Вы тут

Экстрым пад Целяханамі


У заказніку «Выганашчанскі» падыходзіць да завяршэння гнездавы сезон птушак, якія адносяцца да сямейства савіных. Дарослыя птушкі выканалі сваё спрадвечнае наканаванне — вывелі і выкармілі патомства. Птушаняты пугача, кугакаўкі барадатай, даўгахвостай і шэрай, вушастай савы пакінулі свае гнёзды і, калі можна так сказаць, сталі на крыло. А ў Аляксандра Іванова — спецыяліста гэтага заказніка, жыхара пасёлка Целяханы, ззаду застаўся яшчэ адзін плённы, насычаны рознымі выпадкамі час кальцавання.


Аляксандр акальцаваў некалькі дзясяткаў птушанят, якія са сваімі нумарамі на лапках разляцяцца па лясах і балотах Івацэвіцкага, а таксама суседніх Ганцавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў. 38-гадовы вартавы прыроды ўжо не першы год з'яўляецца валанцёрам грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», вядзе ўлік пярнатых, асабліва соў. Заказнік «Выганашчанскі» часта называюць савіным, бо тут сканцэнтравана найбольшая папуляцыя гэтых драпежных птушак, большасць з якіх у нашай краіне ўзята пад ахову і занесена ў Чырвоную кнігу.

Савіныя туры па заказніку даўно сталі брэндам экалагічнага турызму ў Целяханах. Паглядзець на рэдкіх птушак сюды прыязджаюць нават з-за мяжы. Дзякуючы намаганням супрацоўнікаў заказніка, сімвалам птушкі ў раёне выбрана барадатая кугакаўка. Спецыялісты заказніка аказваюць паслугі фатографам і кінааператарам у здымках гэтага віду савы. На тэрыторыі рэзервата будуюцца штучныя гнёзды, якія засяляе мноства соў. Для кожнага віду выбіраецца адпаведны біятоп. Штучнае гняздо ўяўляе драўляную скрыню альбо збітыя дошкі ў выглядзе памоста. Аляксандр Іваноў знайшоў спосаб, як падоўжыць даўгавечнасць гнязда, — ён выкарыстоўвае аўтамабільную шыну ад легкавой машыны — прымацоўвае яе на моцным дрэве на вышыні 15—20 метраў. І ўжо не першы год барадатая кугакаўка выводзіць сваё патомства ў гэткіх гнёздах.

Будаваць і зацягваць на вышыню савіны домік, зразумела, задача не з лёгкіх. Тут патрэбна добрая фізічная падрыхтоўка, спрыт, смеласць. Што ж да працы па кальцаванні птушанят, якія знаходзяцца яшчэ ў гняздзе, то гэта ўвогуле асаблівая аперацыя — небяспечная, рызыкоўная для здароўя і нават для самога жыцця. Справа ў тым, што некаторыя совы ў час кармлення птушанят паводзяць сабе надзвычай ваяўніча і атакуюць няпрошаных гасцей, якія імкнуцца забраць птушанят. Сваёй зброяй — вострымі кіпцюрамі — птушка ўпіваецца ў твар, галаву альбо ў цела парушальніка спакою. Жорсткай ваяўнічасцю вылучаецца і «барадатка». Аляксандр Іваноў добра ведае паводзіны драпежных птушак і тым не менш не палохаецца гэтай працы, любіць яе. Розныя неспадзяванкі і сітуацыі яму падабаюцца, для яго гэта — своеасаблівая экстрэмальная гульня. Гледзячы, як спрытна Аляксандр узбіраецца на дрэва без страхоўкі і спецыяльнай амуніцыі — шлема, акуляраў, пальчатак, — разумееш, што гэта не кіно, не відэа на старонцы Фэйсбука, а жывое шоу з рэальным каскадзёрам.

Аднойчы і мне давялося стаць гледачом Сашыных трукаў пад савіным гняздом. Цяпер разумею, што рызыка – рыса, ўласцівая характару гэтага птушкалова. Узлезці на верхатуру дрэва-волата і там спаймаць вялікую агрэсіўную птушку... не, такога ў жыцці я яшчэ не бачыў. У момант, калі Аляксандр караскаўся на дрэве, сава хацела нанесці ўдар сваімі вострымі кіпцюрамі, якія яна ўжо выпусціла напагатове. Але целяханскі каскадзёр у адно імгненне прысеў і адвярнуўся, схаваўшы галаву за ствол. Так працягвалася некалькі разоў. Але ў адно такое пікіраванне Аляксандр злаўчыўся, выцягнуў правую руку і хутка схапіў храбрую птаху, прыціснуў яе да сябе. Другой рукой у гэтым момант ён моцна трымаўся за дрэва. 

Спусціўшыся на зямлю, Аляксандр паказаў стары пярсцёнак на птушынай лапе, пазваніў у «Ахову птушак Бацькаўшчыны», каб даведацца, калі і кім прымацавана кальцо з нумарам. Аказалася, што гэта ён сам яшчэ ў 2010 годзе кальцаваў птушку — за Выганашчанскім возерам. Аляксандр прымацаваў новы «пярсцёнак» і выпусціў птушку на волю, да сваіх птушанят.

Анатоль КЛЯШЧУК, фота аўтара

Івацэвіцкі раён

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.