Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


«Звязда» для Машэрава

...У той час мы, першакурснікі, яшчэ толькі пазнавалі новае сталічнае жыццё. А палове трэцяй, пасля абеду і заняткаў, выпраўляліся, напрыклад, у горад, ішлі па вуліцах Мінска ў пошуках таннейшай сталоўкі ці, можа, нават прыгод.

І яны, вядома ж, здараліся. Спусціўся я неяк з невысокага ганка нашага ўніверсітэцкага корпуса, падняў галаву і вачам не паверыў: насустрач крочыў... Машэраў. Я аслупянеў, мову адняло... Так што Пятру Міронавічу нічога не заставалася, як з усмешкай абмінуць гэты «слуп» і пайсці далей.


Трохі пазней я даведаўся, што кіраўнік краіны, першы сакратар ЦК КПБ, тут недалёка жыве, што раніцай, перад тым, як падсмажыць сваю любімую яечню, робіць невялікі праменад...

Другі раз зблізку ўбачыць Машэрава давялося падчас працы ў рэдакцыі газеты «Звязда».

Помню, набліжалася яе 60-годдзе, рыхтавалася свята. Сцэнарый яго быў вядомы: даклад, потым выступленні, канцэрт. Але хто ж канкрэтна будзе выступаць?

Выклікае мяне рэдактар і кажа, што нядрэнна было б, калі б слоў колькі сказала
дзяўчына-меліяратар, якая атрымала наш прыз.

— Ты падскоч да яе, — даручае Аркадзь Апанасавіч Тоўсцік, — пагавары, дапамажы саставіць прамоўку... Не выключана, што на свяце самае высокае начальства будзе...

І вось настае той жнівеньскі надвячорак, а спецыфічнага «шуму», можна сказаць, ніякага. Адзінае, што ў філармоніі перад пачаткам урачыстасцяў з'явіўся па-вайсковаму падцягнуты малады чалавек і папрасіў не займаць крэсла з левага боку ў чацвёртым радзе.

Не займаць дык не займаць, хай будзе вольнае.

Зала прыглушана гула, глядзела на гадзіннікі, на сцэну. І раптам з-за куліс (калі і пад'ехаў?.. Шквал апладысментаў!) выйшаў Пётр Міронавіч. Не па гадах стройны, элегантны, ён, вітаючы прысутных, стаў пляскаць у далоні сам. І ўсміхацца — той фірменнай машэраўскай усмешкай, якую можна параўнаць хіба што з гагарынскай.

Наш рэдактар адсунуў крэсла, запрашаючы госця першым сесці ў прэзідыум. Але Пётр Міронавіч, нешта шапнуўшы, прапусціў наперад яго.

Даклад Аркадзя Апанасавіча пра гісторыю газеты быў кароткі і слухаўся з цікавасцю. Потым выступалі ветэраны-звяздоўцы, прадстаўнікі грамадскасці. На добрай беларускай мове і амаль без паперкі прамаўляла і «мая» паляшучка-экскаватаршчыца. Пётр Міронавіч не зводзіў з яе вачэй, пра нешта зноў шаптаўся з рэдактарам (як потым расказваў Аркадзь Апанасавіч, дзівіўся, што выбрала гэту, можна сказаць, мужчынскую прафесію...). І апладзіраваў ёй, што называецца, ад душы!

...Сюжэт з гэтай урачыстасці прайшоў потым у вячэрніх выпусках навін па тэлебачанні і радыё, рэпартажы з мерапрыемства надрукавалі газеты.

Тое, што работу калектыву «Звязды» — самім фактам прысутнасці — высока ацаніў першы сакратар, мела шырокі рэзананс, часам — дык нават нечаканы. Ва ўсякім разе мне ў камандзіроўках часта задавалі адно і тое ж пытанне:

— Ці праўда, што Машэраў пачынае свой дзень са «Звязды»?

Для таго каб падвысіць аўтарытэт газеты, я смела адказваў:

— А як жа! «Звязда» для Пятра Міронавіча — найпершы дарадца... Да таго ж, крыніца інфармацыі.

Такой яна была для людзей Беларусі, такой — хочацца верыць — і застанецца.

