Вы тут

Як адпачыць і нічога «не падчапіць»


Сусветная арганізацыя аховы здароўя не рэкамендуе ўводзіць абмежаванні на паездкі або гандаль у сувязі з эпідсітуацыяй у розных краінах, аднак нагадвае ўсім, хто выязджае за мяжу, цікавіцца сітуацыяй з інфекцыямі і адпаведнымі мерамі засцярогі.


Пры наведванні краін з цёплым кліматам — Індыі, Тайланда, Егіпта, В'етнама і іншых істотна ўзрастае рызыка заражэння вірусным гепатытам А, вострымі кішэчнымі, у тым ліку энтэравіруснымі інфекцыямі. Калі ў нашай краіне амаль адсутнічае рызыка заражэння адром, то ў 15 краінах ЕС (Аўстрыі, Балгарыі, Бельгіі, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Партугаліі, Румыніі, Францыі, Чэхіі, Швецыі) яна застаецца высокай. З мінулага года працягваецца ўспышка адру ў той жа Румыніі, дзе захварэла каля 6,5 тысячы чалавек, сярод якіх ёсць і памерлыя. Не выключаны і завоз са спякотных краін малярыі і паразітарных захворванняў. А падчас наведвання такіх расійскіх рэгіёнаў, як Сібір і Далёкі Усход, дзе даволі шмат інфіцыраваных кляшчоў, можна заразіцца клешчавым энцэфалітам. Заразіцца, дарэчы, можна не толькі ад укусу, але і пасля ўжывання сырога малака авечкі або казы. Дзякуючы масавай імунізацыі захваральнасць на поліяміэліт знізілася ў свеце на 99 працэнтаў, аднак да таго часу, пакуль застаецца хоць бы адно інфіцыраванае дзіця, рызыка заражэння захоўваецца. Высокая яна сёння ў Афганістане, Пакістане і Нігерыі.

Апошнія гады сусветная супольнасць была занепакоена маштабнай эпідэміяй ліхаманкі Эбола ў краінах Заходняй Афрыкі. Падчас апошняй эпідэміі ў свеце было зарэгістравана каля 30 тысяч выпадкаў гэтай інфекцыі, і амаль кожны трэці выпадак завяршыўся лятальным канцом. Небяспечная інфекцыя была завезена ў Іспанію, ЗША, Італію, Вялікабрытанію. У маі зарэгістравана ўспышка інфекцыі ў Конга.

У 48 краінах Паўднёваамерыканскага рэгіёна адзначаецца зараз неспрыяльная эпідсітуацыя, звязаная з ліхаманкай Зіка — усяго зарэгістравана звыш 550 тысяч выпадкаў захворвання, якое рэгіструецца і ў шэрагу дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі і Ціхаакіянскага рэгіёна. Ліхаманка Зіка ахапіла ўжо 62 краіны.

Са студзеня гэтага года афіцыйна аб'яўлена аб успышцы жоўтай ліхаманкі ў Бразіліі. Выпадкі зарэгістраваныя ў 188 муніцыпалітэтах краіны, ёсць яны і ў Рыа-дэ-Жанэйра. У Цэнтральным Кітаі і Тайвані тым часам выяўляюцца новыя выпадкі заражэння птушыным грыпам.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя інфармуе аб буйных успышках халеры ў Емене і Паўднёвым Судане.

У Нігерыі, Чадзе, Камеруне, Тога ёсць выпадкі менінгіту, у тым ліку лятальныя. З больш падрабязнай інфармацыяй аб эпідэміялагічнай сітуацыі ў свеце можна азнаёміцца на сайтах Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя і РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі.

— Любая краіна, дзе ёсць міжнародны аэрапорт, знаходзіцца ў зоне рызыкі, — тлумачыць вядучы навуковы супрацоўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Аляксандр ПЯТКЕВІЧ. — Таму не важна, на якой адлегласці знаходзіцца краіна, дзе выяўлены той ці іншы сіндром, — усё гэта можа датычыцца і нас.


Няхітрыя парады

Вытрымлівайце правілы асабістай гігіены. Дасканала мыйце рукі — доўга намыльвайце і некалькі разоў змывайце. Карыстайцеся вільготнымі сурвэткамі. Набывайце ежу такую, якую ведаеце, і там, дзе нішто не выклікае сумненняў. Мяса, рыбу вельмі добра гатуйце. Захоўвайце гатовыя стравы ў халадзільніку. Не пераядайце. Не накідвайцеся на экзатычную ежу. Каштуйце навінкі паступова. Рыс і морапрадукты — выдатная ежа для мясцовых жыхароў, а для нас два тыдні такога харчавання могуць каштаваць здароўя. Карыстайцеся пітной бутыляванай вадой. Майце на ўвазе, што жывёлы, напрыклад вярблюды, — прыродны рэзервуар інфекцый. Абараняцца трэба і ад насякомых: карыстайцеся рэпелентамі. Аддавайце перавагу гарадскім раёнам перад сельскімі. Там, дзе шмат камароў, на вокнах павінна быць маскітная сетка. Калі вам неабходна нейкая прышчэпка, зрабіце яе ў сваёй паліклініцы. Што да турагенцтваў, то іх рэгулярна інфармуюць аб эпідсітуацыі ў свеце, а яны ў сваю чаргу — сваіх кліентаў. Чытайце ўважліва памяткі, якія вам выдаюць, задавайце пытанні тураператару.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.