Вы тут

Раўнапраўе места і горада


Падаецца, што нарэшце з’явілася літаратура для той катэгорыі чытачоў, якія даўно чакалі чагосьці адметнага на беларускім літаратурным рынку. «Урб@н.М: Адзін дзень не майго жыцця» — так называецца новы раман маладой беларускай пісьменніцы Людмілы Шчэрбы, выдадзены ў выдавецтве А. Янушкевіча. Раман-правакацыя, які нікога не пакіне абыякавым. Ці, як яго абвясціла сама аўтарка, — нанараман-правакARTцыя.


Калі ў кансерватыўнай аўдыторыі твор выклікае абурэнне разняволенасцю нораваў, то чытачоў з сучаснымі поглядамі зачэпіць набліжанасцю да праўды жыцця. Тое ж і з мовай дыялогаў: адны не назавуць яе высокамастацкай, іншыя скажуць, што яна жыццёвая. Л. Шчэрба імкнецца трымаць раўнавагу паміж дазволеным і тым, куды каноны высокай літаратуры апускацца не дазваляюць, хаця нярэдка і небяспечна балансуе на самай мяжы. Раман з любоўнай лініяй у аснове сюжэта, хаця яго і нельга назваць жаночым. Як заўважае сам аўтар, няма гендарных адрозненняў у літаратуры, бо піша душа, а яна не мае полу і ўзросту. Хаця ўзроставы цэнз 16+ на яго ставіць варта: некаторыя сцэны і дыялогі да гэтага прымушаюць. Для каго ж раман? Для моладзі, якая жыве ў сучасным свеце мабільных тэхналогій, разбіраецца ў модзе, трэндах, для людзей, якія маюць свой стыль і ўласнае меркаванне. Вылучаецца раман Л. Шчэрбы на фоне сучаснай літаратурнай плыні найперш адметным стылем. Пісьменніца паспрабавала зруйнаваць у літаратуры ўсе шаблоны і напісала твор у жанры мэшап (ад англ. mash-up — «змешваць кампазіцыі»). Гэтая ідэя прыйшла са свету камп’ютарных тэхналогій і музычных рэміксаў, дзе выкарыстоўваюць элементы з некалькіх розных крыніц і аб’ядноўваюць іх у новы арыгінальны твор. Хаця такое азначэнне добра ўспрымаецца і па-беларуску: «мешаніна», сумесь розных жанраў. Гэтакі філасофска-рамантычны постмадэрнізм з уключэннем мастацкіх элементаў іншых стыляў.

На што адразу звяртаеш увагу? Твор напісаны не коратка, але лаканічна. Апісанне герояў трапнае і сціплае, як у сінопсісе ці ў п’есе. Асобная знаходка — дыялогі, пададзеныя ў выглядзе паведамленняў у сацсетках ці на інтэрнэт-форумах. Прыём, можа, і не новы (успомнім класічныя творы, дзе для раскрыцця пачуццяў і адносін паміж героямі ў тэксце прыводзілася ліставанне), але форма падачы дакладна будзе даспадобы сучаснай моладзі, якая багата часу бавіць менавіта ў сацыяльных сетках.

Раздзелы ў рамане кароткія, што таксама адлюстроўвае прыярытэты сучаснага чалавека, які чытае збольшага толькі кароткія паведамленні ў стужках навінаў. Гэта вымагае і пэўнай «мастацкай канцэнтрацыі»: кожны абзац і сказ прадуманыя, напісаныя гучна, напоўненыя метафарычнай глыбінёй: «Куды бегчы, калі застрэліла свой дом? Ва ўпор. Грукатам дзвярэй». Галоўная гераіня як хакер урываецца ў жыццё свайго абранніка і «ўзламвае» яму мозг.

Кніга ўмоўна падзелена на дзве часткі, гэта «раман у рамане»: адзін напісаны аўтарам, другі — героем. Падзеі разгортваюцца ў 2012 — 2014 і, адпаведна, у 1642 — 1654 гадах у Мінску, аўтар паказвае і прыгажосць старога горада з яго вузкімі вулачкамі, і горад сучасны, у якім увесь цяжар гарадскога ціску кожным міліметрам ртутнага слупка абрынаецца на чалавека. «Горад = М. Былое Места стала горадам, Урбанам і, як ні збягала ад першаснай М, — Мегаполісам». Увогуле, пачатак кнігі нагадвае псіхадэлічнае кіно, дзе адна яркая карцінка змяняцца іншай і глядач «пераскоквае» ў розныя часавыя пласты. Аўтар «закідвае» сваіх герояў у іншых іпастасях на чатыры стагоддзі назад, у 1648 год — у Баркалабава, Смаленск, Магілёў… Ваенны паход цара Аляксея Міхайлавіча на беларускія землі ў 1654 і абарона ўсходніх зямель Вялікага Княства Літоўскага ад маскоўскіх войскаў, бітва пад Лоевам, абарона Магілёва, Радзівілы і Сапегі. Адпаведна, раман можа быць цікавы і аматарам гістарычнай прозы.

Уражваюць апісаныя ў творы гісторыі дзяцей, якія праходзяць курс хіміятэрапіі. Яны, як маленькія філосафы, шукаюць простыя радасці ў сваёй няпростай штодзённасці. Кранальным падаецца і разважанне галоўнай гераіні пра немагчымасць нарадзіць дзіця, што гучыць для яе як прысуд. І хаця сучасная медыцына вырашае такія праблемы, але «чалавек — не вядро з запчасткамі, для яго адных тэхналогій, відаць, недастаткова».

Знайшлося тут месца і дэтэктыўнай лініі: героі выяўляюць, што ў іх сем’ях захоўваюцца старонкі Баркалабаўскага летапісу, а неўзабаве гэты скарб выкрадаюць. Аматарам філасофскай прозы прыйдзецца даспадобы біблейская прытчавая частка, а філолагаў зацікавяць развагі галоўнай гераіні пра «раўнапраўе ў моўных канструкцыях».

Алег ГРУШЭЦКІ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».