Мікалай Шлома,

г. Мінск


«Усё пад кантролем»

Байку гэтую можна пачаць здалёку, з таго, што на адным падворку свінка, так бы мовіць, у ахвоту прыйшла. «Гэта ж калі яе злучыць, — падумаў гаспадар, — то праз тры месяцы, тры тыдні і тры дні ў нас парасяткі будуць. Трохі падгадаваў іх, прадаў, — глядзіш, капейка!»... А таму пасадзіў ён свінню ў каляску і на матацыкле павёз на «спатканне». Яно, як быццам, удала прайшло, але ж вынік, вырашыў гаспадар, трэба замацаваць. Гэта значыць, назаўтра зноў пасадзіць свінню ў каляску...

На трэці дзень гаспадыня ў хлеўчык — свінкі няма! Аж глядзіць — яна шлем надзела і ў калясцы сядзіць...

Прыдумка ў гэтым анекдоце калі і ёсць, то хіба пра шлем. Усё астатняе — рэаліі жыцця, бо нешта падобнае, напрыклад, і ў нас было, праўда, з «Джыпам» замест матацыкла.

...Суседка мая — наймілейшы чалавек! А ўжо ж разумніца, гаспадыня — на дзве гаспадаркі «ўпіраецца» (маці дапамога патрэбна). Ды і кулінарка якая! Наловіць муж рыбы, дык яна не проста яе пасмажыць, а катлетак налепіць-напячэ, прынясе той шчупака — нафаршыруе... Смаката!

Але ж мужыкам усё роўна самая лепшая рыба — гэта мяса.

— Крамнае неяк вельмі хутка з'ядаецца, — заўважыў аднойчы яе гаспадар. І тут жа прапанаваў, — а давай мы дзвюх свінак купім: і мяса ад іх смачнейшае, і надаўжэй расцягнецца...

— Яно так, — згадзілася жонка, — але ж свінкі як «падымуцца» — за тыдзень схуднеюць... З парсючкамі прасцей...

— Не, купім свінак, — вырашыў гаспадар. — Я сам буду іх карміць. І калі «ўскруцяцца» — сам разбірацца.

— Цікава, як гэта? — усміхнулася жонка, але ж чалавеку свайму болей не пярэчыла: свінак купілі. Муж сам варыў ім есці, сам заносіў вёдры ў хлеў і ўсё туды нешта падсыпаў — вітаміны, казаў.

Але ж гэта — першая частка «Марлезонскага балета». А зараз — другая: неяк раніцай іхнія свінкі «хлеў перавярнулі», есці не ўзялі...

— Не хвалюйся, — сказаў гаспадар сваёй палавінцы. — У мяне адгул якраз. Я знаёмага спецыяліста выклічу, ён усё «разрулюе».

Увечары і сапраўды свінкі ўжо елі — «спецыяліст прыязджаў».

І назаўтра — муж сказаў — быў з візітам таксама...

На трэці дзень гаспадыня раней трохі з работы прыйшла, адчыніла хлеўчык, а там... сапраўдная оргія: у іхніх свінак «спецыяліст» у гасцях — вялікі такі «вяпрук»...

Давай яна мужу званіць: каравул, маўляў, кныр прыбіўся!

— Не хвалюйся, — адказвае той, — мы хутка будзем.

І сапраўды, хвілін праз колькі каля хаты спыняецца «Джып», з яго выходзіць гаспадар і два крутыя дзядзькі-заводчыкі. Разам яны ідуць у хлеў, разам выводзяць адтуль вепрука: той па памосце, спакойна (бачна, што справа для яго не новая) заходзіць у «Джып».

— Ну, і што гэта было? — правёўшы гасцей вачыма, пытаецца гаспадыня.

— Ды план у мяне, — прызнаецца муж, — завесці парасят.

І тут жа, пакуль жонка не запярэчыла, ён пачынае загінаць пальцы: маўляў, некалькі маленькіх можна будзе пакінуць сабе (мяса шмат не бывае), астатніх — прадаць: маўляў, грошы будуць — і дзецям нешта купіць, і ёй (хто ж не ведае, як магічна дзейнічае на жонак фраза «купім табе»)...

У выніку гаспадыні нічога не заставалася, як з усім згадзіцца.

Цяпер на падворку ў яе дзве свінаматкі і 19 вясёлых парасят. Вядома ж, пад яго, пад мужавым, кантролем, як ён і абяцаў.

Соф'я Кусянкова,

в. Лучын, Рагачоўскі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?