Вы тут

Астравецкая майстрыха збіраецца на пенсію ў 90 гадоў


Паўметровыя ажурныя яйкі з паперы, строі, вышываныя саломай, сукенкі, выкананыя ў тэхніцы арыгамі, і выцінанкі, саламяныя капялюшыкі, гадзіннік, лялькі, куфар і вялізны туфлік, упрыгожаны кукурузным лісцем. Работы Валянціны ВІННІЧАК, народнага майстра Беларусі, заўжды відаць здалёк на любой выстаўцы. Займацца саломкай 65-гадовая ўмеліца пачала гадоў 20 таму і з тых часоў, кажа, не можа спыніцца.


Ванільны зефір

Валянціна Вільеўна па адукацыі тэхнолаг швейнай вытворчасці, усё жыццё малюе. «Напэўна, у мяне атрымліваецца таму, што я па натуры мастак, і бачу, што хачу стварыць у выніку», — кажа яна. Працаваць з раслінамі пачынала самастойна: з кветачак, пялёсткаў, потым дайшла да саломы. Літаральна некалькі гадоў таму асвоіла квілінг (майстэрства паперакручэння), дзякуючы якому стварае свае калекцыі папяровых сукенак. За іх на рэспубліканскім конкурсе шматкаляровых выцінанак Валянціна Віннічак атрымала першае месца. Тады пра яе творы казалі: «Ва ўсіх выцінанкі ляжачыя, а ў вас стаячыя і хадзячыя».

Дзве папярэднія калекцыі рабіліся са шпалераў і былі каляровыя. Сёлета майстрыха літаральна за два тыдні стварыла калекцыю «Ванільны зефір», якую ўпершыню паказала на Дзень абароны дзяцей. Гэта шэсць новых беласнежных сукенак, выкананых у тэхніцы арыгамі з лістоў А4 і сабраных разам па модульным прынцыпе. Уборы з папярэдніх калекцый былі доўгімі, і іх дэманстравалі старэйшыя школьніцы, а сёлетнія кароценькія сукенкі паказалі вучаніцы чацвёртага класа. Іх выступленне ў бялюткіх строях параўноўвалі з палётам анёльчыкаў, а стваральніца ўпэўнена, што гэта самая шыкоўная з яе папяровых калекцый.

Рукадзельніца родам з Украіны, дзе жыла з прыёмнымі бацькамі. У Беларусі выйшла замуж, выгадавала чацвярых дзяцей, а апошнія шэсць гадоў шчодра дзеліцца сакрэтамі рамяства з выхаванцамі Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якія кажуць, што «Валянціна Вільеўна «гарыць» сваёй справай і «запальвае» нас».

— На працы шэсць гадзін з дзецьмі нешта раблю, а пасля дома — яшчэ 18, — смяецца настаўніца. — Вельмі люблю, калі яны самі пачынаюць тварыць і рэалізоўваць свае фантазіі. Вучу і з бісеру плесці, і з саломы, таму што дзеткі розных узростаў у мяне займаюцца: ад першага класа да дзявятага. Дзіўна, але ў мяне на занятках заўжды былі ў асноўным хлопчыкі. Вось і зараз са мной побач Руслан Русакевіч, які ўжо чатыры гады займаецца і свае творы выстаўляе.

Залаты вернісаж

Незвычайныя сукенкі з тканіны і саломы, якія прыцягваюць погляд і выклікаюць жаданне валодаць такой прыгажосцю, Валянціна Віннічак сама кроіць, шые і аздабляе саламянымі ўпрыгажэннямі. Аднак не прадае. Восем цудоўных строяў з калекцыі «Залаты вернісаж», якія восем гадоў назад стварылі фурор падчас свята на Аўгустоўскім канале, дазваляецца апранаць толькі яе памочніцам падчас некаторых выставак.

— Гэта мае дзеці, мая душа. Я ствараю іх дзеля задавальнення і спакою, — кажа яна.

Майстрыху з яе творамі клічуць на ўсе святы ў Астравецкім раёне і Гродзенскай вобласці. На некаторыя мерапрыемствы яна проста фізічна не паспявае даехаць. Валянціна Вільеўна атрымлівае мноства заказаў (асабліва на саламяныя капялюшыкі з цудоўнымі кветкамі), а ў былыя часы нават вясельныя ўборы шыла пад заказ. Цяпер адданая працы з саломай. Робіць не толькі дзівосныя рэчы, але і ўпрыгожвае вялізнымі аўтарскімі саламянымі снапамі Дажынкі па просьбе сельгаспрадпрыемства.

— Раблю, што трэба і што не трэба, быў бы час. Буду працаваць да 90 гадоў, а пасля выйду на пенсію і да 150 паезджу па курортах, — смяецца яна.

Матэрыял для сваіх твораў яна рыхтуе сама. Зразае, дзеліць саламянае каліва на калены, абварвае, калі трэба — фарбуе. Сартуе сыравіну па каробках, бо ў залежнасці ад часткі сцябла яна пойдзе на той ці іншы элемент.

— Капялюш можна сплесці за тыдзень, аднак увогуле займацца пляценнем з саломы розных рэчаў дорага, складана і цяжка. Карпатлівая праца патрабуе часу, уседлівасці і натхнення, але ж гэта справа акурат па мне, бо я ўпартая, — кажа Валянціна Вільеўна.

Дарэчы, эскізы новай калекцыі саламяных сукенак ад астравецкай рукадзельніцы ўжо створаны на паперы. Так што, магчыма, неўзабаве прыхільнікі яе таленту атрымаюць яшчэ адзін падарунак.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Сукенкі... з паперы і саломы

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.