён што-небудзь гэтым летам?

— Гэта пытанне, дарэчы, упіраецца ў Канстытуцыю краіны, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — У Прэзідэнта Беларусі такога водпуску, як у звычайнага чалавека, быць не можа. Чаму? Таму што, дапусцім, кіраўнік сыходзіць у адпачынак, і ён свайму намесніку аддае паўнамоцтвы. У мяне няма віцэ-прэзідэнта, у мяне няма намесніка, і па Канстытуцыі я свае паўнамоцтвы нікому не магу перадаць. Таму калі я, дапусцім, у Сочы на тыдзень або на тры дні з'язджаю, і гэта лічыцца водпускам — вы памыляецеся. Усе мае абавязкі пераходзяць туды, я абавязаны іх выконваць у любым пункце планеты. Проста мяняецца графік работы Прэзідэнта. Вось што датычыцца водпуску.

Што да адпачынку, то, прызнаўся Аляксандр Лукашэнка, ён не любіць цёплае надвор'е. Увогуле ж для яго адпачынак — змена абстаноўкі і роду заняткаў. Нават рабочая паездка ў Гомельскую вобласць у нейкім сэнсе адпачынак: змянілася абстаноўка і рытм, стыль работы.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Хойніцкі раён

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».