Вы тут

У пошуку розніцы паміж Гродна і Рымам


Часам нават адно пытанне можа завесці туды, куды не завядзе тузін іншых. Варта толькі, каб было яно неадчэпным.


Зоф'я Налкоўская, самая прыгожая пісьменніца ХХ стагоддзя, у маладосці.

Памятаецца, Марк Твэн сваім падарожжам у Рым абураўся так з'едліва і таленавіта, што гэта яго абурэнне разам з сотнямі старонак іншых падарожных нататак распаўсюджвалася па падпісцы. «Што я магу ўбачыць у Рыме такога, чаго не бачылі іншыя? — пытаў ён. — Да чаго такога я магу тут дакрануцца, чаго не краналіся да мяне? Што я тут магу зразумець, адчуць, пра што даведацца, чым захапіцца раней, чым гэта здарыцца з некім яшчэ?» І адказваў: «Нічога». Бо лічыў асалодай бачыць у падарожжах нешта такое, чаго ніхто да яго не бачыў. Любая іншая асалода ў параўнанні з гэтай падавалася яму прэснай, любое іншае шчасце — танным.

Едзем, спадарства, у Гродна — амаль што Рым. Што мы можам убачыць у ім такога, чаго не бачылі іншыя? Да чаго такога можам там дакрануцца, чаго не краналі да нас? Што там зразумеем, адчуем, чым захопімся ў эксклюзіўным парадку?

Падрыхтаваўшыся да падарожжа як след, некаторыя адметнасці гэтага горада можна ўбачыць іншымі вачыма. Прачытаўшы, напрыклад, эсэ «Гродна» польскай пісьменніцы Зоф'і Налкоўскай — невялічкае памерам і вельмі важкае зместам.

Першы раз яна ўбачыла Гродна ў 1922-м, яшчэ не папраўленае пасля Першай сусветнай, ды ў лістападзе — у гэты, вобразна кажучы, позні вечар года, калі думкі пераймаюць адценні ў аб'ектаў прыроды, у час, калі, бадай, ніякі горад у нашай мясцовасці ўпершыню лепш не бачыць. Стагоддзі малявалі на гэтым месцы чароўныя вобразы, пісала яна, стагоддзямі яны тут мяняліся, а цяпер пануюць бязладдзе і бруд беднай сучаснай вуліцы. Шкарлупіна штодзённасці завесіла вывескамі дзвярныя рамы палацаў, зафарбавала каштоўныя фрэскі ў касцёлах, замуравала ганак, каб зладзіць тут якую-небудзь крамку.

Пражыўшы тут менш чым пяць гадоў, з «вечара» 1922-га да «раніцы» 1927-га, Зоф'я Налкоўская прыехала сюды яшчэ на некалькі дзён у 1929-м, каб зрабіць прыгожую прамову на адкрыцці помніка Элізе Ажэшцы, а потым... Што б яна пасля ні пісала, было адбіткам часу, праведзенага тут. Яшчэ і ў самым канцы 1954-га, за тыдзень да смерці, яна ўспамінала горад, які даў ёй сюжэты, герояў, характары, лёсы, эпітэты і параўнанні.

Акадэмічная, 15. Зоф'я Налкоўская жыла ў гэтым доме на другім паверсе ў кватэры з балконам.

Яна яго палюбіла. Ён нагадваў ёй цудоўны палімпсест. Пройдземся па ім, гледзячы на ўсё яе вачыма.

Вось старая знаёмая цётка Каложа — «заўсёды дзіўны, пачарнелы клейнот». Стаіць «высока на самым грэбні берага, пануючы над ваколіцай — моцна ўчапіўшыся ў саменькі край бездані наднёманскага яра».

