Вы тут

Чаго не хапае прадпрымальным людзям для поспеху?


Пра гэта - рэгіянальны кіраўнік Бізнес-школы ІПМ у Магілёве Ганна Перунова

Бізнес-школа ІПМ — гэта, па сутнасці, цэнтр павышэння кваліфікацыі для бізнесменаў, які існуе ў Беларусі ўжо 20 гадоў. А два гады таму яго філіялы пачалі з'яўляцца і ў абласных цэнтрах. Не трэба быць прадпрымальнікам, каб разумець: існаваць у свеце рыначных адносін стыхійна нельга. Сёння, калі ўсё так імкліва мяняецца, удасканальваецца, ускладняецца, нават дыплом з адзнакай прэстыжнага эканамічнага ўніверсітэта не гарантуе, што ведаў хопіць на ўсё астатняе жыццё. Пра тое, наколькі прадпрымальным людзям цікавыя механізмы паспяховага вядзення бізнесу, хто іх у сябе ўкараняе і як развіць у сабе талент прадпрымальніка, гутарым з рэгіянальным кіраўніком магілёўскай Бізнес-школы ІПМ Ганнай ПЕРУНОВАЙ.


— Ганна, і ўсё ж такі навошта спатрэбілася адкрываць філіялы ў абласных цэнтрах? Няўжо наш айчынны бізнес так актывізаваўся, што цэнтральны офіс у Мінску не спраўляецца ўсіх адукоўваць?

— Мы проста паклапаціліся пра тое, каб якасная адукацыя была больш даступнай у рэгіёнах. Гэта дазваляе вучыцца без адрыву ад працоўнага працэсу і эканоміць час і грошы на камандзіроўках. Я не скажу, што ў нас вельмі шмат вучняў.

Сёння кампаніі перажываюць нялёгкія часы, а таму пра адукацыю сваіх супрацоўнікаў кіраўнікі думаюць не ў першую чаргу. А такога, як зараз робіцца ў Мінску, калі людзі ідуць і самі ўкладаюць грошы ў сваю адукацыю, у рэгіёнах пакуль няма. Але мы актыўна праводзім папулярызацыю навучання сярод насельніцтва, запрашаем на сустрэчы, прэзентацыі праграм, тлумачым даступнасць і важнасць бізнес-адукацыі.

— Колькі часу трэба вучыцца ў вашых школах? І хто вашы выкладчыкі?

— Нашы выкладчыкі не маюць прывязкі да нейкіх універсітэтаў. Яны акрэдытаваны ў большай ступені еўрапейскімі вучэбнымі ўстановамі. У кожнай нашай школы ёсць свае партнёры — універсітэт Вялікабрытаніі, Польшчы, Нямецкая акадэмія кантролінга і фінансаў. Мы працуем па ліцэнзіі Міністэрства адукацыі і маем магчымасць выдаваць пасведчанні аб праходжанні павышэння кваліфікацыі, даведкі аб адукацыі.

Нашы школы — гэта пэўныя кірункі, вучыцца па якіх, у залежнасці ад тэмы і пытання, можна ад 1 дня да 10 месяцаў. На 10 месяцаў разлічаны кваліфікацыйныя праграмы па менеджменце, маркетынгу і гэтак далей. Слухач пры праходжанні поўнага курса атрымлівае пасведчанне аб павышэнні кваліфікацыі.

Нашы класы абсталяваны інтэрактыўнай відэасістэмай, якая дазваляе ажыццяўляць разнастайныя сустрэчы, мерапрыемствы, арганізоўваць вучэбны працэс на адлегласці. Каля 60% часу прысвячаецца практычнай адпрацоўцы заданняў. Ніякія лекцыі і падручнікі не заменяць навыку. Мы гуляем, рашаем задачы, мадэлюем сітуацыі, якія дазваляюць выпрацоўваць пэўны механізм паводзін.

— Хто часцей за ўсё звяртаецца па вашы паслугі?

— Сярод нашых выпускнікоў дырэктар кампаніі «Тэхнапласт» Міхаіл Паддубны, топ-менеджары групы кампаній СМІТ (завод палімерных труб), «Сервалюкса», «Белвеста», «Анегі», «Санта-Брэмара». У нас пастаянна вучацца супрацоўнікі «Белтэлекама», магілёўскага прадпрыемства «Стужка», «Магілёўліфтмаша». Але ўсё яшчэ мала кампаній, якія адкрыты для зносін і гатовыя вучыцца. Пры гэтым усе разумеюць, што тых жа спецыялістаў па продажах трэба пастаянна адукоўваць, абнаўляць іх веды хоць бы раз у паўгода. Калі доўгі час круцішся ў адным і тым жа, вока, як той казаў, замыльваецца, пачынаеш дапускаць памылкі. Акрамя гэтага, ёсць маса пытанняў, якія трэба вырашаць з незадаволенымі кліентамі. Існуе нават такое паняцце, як канфлікт-менеджмент, калі вучышся паводзінам у канкрэтных сітуацыях. Гэта захоўвае ад эмацыянальнага выгарання.

