Вы тут

Каб не праслыць «броняю»


— Хадзі да мяне, дачушка, я табе зараз торбачку маленькую пашыю з ручкай і кішэнькай. Паглядзі, які прыгожы кавалачак тканіны ў мяне ёсць. Будзеш у сваю тарбінку цацкі, лялькі складваць. У хлопцаў такой не будзе, — маці падхапіла на рукі Дарынку, прыціснула да сябе, пасадзіла на калені, пацалавала за вушкам і стала гушкаць. А Дарынка ўжо і забылася, што збіралася разам з братамі па ўюны, яна заюшылася-захапілася мацерыным шытвом абноўкі-торбачкі. У яе сяброўкі Галькі такой сумачкі і блізка не будзе, дзе яна яе возьме? Яе ж маці не шые так, як Дарынчына.


Ма­лю­нак мас­тач­кі Ган­ны Сі­лі­вон­чык.

Дарынчына маці абшывае ўсю сям'ю, ды яшчэ і заказы бярэ для людзей. Вырабы з-пад яе спрытных рук выходзяць розныя. Для суседак яна ладзіць сукенкі, кофты, камізэлькі, спадніцы, фартухі, а для сваіх сыноў — шаравары і футболкі з кішэнямі на замочках, кепкі-васьміклінкі. Бацьку маці шые толькі споднюю бялізну, бо ён жа атрымлівае на сваёй рабоце форменную адзежу з бліскучымі гузікамі. Дарынка са старэйшай сястрой ходзяць таксама ва ўсім мацерыным шытве. Сястры, якая старэйшая за Дарынку аж на дванаццаць гадоў, маці пашыла нават пінжачок з кішэнямі. Доўга марудзіла з ім, бо шыла з самай сапраўднай падкладкай — сацінавай. Дарынка навучылася адрозніваць матэрыял — яна ведае ўжо, дзе паркаль і сацін, а дзе байка і мультан, корт, чартакож або сукно, а дзе самыя далікатныя і дарагія: крэп-жаржэт, пан-бархат, шоўк.

Сярод заказчыц маці ёсць і модніцы з іншых вуліц пасёлка. Тыя прыносяць швачцы часопісы з модамі або толькі каляровыя абгорткі ад іх. Там змешчаны прыгожыя жанчыны ў незвычайных сукенках з крэп-жаржэта, пан-бархату, шоўку. Тыя модныя ўбранкі маці шые-марудзіць даўжэй, чым звычайныя — простыя. Бывае, пакрыквае на Дарынку, каб не кранала іх — «крый божа» — рукамі, бо будуць плямы. А ёй так хочацца пагладзіць той пан-бархат, а яшчэ і выпрасіць у мацеры кавалачкі на сукенкі для сваіх лялек. Але ёй дастаюцца такія малюсенькія абрэзкі-стоніжкі, што яна ледзь не плача. Ды яшчэ маці сурова выгаворвае, што і так ледзь хапае тканіны і кавалачкі трэба аддаваць заказчыцам. А Дарынка не разумее: ну навошта тым модніцам абрэзкі — яны што, таксама ў лялькі гуляюць?

— Дурненькая мая, а як плацце возьме ды парвецца, яе ж той жа тканінай накрапіць патрэбна, каб не так відаць было, — выгаворвае маці малой дачцэ, лоўка шчоўкаючы вялікімі чорнымі кравецкімі нажніцамі, адразаючы па выкрайцы з газеты новы кавалак тканіны.