Самае прыгожае месца ў Гродне — Стары замак. Ад ранейшых яго сцен захаваліся рэшткі чорнай цэглы і цяжкіх валуноў — «асабліва там, дзе ў развіліне Нёмана і Гараднічанкі ўзвышалася некалі знешняя вежа». Вы ведалі, што Стары замак — не самы стары, што перабудаваны Баторыем, ён захаваў у сабе ад папярэдніка толькі браму, праз якую ў час жыцця ў Гродне Налкоўскай траплялі ў замак на ваенныя балі? Тэраса замкавага двара, абкружаная некалі сценамі і вежамі, з'яўляецца месцам «невыказнага хараства» — «цудам, які быццам лунае ў паветры, адкрыты ў чароўную далячынь». Зірніце зверху на «глыбокі цёмны Нёман»: вам таксама здаецца, што ён «на павароце робіцца серабрыста-белым»?

Кінуўшы вокам на былыя магнацкія рэзідэнцыі, «якія разбурыў дробны гандаль», на якіх «вісяць шыльды крам», не, не ды падумаеш: ці не сучасніца нам Налкоўская? Прынамсі, з гэтым сваім эсэ спадарыня Зоф'я можа стаць для вандроўніка ў Гродне найлепшым экскурсаводам. Мо варта ўжо надрукаваць яго асобнай брашурай ды прадаваць замест даведнікаў пра горад?..

Але ёсць тут месца, дзе Зоф'я Налкоўская прысутнічае літаральна, — у рукапісных старонках дзённіка і фотаздымках, арыгіналах першадрукаў яе твораў і афіш спектакляў, пастаўленых па яе п'есах, ва ўсім тым, што сабрана з любоўю да яе асобы і творчасці. Яна пасялілася назаўсёды ў музеі, які даследчыца яе слова і лёсу прафесар Святлана Мусіенка стварыла на ўласныя сродкі, сабраўшы ў Беларусі і Польшчы не толькі дакументальныя сведчанні, але і прадметы побыту, шматлікія ўспаміны, з якімі тая эпоха — амаль стагоддзе таму — уяўляецца значна лягчэй, а пісьменніца — бачыцца, як жывая.

Арыгінал першадруку эсэ «Гродна».

Вось яна — яе бронзавы бюст і чорна-белыя фотаздымкі. Самая прыгожая пісьменніца ХХ стагоддзя. Настолькі прыгожая (і пры гэтым разумная!), што ніводзін мужчына не здольны не закахацца. Жандармскі падпалкоўнік Ян Гажахоўскі таксама не здолеў — ні перад прыгажосцю ўстаяць, ні падпарадкаваць сабе яе розум. Насуперак дзейнасці мужа, яго пасадзе і перакананням, яна абараняе правы вязняў мясцовай турмы, адной з самых страшных на нашым кавалку Еўропы. Яна занатоўвае ў дзённік іх лёсы, пераносіць іх гісторыі на старонкі твораў і робіць такую выснову: не толькі злачынцы павінны несці пакаранне за свае ўчынкі, але і грамадства ўвогуле — бо стварыла для гэтага перадумовы.

Вось кушэтка — бо пані Зоф'я любіла пісаць, паклаўшы на яе ногі, «як дама перыяду Дырэкторыі». Вось будзільнік, зроблены ў Гродне, — раней тут быў гадзіннікавы завод. Вось філіжанка для кавы — такая самая, як тады. І друкарская машынка, і крэслы, і шафа, поўная кніг. Мо пані Зоф'я сышла ненадоўга, мо выбралася пахадзіць уздоўж Гараднічанкі, «што гарэзліва пятляе па горадзе, абы толькі дабрацца да Нёмана», або, крочачы вузкімі вулкамі, падумаць пра нязвыклае перапляценне «ўсіх сіл» і тое, што «ўласціва толькі такому гораду і таму здаецца непаўторным». Яна дакладна тут, недзе побач.

