Вы тут

Няправільныя ёлкі


Падчас адпачынку я пазнаёмілася ў гарах з даўншыфтарам. Ілья пайшоў з напружанай работы, каб весці больш простае жыццё. Бо лічыць, што час важнейшы за любыя грошы. І лепш працаваць менш і быць шчаслівым, чым шмат зарабляць, выконваючы нервовую працу, якая не прыносіць задавальнення. Само слова «даўншыфтынг» перакладаецца з англійскай як «пераключэнне аўтамабіля на больш нізкую перадачу».


Паспяховага рымскага імператара Дыяклеціяна, дарэчы, таксама можна назваць даўншыфтарам. Пасля 20 гадоў праўлення ён адмовіўся ад улады, пераехаў у свой маёнтак і стаў вырошчваць... капусту. Праз 8 гадоў людзі прыйшлі прасіць яго вярнуцца на трон, але пачулі ў адказ: «Калі б вы бачылі, якая ў мяне вырасла капуста, то не сталі б угаворваць».

Верачка, колькі яе ведаю, заўсёды была непапраўным «трактарам». Не паспела завяршыць адзін праект, тут жа «ўпрагалася» ў некалькі чарговых. І вось перад Новым годам яна паставіла сабе сумны дыягназ: «Я перастала атрымліваць задавальненне ад любімай працы. Ды і наогул ад жыцця». Як высветлілася, прычына ў вялікай нагрузцы, дэдлайнах. Прыяцельку з галавой накрыла такая дэпрэсія, што яна набралася смеласці і нечакана для ўсіх перайшла на паніжаную хуткасць.

Не, я не заклікаю ўсіх стаць даўншыфтарамі. Ды і сама не рвуся туды. Бо ведаю на прыкладзе сваёй сяброўкі (ёй хутка надакучыла такое размеранае існаванне), што гэта падыходзіць далёка не для кожнага чалавека. Я — за няспынны рух і развіццё, але пры ўмеранай хуткасці, без небяспечных заносаў-крайнасцяў.

Яшчэ Арыстоцель казаў, што правільнасць шляху, па якім ты ідзеш, вызначаецца тым, наколькі ты шчаслівы, ідучы па ім. Але ж уяўленне пра шчасце ў кожнага сваё...

Неяк адзін бізнесмен стаяў на пірсе ў маленькай вёсачцы і назіраў за рыбаком у старым чаўне. Калі той злавіў вялізнага тунца, павіншаваў яго з поспехам і спытаў, колькі часу патрэбна, каб злавіць такую рыбіну. «Пару гадзін, не больш, — пачуў у адказ. — Чаму ж ты не застаўся ў моры даўжэй і не злавіў яшчэ некалькі такіх рыбак? — здзівіўся бізнесмен. — Адной дастаткова, каб мая сям'я пражыла заўтрашні дзень, — адказаў той. — Але што ж ты робіш увесь астатні час? — не сунімаўся бізнесмен. — Няспешна прачынаюся, снедаю, затым іду на пару гадзін парыбачыць, па вяртанні гуляю са сваімі дзецьмі, пасля мы з маёй жонкай уладкоўваем сабе сіесту, затым шпацырую па вёсцы, увечары іграю са сваімі сябрамі на гітары. Я атрымліваю асалоду ад жыцця. — Дзіўны ты, — сказаў бізнесмен, — я дапамагу табе, ты ўсё робіш не так. Ты павінен увесь дзень рыбачыць і потым купіць сабе вялікі човен. — І што потым? — Потым ты будзеш лавіць яшчэ больш рыбы і зможаш купіць сабе некалькі чаўноў, нават караблёў, і ў адзін цудоўны дзень у цябе будзе цэлая флатылія. — А пасля? — Потым, замест таго, каб самому лавіць рыбу, ты ноймеш іншых рыбакоў. — А пасля? — Потым ты пакінеш гэтую богам забытую вёсачку і пераедзеш у вялікі горад, і, быць можа, аднойчы ты зможаш адкрыць велізарную фірму і быць там дырэктарам. — І колькі ўсё гэта зойме часу? — 15—20 гадоў. — І што ж потым? — А потым, — засмяяўся бізнесмен, — наступіць самае прыемнае. Ты зможаш прадаць сваю фірму за некалькі мільёнаў і стаць вельмі багатым. — А пасля? — Потым ты зможаш перастаць працаваць, пераедзеш у маленькую вёсачку на ўзбярэжжы, будзеш няспешна прачынацца і снедаць, трохі рыбачыць, гуляць з дзецьмі, ладзіць сіесту з жонкай, шпацыраваць па вёсцы, па вечарах іграць са сваімі сябрамі на гітары...»

«Можна страціць усё сваё жыццё, зарабляючы сабе статус, — казаў Барыс Грабеншчыкоў у сваёй перадачы. — Праблема толькі ў тым, што пакуль ты яго зарабляеш, час ідзе. І, зарабіўшы свой рай на зямлі, ты высвятляеш, што ён зусім не рай, ды і карыстацца ім ты ўжо не ў стане. Вельмі позна. Калі радасць сама ішла табе ў рукі, ты ад яе адмахваўся і зарабляў грошы. Калі ж грошы апынуліся ў кішэні, што ты можаш на іх купіць? Толькі імітацыю. Як у старым анекдоце пра няправільныя ёлкі. І ёлкі быццам бы тыя ж, і цацкі. А радасці ніякай».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.