Вы тут

На Аўгустоўскім канале ўстаноўлены паштовы павільён


Ён размясціўся на самым папулярным шлюзе Дамброўка, збоку ад аўтастаянкі. Турысты сюды прыбываюць не толькі па сушы, але і па вадзе. Тут можна зрабіць прыпынак, зайсці ў музей, а таксама набыць у кіёску сувенір. А хто жадае праехаць уздоўж канала, можа ўзяць у паштавіка напракат веласіпед.


Паштовы пункт існуе на канале трэці год, але найбольш ён запатрабаваны сёлета. Гэта звязана з бязвізавым уездам на тэрыторыю парка «Аўгустоўскі канал», у склад якога ўваходзіць тэрыторыя Гродзенскага раёна і сам горад Гродна. Але не толькі гэта паўплывала на турыстычны напрамак паштовага пункта. Тут актыўна развіваецца веласіпедны рух, створана нямала цікавых і ўнікальных маршрутаў.

Алена Баранава, намеснік начальніка цэха паштовай сувязі Гродзенскага філіяла, спадзяецца, што пракат веласіпедаў будзе запатрабаваны. Хоць у паштавікоў ёсць і канкурэнтны. Праўда, яны знаходзяцца па другі бок канала.

— Мы самі прапанавалі паставіць тут наш кіёск, — гаворыць Алена Віктараўна, — гэта зручна ў першую чаргу турыстам, бо сюды прыязджае нямала экскурсій. Мы аказваем такія ж паслугі, як і ў населеным пункце, у тым ліку аперацыі з банкаўскімі карткамі.

Праўда, кіёск працуе не круглы год, а толькі ў сезон — з канца красавіка па канец жніўня. Ён пачынае работу падчас урачыстага адкрыцця канала. Плануецца, што сёлета канал будзе больш ажыўленым, бо да традыцыйных свят прыбавіліся новыя. Напрыклад, міжнародныя спаборніцтвы па скандынаўскай хадзе. Праходзіць тут і веласіпедны марафон, у якім прымаюць удзел беларусы і палякі. Ды і проста гараджане прыязджаюць сюды адпачыць каля вады.

Звяртаю ўвагу на карту маршрутаў на канале. Ці ёсць яна ў кіёску? Алена Баранава адразу зрабіла паметку ў сваім нататніку. Сапраўды, буклеты з маршрутамі былі б не лішнімі. Хоць вялікі стэнд з картай устаноўлены на шляху да канала — у пасёлку Сапоцкін.

Дарэчы, адсюль ездзіць на працу і работніца кіёска. Яна знаходзіцца на сваім працоўным месцы з 12 гадзін да 18. Вядома ж, тут таксама можна аформіць падпіску на газету ці часопіс.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пошта прыйшла на канал

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.