Паслядоўнікам

Музей Зоф'і Налкоўскай у Гродне — адзіны такі ў свеце. У Польшчы, у Гурках Валоменскіх, дзе пісьменніца нарадзілася, існуе музей сям'і Налкоўскіх — бацькі, Вацлава Налкоўскага, выдатнага навукоўца-географа, палітыка і публіцыста, і дочак — Гані Налкоўскай, вядомага скульптара, работы якой захоўваюцца ў Палацы на вадзе ў Лазенках, і Зоф'і Налкоўскай, пісьменніцы і дэмакраткі. Асобны яе музей існуе толькі ў нас. Чаму? «Пяць гадоў жыцця Налкоўскай на крэсах знайшлі адлюстраванне ў паўвекавым перыядзе яе творчасці», — чытаю ў працы прафесара Святланы Мусіенкі, па запрашэнні якой і наведваецца згаданы музей. «...Чым далей у мінулае адыходзіў гродзенскі перыяд яе жыцця, тым актыўней яго падзеі выкарыстоўваліся ў яе творах», — чытаю далей. Гэта ўсё, безумоўна, адказы, але ў людзей цікаўных заўсёды ёсць прага да розных удакладненняў.

Творчасць гэтай пісьменніцы, спрэс палітызаваная, мае на дзіва простую форму — амаль што «пункціры», але змест, укладзены ў «пункціры», з'яўляецца ўзорам: вучыцеся — чым прасцей, тым мацней. Але каб так пісаць раманы — ствараючы ў міжрадкоўі псіхалагічныя мадэлі і філасофскія сімвалы, — трэба перажыць тое, што давялося перажыць пані Зоф'і. Нават за тыя няпоўныя пяць гадоў, пражытыя ёю ў Гродне.

Экскурсія, зладжаная ў музеі Зоф'і Налкоўскай прафесарам Святланай Мусіенкай, нагадала захапляльную лекцыю па гісторыі, літаратуры, гісторыі літаратуры і гісторыях жыццяў вялікіх жанчын, лёсы якіх з лёсам Гродна ўзаемадатычныя, — Элізы Ажэшкі, Стэфаніі Семпалоўскай, Зоф'і Налкоўскай...

Музей размешчаны ў будынку ўніверсітэта імя Янкі Купалы, але наведваюць яго не толькі студэнты-паланісты. Аўтарка гэтых радкоў выказвае вялікую ўдзячнасць гаспадыні музея — за справу, якую яна вядзе, за памяць, якую яна захоўвае, за веды, якія яна распаўсюджвае.

Рамантыкам

Што занесла Зоф'ю Налкоўскую, на той час ужо даволі вядомую ў Польшчы 38-гадовую пісьменніцу, сюды, «у глухамань»? Яна выйшла замуж (другі раз, гэтаксама няўдала і ненадоўга, як першы, але не пра тое размова) і прыехала ў Гродна за мужам-вайскоўцам. Іх кватэра займала другі паверх у доме па сённяшняй Акадэмічнай, 15. І варта адшукаць гэты дом, бо дзверы яго, разныя, драўляныя, — тыя самыя, што былі і тады. Тут, каля дома, дзе жылі жандармскі падпалкоўнік Ян Гажахоўскі з жонкай-пісьменніцай, спыняліся карэты і першыя ў Гродне аўтамабілі. Cамы першы, дарэчы, належаў ім. Калі ў Гродна прыязджаў Юзаф Пілсудскі (здаецца, 13 кастрычніка 1923 года), ён гасцяваў у Налкоўскай і Гажахоўскага — уваходзіў у гэтыя дзверы. Іх варта ўбачыць, як варта бачыць шматлікія старыя дзверы ў Рыме або Парыжы. Сфатаграфуйцеся каля іх на памяць аб Гродне, якога раней не ведалі.

Падарожнічала Святлана ВОЦІНАВА

Каментары

Вялікі дзякуй Святлане за артыкул-даследаванне, шмат новага даведалася пра Зоф'ю Налкоўскую, вельмі лірычна, пранікнёна. І яшчэ, трэба любіць Гродна, каб так шчыра адчуваць і разумець яго ментальнасць. Не ва ўсіх атрымоўваецца, атрымлівалася ў Зоф'і Налкоўскай, атрымалася ў Святланы Воцінавай.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».