Мерна стракоча нажная швейная машынка, якая стаіць перад акном, — каб было відаць Дарынчынай маці. Сама Дарынка сядзіць тут жа побач у куце пад самаробнай вешалкай на кажусе, пакрытым саматканай посцілкай, і гуляе ў лялькі. У яе распараджэнні малыя абрэзкі-стужкі рознай тканіны ад мацерыных заказаў. Старэйшая сястрычка навучыла Дарынку рабіць з іх лялькі. Дзяўчо сваіх лялек увесь час пераапранае, корміць, гушкае і складвае ў плеценую з тонкіх лазовых пруткоў калыску. Мацвей пастараўся для яе. Калыска такая лоўкая, як самая сапраўдная, толькі маленькая. Сярэдні брат Дарынкі Мацвей здольны рабіць і не такія штукі. Дарынка задаецца калыскай перад сяброўкамі па вуліцы — Галькай і Волькай, — у іх браты такой век не змайструюць, бо толькі тое і робяць, што галёкаюць ды б'юцца адзін з адным, — то за нейкую бляшанку, то за сцізорык, а то проста так. «Лепш заняліся б якой справай, як мае браты», — думае Дарынка ў сваім куце.

Дарынка таксама навучыцца шыць. А куды дзенецца? Вунь жа хлопцы навучыліся ўсё рабіць так, як іхні бацька. А маці навучыла шыць старэйшую Дарынчыну сястру. Анюта ўжо ўмее састрачыць навалачкі, сфастрыгаваць сукенку, падшыць падол або калашыны штаноў. Яна шые яшчэ не так, як маці, але то ж — маці! З ёй — ніхто не параўнаецца! Яна — самая лепшая на свеце швачка! Дарынка, як вырасце, будзе такой жа. Маці будзе радая, што яе дачка не якая-небудзь «няраха-нецюпаха», як тая Броня са станцыі, якая не можа зашыць рубец ды яшчэ сукенку носіць на два бакі.

— Не будзь Броняю, а то ні адзін хлопец на цябе не гляне і куры засмяюць, — кажа маці Дарынцы, калі яна каназіцца і не хоча вось зараз жа памяняць сукенку на чыстую, бо вельмі занялася шытвом новай адзежы для сваёй новай лялькі. Маці збірае брудную бялізну для замочвання і прання.

Броня — адна з заказчыц. Смешная такая. Дарынка запомніла, як яна прыйшла да іх першы раз. Назвалася Броняй. Яе прыслалі на іхнюю станцыю працаваць дзяжурнай. Родам аказалася з-пад Калінкавіч. У прыстанцыйнай казарме ёй выдзелілі пакой. Распытала пра ўсё гэта маці новую заказчыцу — і давай прымерку рабіць маладзіцы. Мерала, мерала, круціла тую Броню так і гэтак, потым не вытрымала і кажа:

— Ці я сляпая стала, ці мо мне здаецца: што ета за плацце на табе, дзеўка? Спераду чыстае, а ззаду — нейкае замурзанае. Ты яго перадам назад надзела, ці што? І вытачкі ззаду, як наперадзе, і кішэні-падманы такія ж?

А тая ў адказ рагоча:

— Ето ж, цётка Прохараўна, у мяне плацце на два бакі. Я так усё нашу: замурзаю перад, дык назад яго надзяваю, каб не відно было, а калі ўжо і ззаду замурзаю, тады — няма куды дзявацца — мыю.

Паглядзела Дарынчына маці на сваю новую заказчыцу, як на малахольную якую, і пытае:

— Дык і як табе шыць?

— А шыйце мне, Прохаравенька, двухбаковае плацце — з двума перадамі. Пашыеце етае, я шчэ прынясу тканіны — крэп-жаржэту, на выхадное. І яго мне пашыеце на два бакі, бо як жа мыць яго — злезе-паліняе ўвесь фасон.

Ведама, маці расказала пра «плацце на два бакі» іншым сваім кліенткам. І пайшла па пасёлку гуляць плётка-забаўка пра Броню і яе незвычайныя ўбранкі. Мала таго, дык дзяўчат, якія былі не вельмі акуратнымі ў адзенні і ў якіх у хаце не «зіхацела» ад чысціні, сталі зваць за вочы «бронямі». А пра хлопцаў-кавалераў, якія заляцаліся да іх, потым жаніліся, казалі: «Вось адхапіў сабе броню, дык адхапіў».

Каб не праслыць «броняю», Дарынка кідае свае забаўкі і бяжыць мяняць сукенку.

Раіса ДЗЕЙКУН

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.