Вы тут

Гальшанская дзіцячая школа мастацтваў умее здзіўляць


Гэта сцвярджэнне абсалютна справядлівае, бо тут вучацца адораныя дзеці і выкладаюць найталенавіцейшыя педагогі.  А апошнія два гады на базе школы праходзіць буйны дзіцячы конкурс «Вясёлы Жужа», прымеркаваны да фестывалю сярэднявечнай культуры «Гальшанскі замак».


Настаўнікі школы мастацтваў Дар'я Антановіч і Вікторыя Пагода. Землякі ведаюць іх таксама як выдатных выканаўцаў. Іх дуэт «Натхненне» выконвае творы класікаў і сучасных папулярных кампазітараў.

Як расказала дырэктар Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў Наталля ТРОТ, у гэтым годзе ў конкурсе прынялі ўдзел 51 установа адукацыі і каля 400 хлопчыкаў і дзяўчатак з усёй краіны. Можна было праявіць свае здольнасці ў чатырох намінацыях: спевы, ігра на музычных інструментах, мастацкае слова і жывапіс. Асаблівасць конкурсу ў тым, што ён арыентаваны на самых маленькіх жыхароў Беларусі, узростам ад 3 да 11 гадоў. Назва «Вясёлы Жужа» ўзнікла не выпадкова. У 2007 годзе Гальшанская агульнаадукацыйная школа стала гімназіяй, тады ў яе з'явілася афіцыйная эмблема — выява працавітага чмяля. Персанаж Жужа — працяг гэтай тэмы ў жартаўлівым варыянце.

Цяпер у Гальшанскай дзіцячай школе мастацтваў і класах аграгарадка Баруны на трох аддзяленнях — харавым, інструментальным і выяўленчым — вучыцца 126 дзяцей. Дарэчы, засвоіць тут можна  скрыпку, цымбалы, фартэпіяна і баян. Кожны год хто-небудзь з выпускнікоў абавязкова працягвае вучобу па спецыяльнасці. Ёсць і тыя, хто яшчэ школьнікам стаў стыпендыатам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па патрымцы таленавітай моладзі. У 2014 годзе была адзначана Елізавета Лаўрыновіч, якая займаецца выяўленчым мастацтвам, а летась — Наталля Райская, якая выдатна іграе на цымбалах.

Восем гадоў таму пры школе пад кіраўніцтвам Наталлі Каспяровіч быў арганізаваны інструментальны ансамбль «Мелодыка». Дзіцячы ўзорны калектыў удзельнічаў больш чым у 35 прэстыжных канцэртах, конкурсах І фестывалях, дзе не раз станавіўся пераможцам.

Дырэктара дзіцячай школы мастацтваў Наталлю Трот і галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталлю Скурновіч фотаапарат «убачыў» каля будынка гэтай школы.

Актыўна праяўляюць сябе не толькі вучні, але і педагагічны калектыў, які складаецца з 15 чалавек. Не так даўно гэта ўстанова адукацыі атрымала тытул «Найлепшая першасная прафсаюзная арганізацыя ў рэспубліцы». У маі вакальна-інструментальны ансамбль настаўнікаў прайшоў у фінал акцыі «Слаўся зямлі нашай светлае імя», галоўнай падзеяй якой было масавае выкананне калектывамі з усёй краіны гімна Рэспублікі Беларусь на плошчы Дзяржаўнага сцяга ў сталіцы.

А інструментальны дуэт «Натхненне» — цымбалы і фартэпіяна, — які арганізавалі маладыя педагогі Дар'я Антонавіч і Вікторыя Пагода, увайшоў у 25 найлепшых калектываў Еўропы па выніках міжнароднага конкурсу «Салют талентаў». У конкурсе прынялі ўдзел больш за 2000 чалавек, з іх — 625 інструменталістаў. Дуэт заняў першае месца на рэспубліканскім этапе ў Мінску, дзякуючы чаму прыняў удзел у гала-канцэрце ў Санкт-Пецярбургу. Добра валодаюць выканаўцы не толькі інструментам, але і майстэрствам выкладання, таму не так даўно Вікторыя Пагода стала яшчэ і пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Найлепшы па прафесіі сярод моладзі, якая працуе ў аграгарадках» у намінацыі «Настаўнік дзіцячай школы мастацтваў»

Загаловак у газеце: Галасісты чмель і «Натхненне» на міжнародным узроўні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».