Вы тут

«Нi адзiн зварот не будзе пакiнуты без увагi»


Нi адзiн зварот не будзе пакiнуты без увагi, паабяцаў памочнiк Прэзiдэнта — галоўны iнспектар па Мiнскай вобласцi Анатоль Iсачанка падчас прыёму грамадзян у Любанскiм раёне. Мясцовыя ўлады з разуменнем ставяцца да праблем людзей, iмкнуцца iм дапамагчы, падкрэслiў Анатоль Мiхайлавiч. Але часам узнiкаюць сiтуацыi, якiя немагчыма вырашыць на ўзроўнi райвыканкама.


Таму патрэбна ўмяшанне трэцяга боку, так званага трацейскага суддзi, якi б расставiў правiльна акцэнты. «Калi адразу гэта не атрымлiваецца, то можна падключыць паўторна спецыялiстаў i разгледзець пытанне пад iншым вуглом», — лiчыць Анатоль Iсачанка. Разам з тым ён адзначыў, што кожную праблему трэба разглядаць у межах дзеючага заканадаўства. Часам сустракаюцца факты, якiя патрабуюць асаблiвага, чалавечага падыходу.

Жыхар аграгарадка Малыя Гарадзяцiчы Уладзiмiр Пекар праходзiў тэрмiновую службу ў радах Савецкай армii ў горадзе Тэрмез. Адтуль яго накiравалi ў Афганiстан. Да нядаўняга часу ён лiчыўся ветэранам баявых дзеянняў на тэрыторыi iншых дзяржаў. Але пасля перарэгiстрацыi пасведчання страцiў гэты статус. Справа ў тым, што адсутнiчаюць дакументы, якiя пацвярджалi б факт службы ў «гарачых кропках». «У мяне ёсць фатаграфii, якiя сведчаць, што я служыў у Афганiстане, гэта могуць пацвердзiць i саслужыўцы», — канстатаваў Уладзiмiр Уладзiмiравiч.

Як адзначыў старшыня райвыканкама Сяргей Казецкi, воiн-iнтэрнацыяналiст не пераследуе меркантыльныя iнтарэсы, атрыманне льгот. Проста яму крыўдна, што не прызнаюць яго заслугi. «Калi нейкi вайсковы чын у свой час забыў падпiсаць загады i аформiць дакументы належным чынам, то гэта не нагода пускаць пытанне на самацёк. Мы будзем займацца гэтай праблемай i выходзiць на вышэйшы ўзровень. Тым больш што такiя прэтэндэнты ў вобласцi ёсць», — адзначыў Анатоль Iсачанка.

У Мiкалая Божкi забiлi сына. Забойцу асудзiлi на шаснаццаць гадоў, цяпер ён адбывае турэмнае пакаранне. Паводле рашэння суда злачынца павiнен кампенсаваць пацярпеламу маральную шкоду. Зберажэннi, якiя былi ў Мiкалая Карпавiча, пайшлi на пахаванне сына. Цяпер патрэбны сродкi на помнiк. Ды судовыя выканаўцы не могуць спагнаць з забойцы грошы. Як яны растлумачылi, нi ў асуджанага, нi ў яго жонкi няма нiякай маёмасцi: жылi на здымнай кватэры. Удалося прадаць толькi сотавы тэлефон, а выручаныя ад яго грошы вярнуць iстцу — крыху больш за 9 рублёў.

Анатоль Iсачанка даручыў спецыялiстам яшчэ раз вярнуцца да гэтай тэмы, высветлiць, чым займаецца асуджаны ў калонii, колькi зарабляе. Памочнiк Прэзiдэнта лiчыць, што можна знайсцi выхад з любой складанай сiтуацыi.

Кацярына Мароўская з вёскi Даросiна заклапочана закрыццём у населеным пункце вучэбна-педагагiчнага комплексу «дзiцячы сад-базавая школа». Жанчыну дэлегавалi на прыём бацькi школьнiкаў. Ва ўстанове адукацыi вучыцца 48 дзяцей, яшчэ 20 наведваюць дзiцячы сад. Па словах Кацярыны Аляксандраўны, сюды пераехалi некалькi шматдзетных сем'яў, будуецца жывёлагадоўчы комплекс, дзе з'явяцца новыя рабочыя месцы. Таму, на яе думку, дэмаграфiчная сiтуацыя будзе паляпшацца. З прапановай райвыканкама падвозiць дзяцей у школу пасёлка Урэчча бацькi не пагаджаюцца. Маўляў, далёка, там няма харчавальнага блока i якасць ежы горшая, чым у Даросiне. Акрамя таго, навучанне вядзецца на рускай мове. У той час як iх школа — беларускамоўная. Разам з тым старшыня райвыканкама растлумачыў, што бацькоў не ўдалося сабраць на агульны сход для абмеркавання сiтуацыi. Прыйшоў толькi адзiн чалавек.

Прадстаўнiк Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта прапанаваў мясцовым кiраўнiкам больш уважлiва вывучыць праблему, падысцi да яе вырашэння комплексна. У прыватнасцi, глыбей прааналiзаваць дэмаграфiчную сiтуацыю ў населеным пункце, яшчэ раз сабраць бацькоў на сход пад роспiс. I разам выпрацаваць варыянт, якi б задаволiў абодва бакi.

Падчас прыёму Анатоль Iсачанка выслухаў дзевяць чалавек. Заяўнiкi падымалi пытаннi асфальтавання вулiцы, узнаўлення руху аўтобуснага маршрута, заканчэння будаўнiцтва дома за кошт iльготнага крэдыту, стрымлiвання росту цэн, афармлення права ўстаноўчых дакументаў на жылы дом i iншыя.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Умець слухаць i рабiць вывады

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.