— Нядаўна дзякуючы вам быў рэалізаваны вельмі карысны сацыяльны праект для людзей з абмежаванымі магчымасцямі...

— Так. Алеся Цумарава з праектам «Тэрыторыя людзей» стала адной з трох фіналістаў рэгіянальнага этапу нашага конкурсу прадпрымальніцкіх ідэй. І два з іх, у тым ліку Алеся, перамаглі ў Мінску. У нас ужо былі цікавыя сацыяльныя праекты. Напрыклад, «Дзённічак будучай мамы» Ані Цітовіч па стварэнні практычнага дапаможніка для будучай маці. Але такіх, якія датычыліся б людзей з абмежаванымі магчымасцямі, яшчэ не было. Яго сутнасць у тым, каб стварыць пляцоўку для занятасці такіх людзей і, як мінімум, аўтаматызаваць краму, якая дазволіць прадаваць зробленыя іх рукамі вырабы. Навізна ў тым, што стаўка робіцца не столькі на хэнд-мэйд, бо цяпер шмат рамеснікаў, а на тое, каб вучыцца рабіць рэчы эксклюзіўныя. Памяшканне, дарэчы, ёй ужо выдзелілі.

— Якая карысць ад удзелу ў вашым конкурсе прадпрымальных ідэй? І на што ён разлічаны?

— Ён разлічаны на тое, каб прыцягнуць як мага больш адораных людзей, ахвотных развіваць свае ідэі і адаптаваць іх да рэалій. Таму што ідэямі можна фантанаваць, але яны могуць быць нежыццяздольнымі. Не ва ўсіх атрымліваецца стварыць са сваёй ідэі сімпатычную бізнес-мадэль. Асаблівасць конкурсу ў тым, што мы вучым нашых удзельнікаў усім тым пазіцыям, якія дапамогуць развіць праект, — продажам, маркетынгу, фінансавым тонкасцям, бізнес-планаванню. У якасці экспертаў і членаў журы запрашаем людзей, якія займаюцца бізнесам, — уласнікаў, кіраўнікоў кампаній. Яны дапамагаюць накіраваць пачаткоўца, недзе яго падтрымаць. Нашым генеральным партнёрам з'яўляецца «Альфа-банк», які прадастаўляе вельмі добрыя ўмовы на банкаўскія паслугі для найбольш перспектыўных людзей. Былі выпадкі, калі нашы ўдзельнікі знаёміліся цераз нас з бізнесменамі, а потым рабілі з імі нейкія сумесныя прадукты. Пераможцы фінальных спаборніцтваў вельмі часта атрымліваюць гранты на вучобу, сертыфікаты на вучэбныя курсы, якія дазволяць «пракачаць» свае веды ў той або іншай сферы.

— Прывядзіце хоць адзін прыклад удалага супрацоўніцтва практыкуючага бізнесмена і пачаткоўца.

— У нас быў праект, які спецыялізаваўся на вытворчасці кандытарскіх вырабаў. На конкурсе дзяўчына пазнаёмілася з вытворцам плаўленых сыроў, і яны сумесна пачалі працаваць. Восенню кампанія выпусціла дэсерт з рознымі напаўняльнікамі з выявай канкурсанткі на этыкетцы. Цяпер дзяўчына працягвае развіваць свой праект.

Самае галоўнае ў конкурсе даць зразумець, што грошай лёгкіх не бывае, трэба ўвесь час працаваць. Калі цябе праінвеставалі, павінна быць цвёрдая канцэпцыя далейшага развіцця. Усё залежыць ад смеласці і жадання выходзіць на ментараў, выслухоўваць, прымаць да ведама іх парады і развівацца. Мы вельмі радуемся, калі нашы выхаванцы з няўпэўненых у сабе і ў сваёй ідэі людзей за тры месяцы падрыхтоўкі вырастаюць у вынаходнікаў, якія ведаюць сабе цану. Дзеля гэтага трэба было працаваць. Гэта каласальны рывок наперад.

Візітоўка

Бізнес-школа ІПМ створана па мадэлі еўрапейскіх устаноў бізнес-адукацыі (мае міжнародную акрэдытацыю якасці ІQA) і займаецца падрыхтоўкай бізнесменаў, кіраўнікоў і спецыялістаў па пяці кірунках (школах) — продажы, менеджмент, маркетынг, фінансавы кантроль і развіццё вытворчых кампаній. Акрамя гэтага, тут рэалізуюць праграму «Акадэмія ўласніка», якая разлічана на людзей, што працуюць у бізнесе. Навучанне вядзецца па праграме Executіve MBA універсітэта Казьмінскага (Польшча), чыім філіялам з'яўляецца бізнес-школа ІПМ, і ажыццяўляецца ў рамках гранта Фонду Еўразія.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Знайсці выйсце можна з любой сітуацыі»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.